Першабытны КПП на Дняпры

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

Адкуль пад Лоевам старажытны ваенны лагер?

Сярод памятных мясцін Гомельскай вобласці, уключаных у турыстычны маршрут “Залатое кольца Гомельшчыны”, Лоеўскі раён вылучаецца, найперш, сваімі археалагічнымі помнікамі і ваеннай гісторыяй.

Першапраходцам навуковага краязнаўства на Лоеўшчыне лічыцца вядомы археолаг, этнограф і фалькларыст, прафесар Кіеўскай духоўнай акадэміі Уладзімір Завітневіч. Экспедыцыя 1890 года, якую ўзначаліў наш зямляк, адкрыла курганныя пахаванні на могільніках эпохі Кіеўскай Русі каля Лоева, вёсак Мохаў, Каўпень і Сінск. Менавіта экспедыцыя У.Завітневіча выявіла і першай распачала даследаванні найбуйнейшага курганнага могільніка на тэрыторыі Беларусі, што налічваў тады больш за 600 курганоў.

/i/content/pi/cult/415/8485/1-2.jpeg

Яшчэ адна ўнікальная знаходка — Чаплінскі археалагічны комплекс, які ўключае гарадзішча, селішча, бескурганны і курганны могільнікі, — справа рук беларускага археолага, доктара гістарычных навук Леаніда Побаля. У 1956 — 1957 гг. малады археолаг, тады яшчэ аспірант Інстытута гісторыі, узначаліў раскопкі ў Чапліне, каб высветліць таямніцы надзвычай цікавага для навукі аб’екта. Поспех гэтай працы здзівіў навукоўцаў: за два палявыя сезоны непадалёк ад гарадзішча аспірант выявіў 238 пахаванняў-крэмацый у грунтавых ямах на глыбіні каля паўметра і вялікую колькасць пахавальнага інвентару мяжы нашай эры. Так быў знойдзены самы вялікі на сённяшні дзень бескурганны могільнік на тэрыторыі Беларусі. Усяго пры яго раскопках было выяўлена 275 гліняных пасудзін, многія з якіх захаваліся амаль цалкам, 14 жалезных наканечнікаў дзід, некалькі дзясяткаў жалезных ножыкаў, металічныя бранзалеты, пярсцёнкі. Акрамя таго, сярод найбольш каштоўных знаходак — бронзавыя фібулы: шпількі для верхняга адзення. Побаль правёў раскопкі і на пляцоўцы гарадзішча, дзе былі даследаваны фрагменты 21 заглыбленага ў зямлю жытла плошчай ад 10 да 21 квадратных метраў і шмат розных па форме ды памерах ям гаспадарчага прызначэння. Пераважная большасць знойдзеных на гарадзішчы старажытных артэфактаў належыць да мілаградскай і ранняга этапа зарубінецкай культур. Вучоны даследаваў таксама селішча, размешчанае каля гарадзішча. Былі выяўлены рэшткі канструкцый наземнага і заглыбленага ў зямлю жытла зарубінецкай культуры. Сярод знаходак — жалезныя нажы, наканечнікі дзід, стрэл.

Важным момантам у вывучэнні старажытнай гісторыі Лоеўшчыны стала адкрыццё і археалагічнае даследаванне стаянкі і могільніка бронзавага веку (2-я палова ІІ тысячагоддзя да н.э.) каля вёскі Дзяражычы, якое ажыццявілі ў 1965-м археолагі Уладзімір Ісаенка і Іван Ціханенкаў.

На пачатку ХХІ стагоддзя вялікую ролю ў арганізацыйным працэсе Лоеўскага краязнаўства займаюць даследаванні Мохаўскага археалагічнага комплексу, які складаецца з гарадзішча, пасада і захоўвае рэшткі найбуйнейшага на Беларусі курганнага могільніка. Яго тэрыторыя ахоплівае не менш за 30 гектараў плошчы. З 2003 г. на гэтым археалагічным комплексе рэгулярна працуе група студэнтаў Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Скарыны пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, дацэнта кафедры гісторыі Алега Макушнікава. Адметна, што археолагам дапамагаюць таксама валанцёры як з Беларусі, так і з Расіі ды Украіны.

Раскопкі выявілі прыкметы развітай рамеснай дзейнасці. У прыватнасці, сярод апошніх знаходак на Мохаўскім комплексе — фрагменты жаночых касцюмаў і галаўных ўбораў, манеты, нажы, ваенная амуніцыя і зброя, ганчарныя вырабы. Вынікі раскопак сведчаць, што ў Х — ХІ стст. у Мохаве размяшчалася найбуйнейшае ў Беларусі і адно з самых буйных ва Усходняй Еўропе паселішчаў эпохі станаўлення Кіеўскай Русі. У курганах пахаваны ваяры, рамеснікі і гандляры. Асаблівасці пахавальных абрадаў і выяўленых пры раскопках прадметаў археалогіі сведчаць, што тут былі пахаванні не толькі ўсходніх славян, але і выхадцаў з Усходняй ды Паўночнай Прыбалтыкі.

Гісторыкі мяркуюць, што на мяжы І — ІІ тыс. н. э. у ваколіцах Мохава знаходзілася ваенна-гандлёва-рамеснае паселішча, якое кантралявала тут найбуйнейшую транспартную артэрыю Усходняй Еўропы — Днепр, летапісны шлях “з варагаў у грэкі”. Магчыма таксама, што гэты ваенны лагер быў арганізаваны кіеўскімі князямі для збору даніны з радзімічаў і дрыгавічоў.

Трэба заўважыць: аналагічных помнікаў у Беларусі больш няма. Ужо зараз можна меркаваць, што Мохаўскі археалагічны комплекс мае культурна-гістарычнае значэнне, суадноснае аналагічным знакамітым помнікам у Гняздова каля Смаленска і ў Шэстовіцах каля Чарнігава. Больш за тое: Мохаўскі “некропаль” размешчаны на парэштках яшчэ больш старажытнага паселішча, а па суседстве з ім — яшчэ некалькі гарадзішчаў ранняга жалезнага веку. Відавочна, што гэтая спадчына мае міжнароднае значэнне, а таму вельмі важна зараз знайсці форму захавання Мохаўскага археалагічнага комплексу для будучых пакаленняў.

Усяго ж намаганнямі некалькіх пакаленняў археолагаў на Лоеўшчыне выяўлены і абследаваны дзве познемезалітычныя стаянкі каменнага веку, стаянка і могільнік бронзавага веку, 24 гарадзішчы, 12 селішчаў і 13 могільнікаў ранняга жалезнага веку, з якіх Чаплінскі і Мохаўскі археалагічныя комплексы — унікальныя для Беларусі.

Уладзіслаў АНІСАВЕЦ, настаўнік гісторыі Нова-Баршчоўскай базавай школы Лоеўскага раёна

На здымку: гліняныя вырабы з Чаплінскага археалагічнага комплексу.