У спрэчках па дакладах дэлегаты з’езда, у тым ліку кіраўнікі творчых секцый, камісій і абласных арганізацый БСМ, закранулі многія надзённыя праблемы арганізацыйна-творчага жыцця, адзначыўшы як значныя дасягненні ў галіне выставачнай дзейнасці і эстэтычнага пераўтварэння асяроддзя, так і нявырашаныя яшчэ пытанні мастацкага быцця, якія неабходна вырашыць новаму складу Рады сумесна з дзяржаўнымі структурамі, мясцовымі органамі выканаўчай улады, іншымі зацікаўленымі ўстановамі і, асабліва, з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
У сваім выступленні госць з’езда, міністр культуры РБ Уладзімір Матвейчук падкрэсліў менавіта гэты важнейшы аспект: Міністэрству культуры і БСМ, як і раней, давядзецца разам вырашаць многія кардынальныя праблемы, што тычацца далейшага развіцця выяўленчай культуры краіны. Бо, па ягоных словах, “культура і мастацтва — гэта той найвышэйшы патэнцыял, які нам неабходна максімальна шырока выкарыстаць у духоўным развіцці грамадства”. Міністр закрануў таксама пытанні выставачнай дзейнасці ў краіне і за мяжой, комплекснага архітэктурна-мастацкага афармлення важнейшых аб’ектаў, дзяржзаказаў на творы выяўленчага мастацтва, практыкі правядзення пленэраў, працаўладкавання выпускнікоў БДАМ і іх сацыяльнага статуса і шэрагу іншых першачарговых задач, рэалізацыя якіх яшчэ больш узніме аўтарытэт беларускіх мастакоў у краіне і свеце.
У рабоце з’езда таксама прынялі ўдзел намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга і першы намеснік міністра культуры РБ Уладзімір Рылатка.Была прынята адпаведная рэзалюцыя з’езда, абраны новыя склады прэзідыума і Рады БСМ.
У выніку тайнага галасавання на альтэрнатыўнай аснове старшынёй БСМ абраны Уладзімір Савіч — вядомы графік, заслужаны дзеяч мастацтваў РБ, прафесар БДАМ, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Барыс КРЭПАК