“Пад ключ” не атрымалася: "айсбергі" для “Ладдзі Роспачы" і “Лятучага Галандца”

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

Чаму ў конкурсе на нацыянальны мюзікл перамог… Уладзімір Караткевіч?

Тыдзень таму ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры былі падведзены вынікі конкурсу на стварэнне нацыянальнага спектакля. Вынікі аказаліся… безвыніковымі, таму лепш назавём іх папярэднімі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, было даслана больш за 15 работ. У фінал выйшлі чатыры, але што з гэтага тэатр будзе ставіць, пакуль незразумела. Найперш — для самога тэатра.

Лічбы: а ці быў хлопчык…  прабачце, конкурс?

Што ж, станем прытрымлівацца філасофіі, што любы вынік — станоўчы. Ужо хаця б таму, што дапамагае ўбачыць памылкі і пралікі, прааналізаваўшы якія, можна больш хутка ды паспяхова рухацца наперад. Застаецца толькі, адкінуўшы эмоцыі конкурсных баталій, спакойна асэнсаваць тое, што атрымалася — ці, можа, не.

Тут давядзецца канстатаваць, што заяўленая вышэй лічба твораў-канкурэнтаў насамрэч куды меншая. Па-першае, толькі ў дзвюх з дасланых работ конкурсныя ўмовы былі цалкам выкананы: быў прадстаўлены завершаны твор. Па-другое, даведаўшыся пра конкурс, аўтары не кінуліся хутчэй пісаць новыя творы, якія адпавядалі б яго ўмовам, а проста паглядзелі, што можна дастаць са сваіх куфраў. Адзінай завершанай работай, ужо па тэрмінах створанай акурат да гэтага конкурсу, стала драматычная фантазія Сяргея Бельцюкова “Лятучы Галандзец” на лібрэта Навума Гальпяровіча паводле аднайменнага аповеду У.Караткевіча. Але нават гэты твор, шмат у чым заснаваны на прынцыпах радыёдраматургіі, у сваім патэнцыяле мае падсвядомы “шлях да адступлення”: маўляў, калі тэатр гэтую партытуру не возьме, яна без аніякіх пераробак будзе не толькі прыдатная для радыёэфіру, але і зможа папраўдзе яго ўпрыгожыць. Ці ж гэта не сімптом нейкіх недапрацовак у самой арганізацыі спаборніцтва? Высокапрафесійныя, знаныя творцы апрыёры не маглі рызыкаваць, бо не мелі гарантый на пастаноўку. Мне запярэчаць: маўляў, ці маюць яны тыя гарантыі, калі пішуць буйны твор самі? Вядома, не. Але імі рухае натхненне, якое, зразумела, не нараджаецца адначасова з аб’яўленнем конкурсных умоў.

Так што ў пэўным сэнсе конкурс, як яго разумеюць у цывілізаваным грамадстве, практычна… не адбыўся. Тое, што праходзіла ў тэатры, было больш падобна на агляд, калі можна так сказаць, прынесенага. Прычым, паўтаруся, часцей не створанага спецыяльна да конкурсу, а — так званых хатніх напрацовак. Ці, наадварот, накідаў, эскізаў. Куды ахвотней аўтары прыносілі не гатовы, цалкам падрыхтаваны да пастаноўкі мюзікл або аперэту, а хіба ўрыўкі магчымай музыкі. Ці проста лібрэта. Ці ўвогуле сінопсіс — сціслы змест. Тэатр жа марыў атрымаць “аб’ект”, што называецца, “здадзены пад ключ”. Таму ўключыў у спіс конкурсных таксама тыя творчыя заяўкі, што былі прапанаваны новаму кіраўніцтву літаральна ад самога пачатку ўступлення апошняга на пасады. Некаторыя з тых колішніх аўтараў нават не падазравалі, што аказаліся “канкурсантамі”. І, паводле іх слоў, даведаліся пра гэта (а некаторыя — і пра ўвесь конкурс, дзе паспелі “паўдзельнічаць”) з маіх тэлефанаванняў, калі я спрабавала скласці рэальную карціну таго, што ёсць сёння ў арсенале нашых творцаў.

Але кінем займацца арыфметыкай. Куды важней ноты ды літары, якія стаяць за гэтымі лічбамі. Што ж прынеслі ў тэатр літаратары? А што — кампазітары? Паспрабуем разгледзець гэтыя два складнікі паасобку, бо “суладдзя” паміж імі часцей за ўсё не назіралася. Ёсць меладычнасць — няма “закручанасці” сюжэта. Ёсць прыдатныя размоўныя дыялогі — няма вакальных нумароў, бо не напісаны пакуль да іх вершы. А здаралася і так, быццам суладдзе ёсць, ды толькі — тэатралізаванасці бракуе.

Літары: чытаць — можна, а ставіць?

У літаратурнай частцы конкурсу “перамог”, безумоўна, Уладзімір Караткевіч: да ягоных твораў аўтары звярнуліся ажно ў чатырох выпадках, абраўшы “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Лятучага Галандца” і, двойчы, “Ладдзю Роспачы”. Можна, канешне, парадавацца за нашага класіка і прызнанне яго творчасці. Але ж ці не падстава гэта для роздуму, калі з усёй нацыянальнай літаратуры абіраецца толькі адно імя?..

Прааналізаваўшы матэрыялы, я з жахам пераканалася, што некаторыя аўтары разумеюць пад сінопсісам “школьны” пераказ сюжэта літаратурнага твора. А між тым, музычная драматургія мае свае асаблівасці, яна змяняе і характары герояў, і абставіны, у якіх яны дзейнічаюць, і, вядома, жанравыя абрысы.

Штосьці папраўдзе блізкае да музычнага мыслення можна было знайсці хіба ў сінопсісе Дзяніса Марціновіча паводле “Ладдзі Роспачы”. Пачыналася ўсё з кірмашу — а гэта можа стаць яркай, каларытнай сцэнай, уласцівай ледзь не кожнаму музычнаму спектаклю: ёсць дзе паспяваць-патанчыць. Сустрэча Гервасія з Бярозкай была прадугледжана яшчэ ў першай дзеі, у рэальным жыцці. Пазней дзяўчына станавілася сведкай сустрэчы свайго каханага з каралевай Бонай. Адразу складаўся такі, упадабаны ў операх ды аперэтах, трохкутнік. Пасварыўшыся, закаханыя былі гатовы памерці ад нераздзеленых, як ім здавалася, пачуццяў — тут і падпільноўвала іх Смерць, што само па сабе з’яўляецца рэальным тлумачэннем зусім не фантасмагарычнага з’яўлення “бабулі з касой”.

Магчымыя спробы “абараніць” Караткевіча ад падобных “перапрацовак” будуць марныя: вылучэнне на першы план не філасофскай асновы твора, а яго любоўнай лініі даўно ўжо стала ў музычным тэатры традыцыйным. Менавіта так, нагадаю, было і з “Фаўстам”, і з “Яўгеніем Анегіным”. Законы жанру!

На жаль, тыя ж праблемы “немузычнасці” былі і ў прадстаўленых лібрэта. У некаторых, што называецца, было няма дзе ўціснуць хоць якое-небудзь спеўнае ўкрапванне. Затое шчодра выкарыстоўвалася “музыка фонам”, як у драмтэатры. З дыялогамі, а то і меладэкламацыяй, як у жанры меладрамы ХVІІІ стагоддзя.

А гумар? У Музычным тэатры, ужо ў адпаведнасці са спецыфікай яго рэпертуару і самой публікі, без гумару цяжкавата. У прадстаўленых жа заяўках апошні, часцей за ўсё, адсутнічаў. Зразумела, у жанры мюзікла магчымы і трагедыі. Але хто сказаў, што хаця б нейкая доля жартаў, “прыколаў”, трапных заўваг ці хаця б іроніі ім перашкодзіць? Можа, наадварот, усё гэта толькі падкрэсліць трагізм?

Адзіным выключэннем тут засталася “Камароўка, Камароўка…” Браніслава Сарманта і Барыса Жанчака. Дыялогі, за некаторым выключэннем, — проста цукерачка: іх можна “разабраць” на анекдоты і крылатыя выразы. Сама ідэя — супер! Камароўка — гэта, калі хочаце, своеасаблівы жартоўны імідж сталіцы, а менавіта на месцы цяперашняга кірмашу і плошчы Якуба Коласа адбываецца дзея. Суцэльны блок твора вяртае нас да “карцінак мінулага”: перад вачыма праходзяць падзеі, што адбываліся (ці маглі б адбывацца) тут у мінулыя стагоддзі. Героі без цяжкасці “раскладаюцца” на класічную аперэту: дзве пары лірычных закаханых (“бацькі і дзеці”), дзве — характарных герояў рознага ўзросту (субрэтка і прастак). А вось з усім астатнім, уключаючы інтрыгу і асабліва фінал, — праблематычна. Але ж тэатру тут ёсць над чым падумаць, бо адмаўляцца ад такой папраўдзе “брэндавай” сталічнай ідэі было б неабачліва, хаця і папрацаваць давядзецца — удосталь.

Такім чынам, многія творы былі “асуджаны” ўжо на ўзроўні драматургіі, што можна было прадбачыць яшчэ да пачатку конкурсу. Яны ператвараліся то ў “канцэрт у касцюмах”, складзены з адно экспазіцыйных нумароў, якія не рухаюць дзеянне, то ў пераказ сюжэта, нават са шматлікімі ўстаўкамі “ад аўтара”, аддадзенымі “голасу за кадрам”. Апошні прыём, дарэчы, набліжаў магчымае відовішча да вячэрняга радыёспектакля са спакойным, размераным аповедам: спачатку пра падзеі нам расказвае вядучы, потым многае з таго атрымлівае пацвярджэнне ў дыялогах з устаўнымі музычнымі нумарамі. Ідэальны варыянт для эфіру! Спачатку — сцісла “пра навіны”. Потым — больш грунтоўна пра кожную з іх, з так званымі гаворачымі галовамі. І як “адбіўкі” паміж развіццём сюжэта — музыка. Усё папраўдзе скіравана на тое, каб сюжэтныя перыпетыі былі зразумелыя кожнаму, хто далучыцца да праграмы нават не з яе пачатку. Але ж для тэатра падобная драматургія наўрад ці будзе такой жа выйгрышнай: сучасны глядач прагне імклівага дзеяння.

Ноты: мелодыя ёсць, а рытмы і тэмпы…

Кампазітары, нагадаю, у большасці прынеслі ў тэатр тое, што ўжо было ў іх “партфелях”. Мюзікл Ганны Казловай “Барбара NEW” на лібрэта Таццяны Сінькевіч гучаў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў канцэртным выкананні, з запрашэннем нават оперных спевакоў. Раней, ажыццёўлены больш аматарскімі сіламі, ён паказваўся і ў тэатралізаваным выглядзе.

Прыносілі і незавершанае. Ці тое, што пачыналі пісаць “у нікуды”, без праекцыі на пэўны тэатр ды рэальных выканаўцаў. Ці тое, што было прызначана для драмспектакляў, ды не скарыстана там цалкам. Так здарылася, да прыкладу, з абедзвюма “Ладдзямі…”. Мелодыі Алега Чыркуна можна было пачуць у эксперыментальнай студэнцкай пастаноўцы, што аднойчы прэзентавалася ў фае Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Алегу Хадоску замаўлялі музыку да драматычнай пастаноўкі “Ладдзі…”, што ўвасаблялася Ігарам Пятровым на леташнім Міжнародным форуме “ТэАрт”. Але рэжысёр узяў толькі частку напісанага, далучыўшы таксама іншыя музычныя фрагменты.

Песенныя і інструментальныя нумары “Лятучага Галандца”, прафесійна зробленыя Сяргеем Бельцюковым, цалкам адпавядаюць нетаропкай па тэмпарытме літаратурнай аснове і строга вытрымліваюць патрабаванні вячэрняга эфіру. Тут ёсць і жанравыя часткі, што дапамагаюць “абмаляваць” месца дзеяння і характары дзеючых асоб, і спакойная, ненадакучлівая музыка, якая спрацоўвае як “калыханка” для дарослых, паралельна дапамагаючы тым няспешна, але ў рытме займацца сваімі справамі і неўзабаве пераходзіць да сну.

Ні ў адной з прадстаўленых работ не было драйву, сучасных рытмаў, той шалёнай энергетыкі і самога пачуцця захаплення, якога мы так чакаем у мюзіклах і блізкіх да іх оперных жанрах з прыстаўкамі рок-, поп-, лайт-. Нават тэмпы былі, часцей за ўсё, павольныя, разважлівыя, нетаропкія: маўляў, менталітэт у нас такі. Дык усё ж сапраўды — менталітэт? Ці, можа, стос традыцый, якім, на думку нашых папярэднікаў, павінен быць беларускі нацыянальны спектакль? Але ж час змяніўся! І мы — таксама. Усё больш пачуваем сябе ў цэнтры Еўропы…

Вядома, мы пачулі далёка не ўсё, на што здольныя аўтары, якія прэзентавалі свае праекты. Але падкрэслю, што ў выніку конкурсу тэатр разлічваў на “цалкам гатовы прадукт”, які трэба будзе хіба “перанесці” на сцэну. А яшчэ — на шырокае адкрыццё новых і прытым маладых імёнаў аўтараў. А галоўнае — на атрыманне адразу шэдэўраў. Прычым на выключна нацыянальную тэму, але каб гэта быў сусветны ўзровень. Ці хаця б — не ніжэй за летась паказаную екацерынбуржцамі лайт-оперу “Мёртвыя душы” А.Пантыкіна, што атрымала безліч расійскіх тэатральных прэмій “Залатая маска”.

Але ж так не бывае, каб адразу і цалкам! Свярдлоўскі тэатр музкамедыі не адзін год “гадаваў” ды песціў сваіх аўтараў, падтрымліваючы іх нават не самыя ўдалыя спробы. І мэтанакіравана замаўляў ім тое, што хацеў бы бачыць на сваёй сцэне. Чаму б і нам так не зрабіць? І ў тэатры, і на старонках “К” неаднойчы былі выкладзены прапановы правесці спачатку конкурс ідэй: пра што будзе спектакль. Потым — сінопсісаў на “зададзеную тэму”. Нарэшце, можна замовіць лібрэта, якое адразу будзе стварацца з удзелам рэжысёра, каб яму потым штосьці не перарабляць. Хочаце адкрыць новыя кампазітарскія імёны? Выберыце з гатовага лібрэта два-тры рознахарактарныя, але важныя у драматургіі фрагменты — і аб’явіце конкурс на стварэнне да іх музыкі. А тады замаўляйце твор таму, хто вас больш задавольвае.

…Ужо пасля падвядзення вынікаў Ларыса Сімаковіч прынесла ў тэатр свой “Апокрыф” паводле М.Багдановіча. А “Люцыяна Таполю” паводле М.Танка — “пашкадавала”. Затое прапанавала звярнуць увагу на дзве англамоўныя рок-оперы Яна Жанчака: з перакладам іх на беларускую мову праблем не паўстане. Так што ў тэатра ёсць час для роздуму. Тым больш, што ўлетку мае адбыцца даўно запланаваная прэм’ера пазаконкурснай “Соф’і Гальшанскай” Уладзіміра Кандрусевіча. А далей можна і не спяшацца?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"