Восенню 2001-га рэдакцыя нашай газеты запрашала на вечар, прысвечаны 10-годдзю выдання. Урачыстасць праходзіла на Малой сцэне Купалаўскага тэатра. Сабраліся чытачы, сябры рэдакцыі, прыхільнікі. З усіх выступленняў у гонар “юбіляра” запомнілася віншаванне рэжысёра Міхаіла Пташука — даўняга члена рэдакцыйнай калегіі, роднага для “Культуры” чалавека. Добрыя словы на адрас газеты ён дапоўніў незвычайным падарункам — экзатычнай раслінай з раскідзістымі галінкамі, якая зіхацела дробненькімі, але на дзіва прыгожымі белымі кветкамі, падобнымі на маленькія калы...
Расліна гэтая — “дрэва Пташука” — з тых часоў упрыгожвае памяшканне нашай рэдакцыі. Жывы ўспамін пра доўгія сяброўскія размовы-пасядзелкі ў будынку па вуліцы Чычэрына, дзе на адным паверсе месцілася наша рэдакцыя, а на суседнім — Міхаіл Пташук вучыў будучых рэжысёраў сваёй надзвычай складанай, але такой захапляльнай прафесіі. І часта прыходзіў у госці — нават не як член рэдкалегіі, а як самы добры сябра…
Не дзіва, што менавіта да рэдактара аддзела “Культуры”, мастацтвазнаўцы Барыса Крэпака рэжысёр прыслухаўся тады, калі ўзнікла пытанне, каго ж запрасіць на ролю капітана Алёхіна — цэнтральную ў знакамітай экранізацыі рамана “Момант ісціны” Уладзіміра Багамолава — “У жніўні 44-га...”. На прапанову ўзяць Яўгенія Міронава Пташук адрэагаваў спачатку здзіўлена. Маўляў, а ці пагодзіцца ўжо знакаміты на той час маскоўскі акцёр на ролю ў фільме беларускай студыі? Потым, адразу пасля маскоўскай прэм’еры карціны, якая ў момант стала культавай, праслаўлены артыст так казаў у эксклюзіўным інтэрв’ю галоўнаму рэдактару “Культуры” Людміле Крушынскай: “Мне было неверагодна цікава працаваць на гэтай карціне! Такі напружаны драматургічны матэрыял трапляецца акцёру вельмі рэдка…” Міхаіл Мікалаевіч у адказ за добрую ідэю падарыў Барысу Крэпаку "аўтэнтычную" салдацкую флягу, якая “здымалася” ў стужцы…
Працаваць з Пташуком было марай для любога прафесіянала. “Культура”ўцы з ім проста сябравалі. І любілі яго, часта "правакуючы" пры гэтым да недзяжурных гутарак, найцікавейшых інтэрв’ю.
...Тую гутарку карэспандэнт нашай газеты Дар’я Амяльковіч рыхтавала да выпуску, прысвечанага Дню Перамогі, — 9 Мая. “У жніўні 44-га...” ужо цягам года не сыходзіла з тэлеэкранаў. Аднак яе стваральнік паспеў зняць яшчэ адну стужку па замове галівудскіх прадзюсараў і збіраўся паехаць у Амерыку, дзе планаваў прадоўжыць працу над здымачным матэрыялам.
“Я буду здымаць карціну для амерыканцаў, але мне хочацца падкрэсліць у ёй мае карані”, — казаў тады Міхаіл Мікалаевіч.
Хто ведаў, што гэтыя словы Пташука стануць апошнімі на старонках нашага выдання?.. Інтэрв’ю выйшла праз пару дзён пасля трагічнай гібелі рэжысёра, ужо на жалобнай паласе, — апошняе інтэрв’ю Пташука не толькі для “Культуры”, але і для СМІ наогул. Побач з ім рэдакцыя змясціла апошні здымак Майстра — разам з яго студэнтамі, — што зрабіў за чатыры дні да заўчаснага сыходу рэжысёра тагачасны фатограф “К” Генадзь Жынкоў. Цяпер гэта архіўная паласа — вельмі дарагі для сэрцаў “культура”ўцаў успамін пра блізкага чалавека, якім з’яўляўся Міхаіл Мікалаевіч…
...На развітанне, перад паездкай у Маскву на цырымонію ўручэння прэміі “Ніка”, рэжысёр “па сакрэце” паведаміў нам пра планы будучага візіту ў Галівуд. “Але, — дадаў ён, — падрабязнасці — пазней, па вяртанні...”
Фота з архіва Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА