Што нам рыхтуе снежань?

№ 48 (814) 01.12.2007 - 07.12.2007 г

27 лістапада Нацыянальны прэс-цэнтр правёў традыцыйную штомесячную прэс-канферэнцыю “Аб асноўных мерапрыемствах Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, што прайшлі ў лістападзе 2007 года, і планах на снежань 2007 года”.

Гэтым разам усіх прысутных прымаў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, які ў апошні восеньскі дзень адзначае свой 75-гадовы юбілей. Аднак гаворка ішла не толькі пра юбілей тэатра — узгадаліся і такія буйныя мерапрыемствы, як Міжнародны тэатральны фестываль “Панарама”, Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, шэраг іншых буйных падзей, пра якія ў мінулым месяцы “К” шмат пісала на сваіх старонках.
Начальнік упраўлення устаноў культуры і народнай творчасці В.Чэрнік, у прыватнасці, распавёў пра фестываль “Майстры мастацтваў — працаўнікам вёскі”. У гэтым годзе фестываль ахапіў 12 раёнаў з усіх шасці абласцей краіны, дзе было дадзена 39 канцэртаў, якія наведалі 5 тысяч гледачоў. Сёлета склаўся аптымальны “фармат” фестывалю, калі калектывы наведваюць з канцэртамі два аграгарадкі раёна і — як фінальны “акорд”— райцэнтр. Сярод самых актыўных — Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны калектыў танца “Харошкі”, ансамблі народнай песні “Свята” і “Купалінка”, Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча і іншыя. Сёлета заключныя мерапрыемствы фестывалю прайшлі ў Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці, а ў 2008-м яны распачнуцца з Чэрыкаўскага раёна.
Па словах спецыяліста ўпраўлення мастацтваў Уладзіміра Купрыенкі, “гарачая” пара чакае ў снежні і прыхільнікаў тэатральнага мастацтва: за месяц тэатры рэспублікі пакажуць сваім гледачам ажно 17 прэм’ерных спектакляў! Сярод тых, на якія варта звярнуць увагу ў перадсвяточнай віхуры, — “Слуга двух паноў” К.Гальдоні ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ў пастаноўцы шведскага рэжысёра А.Нардштрэма, “Каралева снягоў” Г.-Х.Андэрсена ў Гродзенскім абласным тэатры лялек і “Пінокіо” К.Калодзі ў Дзяржаўным тэатры лялек рэжысёра А.Жугжды, а таксама дзве пастаноўкі Н.Башавай: “Русалачка” — у Магілёўскім абласным драматычным тэатры і “Шчаўкунок” — у Рэспубліканскім тэатры юнага гледача.