Днямі ў Брэсце адкрыўся новы мост праз Буг, і да гэтай падзеі была прымеркавана першая экскурсія на Пагранічную выспу, што знаходзіцца за Цярэспальскай брамай.
Уласна кажучы, трапіць на гэтую выспу можна было і раней (праўда, па прапусках: усё ж такі побач — дзяржаўная мяжа), а вось экскурсій па ёй не ладзілася. Першымі з новым турыстычным аб’ектам азнаёміліся прадстаўнікі ўлады, дыпламаты і журналісты. Для гасцей зладзілі тэатралізаваную дзею: яны нібыта акунуліся ў час паміж вераснем 1939-га і чэрвенем 1941 года. На іх вачах рыхтаваліся і маршыравалі чырвонаармейцы, якім было наканавана прыняць першы бой Вялікай Айчыннай. Такая ці падобная да яе гістарычная рэканструкцыя можа стаць часткай турыстычнага сцэнарыя, уключанага ў пастаянны маршрут.
Дырэктар мемарыялу Рыгор Бысюк выказаў надзею, што ў перспектыве так яно і будзе. Ужо ідзе гаворка і пра аднаўленне моста з Брэсцкай крэпасці, з беларускага боку, на польскую тэрыторыю. Дзякуючы гэтаму наведвальнікаў у Цытадэлі стане яшчэ больш.
Сёння да стварэння на ўсёй тэрыторыі Брэсцкай крэпасці гісторыка-культурнага комплексу далучыліся інвестары "цяжкай вагавой катэгорыі", а таксама камерцыйныя структуры. Над будучым абліччам крэпасці працуюць чатыры групы архітэктараў.