Беларусь — у Венесуэле

№ 48 (814) 01.12.2007 - 07.12.2007 г

7 снежня ў Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла адкрываецца Нацыянальная выстаўка прамысловых і сельскагаспадарчых дасягненняў Рэспублікі Беларусь. Натуральна, усебакова будзе прадстаўлена за мяжой і наша самабытнае мастацтва. Беларуская творчая дэлегацыя на чале з першым намеснікам міністра культуры РБ У.Рылаткам у складзе 110 чалавек адпраўляецца ў Каракас ужо ў гэтую нядзелю.

 /i/content/pi/cult/139/849/Venesuela.jpg
Як паведаміў “К” начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры РБ Міхаіл Казловіч, беларускую мастацкую адметнасць у Венесуэле будуць прадстаўляць Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, ансамбль народнай музыкі “Свята”, вакальны гурт “Чысты голас”, ансамбль народнай музыкі “Бяседа”, ансамбль “Верасы”, Тэатр песні Ірыны Дарафеевай, оперная салістка Алена Шаўцова, баяніст Аляксандр Шувалаў, саліст Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі Дзмітрый Качароўскі, юны спявак Андрэй Кунец…
Галоўны рэжысёр беларускай культурнай праграмы — Ніна Восіпава.
Не менш годна будзе прадстаўлена ў Венесуэле і наша традыцыйная культура. Удзельнічаць у Беларускім падвор’і народных майстроў у Каракасе адпраўляецца не толькі славуты майстар музычных інструментаў Уладзімір Гром, але і самабытныя ўмельцы з Гомельскай, Брэсцкай, Віцебскай, Магілёўскай абласцей.
 

Наш кар.

Ад рэдакцыі
: “Культура” ўважліва сочыць за развіццём беларуска-венесуэльскіх стасункаў. Да важнай снежаньскай падзеі нашы журналісты падрыхтавалі спецвыпуск “Культуры” на іспанскай мове, дзе пастараліся як мага паўней распавесці венесуэльскаму чытачу пра творчыя здабыткі Беларусі ва ўсіх відах мастацтва і культуры. Гэты 32-палосны нумар таксама накіраваўся ў Каракас.