"Арабская ноч" у Купалаўскім

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Днямі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбыўся прэм’ерны паказ спектакля "Арабская ноч" па п’есе сучаснага нямецкага драматурга Роланда Шымельпфеніга.

Рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакля з’яўляецца Аляксандр Янушкевіч. Над спектаклем таксама працуюць мастак-пастаноўшчык Аляксандр Вахрамееў, кампазітар Аляксандр Літвіноўскі, а пераклад тэкста з нямецкай мовы на беларускую зрабіла Дзіяна Даражок.

/i/content/pi/cult/416/8496/1-3.jpeg

"Арабская ноч" — гэта таямнічая гісторыя з лёгкім усходнім каларытам, у якой з’ядналіся лёсы пяці малазнаёмых жыхароў сучаснага гарадскога квартала. Усе яны ў спякотны летні вечар воляй лёсу апынуліся ў адным і тым жа шматпавярховым жылым доме, каб перажыць ланцужок непрадказальных падзей на мяжы явы і сну…

У спектаклі заняты маладыя артысты тэатра Валянціна Гарцуева, Кацярына Яворская, Аляксандр Казела, Аляксандр Малчанаў, Вікторыя Чаўлытка, Марына Гардзіёнак, Аляксей Чарнігін, Аляксандр Паўлаў, Сяргей Чуб ды Сяргей Рудэня.

На думку Аляксандра Янушкевіча, тэатральная прэм’ера абавязкова прыйдзецца даспадобы мінчанам і гасцям горада.

— Мне падабаецца, што ў п’есе ёсць надзея на тое, што ўсё атрымаецца, што шчасце чалавека з іншым чалавекам магчымае, — кажа рэжысёр-пастаноўшчык "Арабскай ночы". — І я веру, што гэтае шчасце цалкам магчыма знайсці — калі не ў дваццаць гадоў, то ў трыццаць, а калі не ў трыццаць, то ў сорак... Галоўнае — верыць і спадзявацца. Такім чынам наш спектакль — гэта "своеасаблівая" казка для дарослых кшталту "Тысячы і адной ночы", у якой фінал абавязкова будзе шчаслівы…

Ю.Ч.