“Музычныя войскі” краіны

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

Сёння — Дзень абаронцаў Айчыны. Як жа сустракаюць свята нашы ваенныя музыканты: Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама Узорна-паказальны аркестр таго ж ведамства? Вядома — чарадой канцэртных выступленняў. Пра гэта і распавялі нам мастацкія кіраўнікі гэтых калектываў.

Пабываць ва ўсіх кутках!

— Канцэртаў у нас заўсёды шмат, — гаворыць заслужаны артыст Беларусі, палкоўнік Уладзімір ВАРАПАЕЎ, начальнік — мастацкі кіраўнік Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, — а напярэдадні свята — яшчэ больш, літаральна штодзень. Тут і Рэспубліканскі шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны ў Бараўлянах, і Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы ў Ждановічах. Усяго за год бывае больш як 150 выступленняў. Ездзім, вядома, па ўсёй Беларусі. Са студзеня ў нас праходзіць тур “Айчыне служым”, які ахоплівае вайсковыя часці, гарнізоны. Выступаем мы і перад цывільным гледачом. Пабывалі ў Кобрыне, Брэсце, Магілёве. Аўдыторыя — самая розная. Гэта, паўтаруся, не толькі вайскоўцы, але і ветэраны вайны, працы, моладзь. Удзельнічаем мы ў фестывалях, адгукаемся на запрашэнні тэлебачання, выступаем у гала-канцэртах рознай скіраванасці. Жыццё віруе!

/i/content/pi/cult/415/8470/1-1.jpeg

— Ваш калектыў традыцыйна выконвае шмат беларускай музыкі, актыўна папулярызуе нашых творцаў. Як шукаеце такі рэпертуар?

— Мы яго замаўляем. Адзін з кірункаў — новыя творы, прызначаныя для патрыятычнага выхавання моладзі. Другі — разлічаныя на самыя шырокія колы насельніцтва. З беларускімі кампазітарамі і паэтамі нас звязваюць самыя шчыльныя творчыя кантакты. Вельмі запатрабаваны ў публікі песні Ігара Лучанка — яны праходзяць, што называецца, “на ўра”. Добра ўспрымаюцца шчырыя, дэмакратычныя мелодыі Эдуарда Зарыцкага. Песні Алены Атрашкевіч уражваюць сучасным стылем, арыгінальнымі гармоніямі, рытмамі. З’явілася ў нашым рэпертуары і новая песня — “Пажаданне” Алега Елісеенкава на словы Тамары Талкачовай з Полацка, спявае яе Ганна Сцепанкова. Такі ж беларускапесенны вектар — у дзіцячай музычнай студыі “Зорачка”, створанай пры Ансамблі. Бывае, натхненне ў аўтараў ёсць, але напісаць песню не так лёгка. Штосьці я і сам ствараю. Не так даўно на словы ўсё той жа Тамары Талкачовай нарадзілася новая кампазіцыя “З табой, Беларусь!”. Сучасныя аранжыроўкі даюць другое жыццё папулярным народным мелодыям. Тым больш, што пры іх выкананні ўзнікае сінтэтычнае музычна-танцавальнае дзеянне: да хору і аркестра далучаецца наша балетная група. Так адбылося, да прыкладу, са знакамітай песняй “Касіў Ясь канюшыну…” з рэпертуару “Песняроў”: спачатку яна гучала толькі ў харавым ці аркестравым выкладанні, а цяпер далучыўся яшчэ і балет.

— Не думаеце над запісамі такіх твораў? Гэта ж таксама — моцны сродак папулярызацыі і нацыянальнай культуры, і ўласна вашага калектыву…

— Чаму ж не? Рыхтуем кампакт-дыск “Песні роднай Беларусі”, на чарзе — запіс духоўнай праграмы. Не здзіўляйцеся: наш калектыў неаднаразова выязджаў на Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Гайнаўка” ў Польшчу, станавіўся там пераможцам. Сярод іншых замежных вандровак — выезды з хорам у Расію. Але, зразумела, нашы галоўныя слухачы — жыхары роднай Беларусі: вайскоўцы і цывільныя, людзі сталага веку і моладзь. Для іх і працуем. Імкнёмся пабываць ва ўсіх кутках краіны!..

Прапаноў зашмат не бывае

— Усю вясну, — распавядае палкоўнік Яўген ДОЎЖЫК, мастацкі кіраўнік — галоўны дырыжор Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, — мы, у асноўным, займаемся падрыхтоўкай да ваеннага параду ў Дзень Незалежнасці. Гэта важная дзяржаўная задача, да якой мы ставімся з вялікай адказнасцю. Але гэта не значыць, што ў гэты час мы не праводзім канцэртаў. На тым тыдні, да прыкладу, упершыню пабывалі ва Уздзе, на гэтым — выступаем у Мінску. Далей рушым у Полацк. У бліжэйшыя некалькі месяцаў, акрамя сталіцы, адбудуцца канцэрты ў Коласаве, Фаніпалі, Дзяржынску, Салігорску, Наваполацку, Лідзе. Запланаваны паездкі па аддаленых гарнізонах.

/i/content/pi/cult/415/8470/1-2.jpeg

— Вам часта даводзіцца прадстаўляць нашу краіну ў замежжы. Публіка, мабыць, паўсюль розная? Ці вельмі адрозніваецца рэакцыя на выступленні вайскоўцаў у іншых краінах?

— Дзе б мы ні былі, заўсёды сустракаем самую шчырую прыхільнасць і цудоўны прыём. У той жа Уздзе слухачы былі — як у Еўропе: добразычлівыя, культурныя. А ў замежжы мы і сапраўды бываем часта. Ужо амаль дваццаць гадоў запар ездзім у Францыю. Летась упершыню выступалі ў Парыжы. Дый сёлета, літаральна праз некалькі гадзін пасля святочнага парада 3-га ліпеня, садзімся ў аўтобус, каб паспець у французскі горад Альбервіль, што непадалёк ад Швейцарыі. Таксама чакаем іншых запрашэнняў з Францыі і Англіі, бо перамовы наконт гэтага ўжо вядуцца. Што ў Беларусі, што ў замежжы сцэнічныя пляцоўкі — самыя розныя: ад прэстыжных залаў да вулічных дэфіле. Ледзь толькі пацяплее, імкнёмся шырока разгортваць такія “канцэрты на плошчы”, пад адкрытым небам. Гэта вельмі відовішчнае, амаль тэатральнае, дзейства: музыканты рухаюцца, перастройваюцца, выконваюць развароты, часам прытанцоўваюць — і пры гэтым ніколькі не страчваюць у зладжанасці, музычнай выразнасці аркестравага гучання…

— Дый рэпертуар у вас — вялізны, ажно да джаза...

— У складзе нашага аркестра ёсць біг-бэнд, якім кіруе знакаміты трубач, віртуозны музыкант Мікалай Федарэнка. Але джазавыя кампазіцыі грае і ўвесь аркестр. Увогуле ж, музыку выконваем самую розную — усё залежыць ад таго, дзе і для каго выступаем. Зараз у нас праходзіць акцыя “Ваенны аркестр — моладзі Беларусі”. Адпаведны і рэпертуар: ад патрыятычнай тэматыкі да сучаснай, блізкай моладзі. Ветэранам жа прапануем найперш песні, маршы ваенных гадоў, што суправаджалі іх у юнацтве…

— А беларуская музыка?

— Самая разнастайная. Тут і песні нашых знаных кампазітараў Ігара Лучанка, Леаніда Захлеўнага, дырыжора Аляксандра Фёдарава, і аркестравыя творы Яўгена Глебава, Дзмітрыя Смольскага, Сяргея Картэса. А які фурор, у тым ліку ў замежжы, мае творчая спадчына Уладзіміра Мулявіна і яго “Песняроў”! Хацелася б, каб з намі больш шчыльна супрацоўнічалі і маладыя творцы, але яны, відаць, пабойваюцца духавога складу аркестра, бо прывучаны пісаць для струннага ці сімфанічнага. Вядома, нам даводзіцца рабіць і ўласныя аранжыроўкі. Хочам выказаць вялікую падзяку заслужанаму артысту Рэспублікі Беларусь палкоўніку Сяргею Касцючэнку — начальніку ваенна-аркестравай службы Узброеных Сіл і начальніку нашага аркестра, бо ён падбіраў дырыжораў так, каб усе яны адначасова былі яшчэ і добрымі аранжыроўшчыкамі. Але ж хочацца, каб і нашы маладыя кампазітары больш актыўна засвойвалі розныя стылі пісьма, розныя склады, спрабавалі пісаць для канкрэтных выканаўцаў, улічваючы іх магчымасці ды пажаданні. Як ні дзіўна, але нашы класікі тут больш мабільныя. Той жа Сяргей Картэс зрабіў для нас больш разгорнуты варыянт Вальса са сваёй новай оперы “Мядзведзь” паводле Чэхава — і гэты нумар паўсюль карыстаецца поспехам. Мы адкрыты для новых прапаноў!..

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"