Гіне помнік!

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

“Няхай фотаздымкі не ўводзяць у зман…”

Сёння за межамі нашай краіны знаходзяцца не толькі мастацкія, кніжныя, ювелірныя рарытэты, створаныя рукамі нашых продкаў, але і архітэктурныя помнікі. Адзін з іх размешчаны на Пскоўшчыне. А літаральна днямі ў рэдакцыю “К” прыйшоў ліст з Санкт-Пецярбурга ад навуковага супрацоўніка Дзяржаўнага Эрмітажа, якому неабыякавы лёс унікальнага храма — узору беларускага драўлянага дойлідства.

/i/content/pi/cult/415/8469/1-2.jpeg

“На поўдні Пскоўскай вобласці, у Невельскім раёне, гіне ўнікальны помнік беларускага драўлянага дойлідства XVIII — XIX стагоддзяў — царква ў гонар Пакрову Божай Маці ў вёсцы Стайкі. Гаворка ідзе пра апошнюю з дзясяткаў драўляных цэркваў, што існавалі ў гэтай частцы былой Віцебскай губерні. Па заключэнні, якое дала доктар мастацтвазнаўства, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Тамара Габрусь, “…Пакроўская царква ў Стайках з’яўляецца помнікам архітэктуры канца XVIII стагоддзя ў стылі барочнага класіцызму. Яна пабудавана як уніяцкая, але, відавочна, ужо пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння гэтага краю да Расійскай імперыі, хутчэй за ўсё, у 1780 — 1790-х гг. Па сваёй кампазіцыі царква адносіцца да распаўсюджанага ў Беларусі тыпу трохзрубных храмаў так званай базілічнай канцэпцыі. Уваходны аб’ём уключае бабінец, свячную, хрысцільню, а наверсе — “хоры музычныя”, нехарактэрныя для праваслаўных цэркваў. Сіметрычныя васьмерыкі нагадваюць дзвюхвежавыя фасады касцёлаў. У дэкоры выкарыстаны спараваныя выцягнутыя пілястры, характэрныя для позняга барока. Помнік — вельмі цікавы, адначасова тыповы і незвычайны”. Сапраўды, у дакументах 1776 — 1822 гг. царква згадваецца як грэка-каталіцкая.

У калекцыі Невельскага музея захаваліся здымкі храма, зробленыя ў 1993 г. знаўцам пскоўскіх помнікаў Б.Скабельцыным. Але яны не павінны ўводзіць у зман. Вось ужо некалькі гадоў як будынак стаіць без даху… Царква ў літаральным сэнсе знаходзіцца на мяжы знікнення. Каб яе выратаваць, патрабуюцца неадкладныя кансервацыйныя меры (хаця б уладкаванне часовага даху), а затым і добра прадуманыя аднаўленчыя работы. Тым больш, кваліфікаваныя архітэктары-рэстаўратары ў Расіі яшчэ маюцца. Але, на жаль, адсутнічае фінансаванне. З 1999 г. у Стайках існуе невялікая праваслаўная абшчына, але грошай на аднаўленне храма ў яе няма. Абыякава да лёсу храма ставіцца кіраўніцтва Пскоўскай епархіі, тым больш, што ў вобласці стаяць у руінах дзясяткі сельскіх цэркваў (праўда, цагляных, а не драўляных).

Нягледзячы на сур’ёзную зацікаўленасць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў г. Мінску, надзея ўключыць помнік у адну з сумесных праграм Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі не спраўдзілася: з той простай прычыны, што, паводле афіцыйнага адказу расійскага Міністэрства культуры, апошняе не можа выступіць у ролі заказчыка работ...

...Адзінае, на што застаецца разлічваць, — гэта дапамога валанцёраў і спонсараў, усіх, каму неабыякавы лёс беларускай культурнай і духоўнай спадчыны…

Аляксандр ГОРДЗІН, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага Эрмітажа Санкт-Пецярбург Расія”

Каментарый з нагоды

Што за будучыня чакае гэты ўнікальны ўзор беларускага драўлянага дойлідства? “К” вырашыла пацікавіцца, якія меркаванні на гэты конт маюць Міністэрства культуры нашай краіны і Прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску.

Па словах Аксаны Сматрэнка, намесніка начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры нашай краіны, ніякіх запытаў аб дапамозе альбо сумеснай працы на аб’екце пакуль не паступала. А, адпаведна, без іх казаць пра канкрэтныя захады па выратаванні аб’екта не даводзіцца.

Як адзначыў кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Міхаіл Орда, для Саюзнай дзяржавы вельмі важна захаваць гэты ўнікальны помнік. Літаральна два тыдні таму было падпісана і накіравана губернатару Пскоўскай вобласці Андрэю Турчаку адпаведнае хадайніцтва. Па словах Міхаіла Орды, з-за таго, што помнік архітэктуры знаходзіцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, то і ініцыятарам яго рэстаўрацыі павінен выступіць расійскі бок. Мінскае Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта, як заверыў яго кіраўнік, у сваю чаргу, гатова аказаць пасільную падтрымку праекту.

Распытваў Кастусь АНТАНОВІЧ