Не чакаць адкрыццяў збоку. Хоць паспрабаваць…

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

Магчыма, для кагосьці тое зусім не падзея: днямі Мінск наведаў Ігар Лебедзеў — фатограф, педагог Дзяржаўнага музейна-выставачнага цэнтра "РОСФОТО", куратар выставак, гісторык. Наведаў ён сталіцу з прыемнай, здавалася б, мэтай: пазнаёміцца з беларускімі фатографамі ды іх творчасцю. На дадзены момант Цэнтр, заснаваны Міністэрствам культуры суседняй краіны, які прадстаўляе Ігар Лебедзеў, фарміруе калекцыю беларускай фатаграфіі, і цалкам лагічна, што спецыяліст прыехаў да нас з жаданнем бліжэй пазнаёміцца з беларускім фатаграфічным асяродкам ды калекцыямі, серыямі, знакавымі творамі нашых аўтараў.

Не буду казаць пра тое, ці ўдалося Ігару Валер’евічу заахвоціць кагосьці падарыць ягонай інстытуцыі свае здымкі. Усё ж такі быць у калекцыі "РОСФОТА" — прэстыжна. Гэта, урэшце, не прадмет для сённяшняй рэплікі. Засмуціла іншае. Напэўна, расійскі эксперт — далёка не першы, хто цікавіцца феноменам беларускай фатаграфіі, ды, спадзяюся, не апошні. Цікавасць да айчынных аўтараў чамусьці адчуваецца ў нас усё больш з-за мяжы, але не з нацыянальных нашых акадэмій, музеяў, галерэй, агенцтваў, бібліятэк. І чамусьці гэтая дзіўная тэндэнцыя нікога не засмучае.

Вядома, што на маю прэтэнзію адразу "пасыплецца" дождж надзённых пытанняў: маўляў, а ці маем мы, творцы, або тыя ж музеі, грошы на закупку калекцый фатаграфій? Ці ёсць чалавек у айчынных установах, які прафесійна займаецца "гэтай самай" фатаграфіяй? Ды, увогуле, а "ці ёсць хлопчык?" А мо ў нас няма і той фатаграфіі, якую неабходна купіць ці нават проста злачынна не купіць у нацыянальныя фонды?

Сказаць па шчырасці, гэтыя "надзённасці", пры ўсёй іх рацыянальнасці, для мяне не адыгрываюць вядучай ролі — асэнсавання каштоўнасці фатаграфіі як дакумента гісторыі (няхай сабе і суб’ектыўнага), як твора мастацтва. Ці мае для нас значэнне "зрокавая памяць" пакаленняў беларусаў? Хіба не цікавыя для нас візуальныя пошукі яшчэ тых фатографаў-аматараў, пачынальнікаў фатаграфічнага руху на Беларусі, а, у рэшце рэшт, як сведчыць гісторыя, заснавальнікаў нацыянальнай школы фатаграфіі? Увогуле, ці разумеем мы, што нам можа даць і дае зусім маладое, па гістарычных мерках, мастацтва фатаграфіі?

Вось на гэтыя пытанні, у першую чаргу, трэба даць адказы, і тады тыя "надзённыя" — вырашацца "ў рабочым парадку".

Пакуль жа фатографа і эксперта фатаграфіі Ігара Лебедзева не засмучаюць усе тыя "але": ён бачыць у нашым, хочацца сказаць, "белфота" каштоўнасць, адметнасць, ды, вядома, патэнцыял. Яго прыклад — не адзінкавы.

Толькі на мінулым тыдні я вярнулася з Віцебска, дзе мне ўдалося сустрэцца з адным з удзельнікаў фотаклуба "Віцебск" Міхаілам Шмерлінгам. Так, у Віцебску існаваў свой фотаклуб, які, на жаль, сышоў у нябыт у 1990-я. Размаўлялі без перапынку дзве гадзіны. І Міхаіл Маркавіч паказваў старыя каталогі з выставак, брашуры, выразкі з газет. Выпадкова трапляецца адна з іх пад назвай "Падарыў выстаўку музею". "А хто гэта падарыў?" — рэагую. "Я, — адказвае Шмерлінг, — аднаму польскаму музею". І, нібыта саромеючыся, дадае: "Музей мне зладзіў шыкоўную выстаўку. Вельмі цёпла прымаў. Я не мог быць няўдзячным…"

Дык вось, можа, пачынаць трэба акурат з гэтага: любіць сваё, любіць сваіх? Не ставіцца да ўласных аўтараў як да вандроўных летуценнікаў, а даваць ім шанц выявіць сябе? Не чакаць, калі хтосьці збоку адкрые іх для нас, а — рабіць гэта самім. Хоць паспрабаваць. І хутчэй збіраць іх арыгінальныя творы (надрукаваныя на паперы і па тэхналогіі, адпаведнай свайму часу ) ў нацыянальныя музеі ды архівы, пакуль іншыя — няхай і паважаныя, замежныя эксперты — не зрабілі гэта за нас. Толькі для сваіх фондаў.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"