Surprise ад бібліятэкара

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

Рэйтынг ідэй з інтэрнэт-прасторы

Святлана КРЫВЕЦ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы

/i/content/pi/cult/415/8483/2-1.jpeg

1. Праект шасці выданняў

У бібліятэках Вялікабрытаніі стаўся добрай традыцыяй “Праект шасці кніг”, або “Six Book Chalenge” — “Спаборніцтва шасці кніг”. Асноўная мэта акцыі — прыцягненне да кіруемага чытання (у многіх выпадках — упершыню) прадстаўнікоў розных сацыяльных і ўзроставых груп насельніцтва. Прапаноўваецца прачытаць шэсць кніг ды запісаць уражанні аб прачытаным у Сшытак водгукаў. Аўтар самага лепшага запісу атрымлівае прыз.

2. Рэалізаваць патэнцыял моладзі

У бібліятэках Даніі для прыцягнення юных чытачоў і фарміравання ў падлеткаў пачуцця прыналежнасці да бібліятэчнай прасторы праходзяць мерапрыемствы “Mindspot” — “Месца ідэй”. Моладзь збіраецца, абмяркоўвае думкі, выказвае прапановы і пажаданні, што датычацца бібліятэчных сэрвісаў і праграм. У выніку гэтых дзей арганізоўваецца Art Wall — “Арт-сцяна”, утварэнне для рэалізацыі творчага патэнцыялу моладзі.

3. “Лёгкая атмасфера”

У бібліятэках ЗША прыжыўся праект “Open air” — “Лёгкая атмасфера” ці “На адкрытым паветры”. Бібліятэкары дзейнічаюць па-за сценамі сваіх устаноў, да прыкладу, арганізоўваюць вольны доступ да кніг у паркавых зонах. Звычайна ў такой “бібліятэцы” можна размясціць каля сотні кніжных экзэмпляраў. Кнігаабмен разлічаны на сумленных карыстальнікаў.

4. Узнагарода для чытача

І зноў пра вопыт амерыканскіх бібліятэкараў. Адна з іхніх крэатыўных акцый карыстаецца надзвычайнай папулярнасцю ў чытачоў: гэта “Book-surprise” — “Кніга з сюрпрызам”. У кожную кнігу стэлажа ўкладваецца адметны прыз, але ўбачыць яго можна толькі дома. Натуральна, такія выданні разбіраюцца вельмі хутка.

5. Паліцы — нашы, прапановы — вашы

Еўрапейскі вопыт засведчыў эфектыўнасць кніжнага краўдсорсінгу — “Прапануй кнігу на нашы паліцы”. Непасрэдна ў бібліятэках, а таксама на бібліятэчных сайтах карыстальнікі пакідаюць свае пажаданні на конт набыцця той або іншай літаратуры. Зыходзячы з гэтага, праводзіцца маніторынг найбольш запатрабаваных кніг. Даныя ўлічваюцца пры камплектаванні кніжнага фонду.

Я пераканана, што прапанаваныя формы бібліятэчнай работы можна і неабходна, прынамсі, апрабіраваць і ў нашых бібліятэках.