Пажар vs. рамонт

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

Ці адаб’ецца пажар у мазырскім тэатры на рэканструкцыі і працы трупы?

Літаральна днямі рэдактар аддзела нашай газеты Надзея Бунцэвіч збіралася пісаць чарговы артыкул новай рубрыкі “Art-blog: па-за Мінскам”. Пасля Палескага драматычнага тэатра з Пінска “на чарзе” быў Мазырскі драмтэатр імя Івана Мележа. Але на выхадных гэтая ўстанова культуры сама нагадала пра сябе сумнай навіной, што ўвобмірг разляцелася па інтэрнэт-прасторы ды СМІ: у будынку тэатра здарыўся пажар. Карэспандэнт “К” паспрабаваў даведацца, што ж адбылося насамрэч, наколькі вялікі ўрон нанесены ўстанове культуры і як паўплывае гэты інцыдэнт на далейшую творчую дзейнасць мазырскіх артыстаў.

/i/content/pi/cult/415/8468/1-1.jpeg

Тэлефанаванне першае

Прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Руслан ГАБРЫЛЁЎ:

— Пажар у будынку Мазырскага драматычнага тэатра здарыўся 16 лютага. Паведамленне аб здарэнні паступіла ў мясцовы РАНС у 14.02, і на месца пажару адразу выехала некалькі пажарных разлікаў. А ўсяго на ліквідацыі агню працавала прыкладна дваццаць адзінак тэхнікі. Агонь быў патушаны ў 15.44. У выніку пажару пашкоджаны дах будынка, часткова абвалілася кроквенная сістэма. Таксама агнём знішчана ўнутраная аддзелка і маёмасць, што знаходзілася ў пакоях на другім паверсе тэатра. На сённяшні дзень Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь праводзіцца праверка па факце здарэння. Таму дакладна сказаць, адбыўся пажар з-за няспраўнай праводкі, так званага чалавечага фактара ці з якой-небудзь іншай прычыны, на сёння пакуль што яшчэ нельга. Дакладныя звесткі будуць атрыманы пасля заканчэння следча-аператыўных дзеянняў…

Тэлефанаванне другое

Начальнік аддзела культуры Мазырскага райвыканкама Гомельскай вобласці Ірына МІРОНЫЧАВА:

— Гэта, канешне ж, вельмі непрыемны выпадак. Але магу сказаць: на сёння амаль усе наступствы пажару ў Мазырскім драматычным тэатры ўжо ліквідаваны, тым больш, што агонь закрануў толькі памяшканні на другім паверсе. Мы, як вядома, планавалі сёлета зрабіць рэканструкцыю будынка, пабудаванага яшчэ ў 1933 годзе. У тэатры ўжо пачаліся падрыхтоўчыя работы, таму, напрыклад, вялікая сцэна, размешчаная на першым паверсе, намі ўжо не выкарыстоўвалася. Таксама яшчэ да пажару былі перавезены ў асобнае памяшканне тэатральныя дэкарацыі да дваццаці спектакляў. Так што нам удалося выйсці з гэтага надзвычайнага становішча, лічу, з мінімальнымі стратамі.

Летась аддзелам культуры была аплачана праектна-каштарысная дакументацыя для правядзення рэканструкцыі драмтэатра: пад гэтыя мэты пайшло звыш мільярда рублёў. Сёлета мы планавалі прыступіць да асноўных работ на гэтым аб’екце. Паводле Дзяржпраграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010 — 2015 гады мы ўжо атрымалі пад гэтыя мэты звыш 16 мільярдаў рублёў. Таму ўсе запланаваныя работы па рэканструкцыі будуць праведзены намі ў адпаведнасці з графікам.

Адміністрацыя і бухгалтэрыя тэатра цяпер размешчаны ў выставачнай зале, майстэрня — на базе іншых устаноў культуры райцэнтра, а для выступлення трупы будзем выкарыстоўваць наяўныя залы дамоў культуры Мазыра і сцэны Цэнтра цыркавога мастацтва “Арэна”. Так што ўсе спектаклі будуць ісці ў звычайным рэжыме і жыхары райцэнтра без тэатральных пастановак не застануцца…

Тэлефанаванне трэцяе

Дырэктар Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа Марыя ПАТАП’ЕВА:

— Зараз мы пераязджаем на новае месца жыхарства. Шмат што згарэла: касцюмы, дыскі з запісамі, мэбля і гэтак далей… Але дакладна сказаць пра тое, што і колькі мы страцілі пад час пажару, я на сённяшні дзень пакуль не магу: цяпер праводзіцца інвентарызацыя, і дакладную інфармацыю пра страты зможам атрымаць крыху пазней. Я ведаю пра тое, што “К” чакае ад нас запісы спектакляў. Таму будзем шукаць дыскі з запісамі нашых пастановак у іншых месцах: магчыма, у каго-небудзь з супрацоўнікаў засталіся копіі. Як знойдзем, абавязкова накіруем матэрыял у газету…

Тэлефанаванне чацвёртае

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга АНТОНЕНКА:

— Грашовыя сродкі ад нашага ўпраўлення ўжо накіраваны ў раёны. Таму дадатковага фінансавання на ліквідацыю наступстваў пажару ў Мазырскім драмтэатры не прадугледжана. Аддзел культуры мясцовага райвыканкама можа самастойна вырашыць, куды і на якія мэты накіраваць грошы, што ўжо паступілі з вобласці. Мы, натуральна, паспрабуем ім дапамагчы чым можам, прынамсі, тымі ж касцюмамі. Звернемся да іншых тэатраў вобласці, каб яны накіравалі які-небудзь рэквізіт для мазыран і аказалі такім чынам нейкую падтрымку сваім калегам. Спадзяюся, гэта сапраўды дапаможа калектыву з Мазыра, хаця б на першых парах…

Як бачна, наступствы надзвычайнай сітуацыі ў Мазыры паступова ліквідуюцца. Шчыра жадаем, каб праца калектыву ўвайшла ў сваё рэчышча як мага хутчэй. Але гэтае здарэнне яшчэ раз нагадала: пра пажарную бяспеку ва ўстановах культуры ніколі не варта забываць. Агонь, як вядома, бесклапотнасці не даруе…

І апошняе. У хуткім часе рэдакцыя газеты "Культура" звернецца больш падрабязна да тэмы пажарнай бяспекі, прааналізаваўшы выпадкі надзвычайных здарэнняў ва ўстановах культуры розных рэгіёнаў Беларусі. Бо тэма гэтая -- заўсёды надзённая і актуальная.

 

Фота прадастаўлена Гомельскім абласным упраўленнем МНС

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"