Арт-кватэра Сеўрука

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

На гэтым тыдні першых наведвальнікаў прыняў абноўлены культурна-асветніцкі аб’ект Нясвіжа — кватэра-музей выдатнага мастака Міхася Сеўрука, які больш за сорак гадоў жыў і працаваў у гэтым старадаўнім горадзе.

Як адзначыла на адкрыцці новага арт-аб’екта дырэктар мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея Іна Піваварчык, калекцыя работ мастака паступова папаўняецца, у тым ліку за кошт прыватнай ініцыятывы. Па яе словах, вялікая роля ў стварэнні кватэры-музея Міхаіла Сеўрука належыць упраўленню культуры абласнога выканаўчага камітэта і раённым уладам. Дзякуючы выдзеленым сродкам былі праведзены рамонт і рэканструкцыя памяшкання. Новая экспазіцыя размясцілася на ўсёй плошчы кватэры і ўключае ў сябе тры часткі: выставачная зала, інтэр’ер жылога пакоя 1950 — 70-х гг. і майстэрня мастака.

Пад час адкрыцця кватэры-музея з удзелам намесніка міністра культуры краіны Тадэуша Стружэцкага, прадстаўнікоў мясцовай улады, сяброў і знаёмых выбітнага мастака для новай экспазіцыі былі перададзены асабістыя рэчы Сеўрука, у прыватнасці, яго разцы, дрэварыты. Акрамя таго, у рамках адкрыцця новай экспазіцыі прайшла і прэзентацыя альбома "Міхаіл Сеўрук. Жывапіс. Графіка", створанага па ініцыятыве і пры фінансавай падтрымцы Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта. У выданне, тыраж якога склаў тысячу экзэмпляраў, увайшлі жывапісныя і графічныя работы, што знаходзяцца ў фондах Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея і часткова прадстаўлены ў новай экспазіцыі. Акрамя таго, быў прэзентаваны каляндар на 2013 год з рэпрадукцыямі карцін Сеўрука, якія захоўваюцца ў прыватных зборах. Адметна, што ажыццявіў гэты праект мясцовы прадпрымальнік.

Варта адзначыць, кватэра-музей Міхаіла Сеўрука з’яўляецца структурным падраздзяленнем Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея. На дадзены момант калекцыя мастака ў фондах установы налічвае
1 118 адзінак і ўключае ў сябе не толькі карціны, але і накіды, эскізы, малюнкі, эстампы, кнігі, яго асабістыя рэчы.

К.А.