Бібліятэкам — Евангелле

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

У рамках правядзення ў Гродне праваслаўнай выстаўкі-кірмашу “Радасць слова” бібліятэкі абласнога цэнтра, а таксама шэраг мясцовых прыходаў атрымалі падарунак — факсімільныя выданні Слуцкага Евангелля. Гэтыя кнігі былі перададзены ў дар выдавецтвам Беларускага Экзархату.

Як вядома, Слуцкае Евангелле — унікальны рукапісны помнік XVI стагоддзя, адна з найвялікшых праваслаўных святынь Беларусі, якая лічыцца сімвалам духоўнага адраджэння нацыі. Факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля, падрыхтаванае і выпушчанае выдавецтвам Беларускай Праваслаўнай Царквы, уяўляе з сябе практычна дакладную копію рукапіснага помніка.

Усяго ў Беларусі выдадзена 500 факсімільных асобнікаў Слуцкага Евангелля. Таму кожнае такое выданне — фактычна “на вагу золата”. А тое, што гэтыя кнігі будуць запатрабаваны чытачамі гродзенскіх бібліятэк, — несумненна.

— Я сама прысутнічала на выстаўцы пад час перадачы гэтых выданняў і магу дакладна сказаць, што гэтыя ўнікальныя кнігі будуць абавязкова запатрабаваны ў бібліятэках горада, — адзначыла “К” намеснік дырэктара Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Яўхіма Карскага Марына Ігнатовіч.

Па словах кіраўніцтва ўстановы, бібліятэкі Гродна перыядычна атрымліваюць у падарунак ад чытачоў і розных арганізацый шматлікія кнігі, у тым ліку — і вельмі каштоўныя.

— Летась, у рамках Года кнігі, намі была зладжана акцыя “Дакраніся да гісторыі”, — распавяла Марына Ігнатовіч. — З яе дапамогай мы змаглі атрымаць у дар разнастайныя старыя выданні з прыватных калекцый. А, напрыклад, зладзіўшы сумесную выстаўку з бібліятэкай касцёла ордэна францысканцаў, мы атрымалі ў падарунак нават старадрукі XVI стагоддзя!

Але гэта ўжо тэма для іншага артыкула. Больш падрабязна пра кніжныя акцыі і наватарскія ідэі Гродзенскай абласной бібліятэкі “К” паведаміць у бліжэйшых нумарах.