Алімпійскае золата — музейны экспанат

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

У пачатку наступнага тыдня новымі каштоўнымі прадметамі папоўняцца выставачныя залы Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

У прыватнасці, як адзначыў выконваючы абавязкі загадчыка ўстановы Сяргей Ісаковіч, шырокай грамадскасці будуць прадстаўлены чатыры прадметы, якія характарызуюць поспехі айчыннага спорту.

/i/content/pi/cult/415/8460/1-4.jpeg

Так, на дэпазіт у Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці трапіў першы ў гісторыі суверэннай Рэспублікі Беларусь сярэбраны алімпійскі медаль, які заваяваў чэмпіён свету, біятланіст Аляксандр Папоў на XVI Зімовых алімпійскіх гульнях 1992 года ў французскім Альбервілі ў складзе эстафетнай каманды Аб’яднанай каманды краін былога Савецкага Саюза. Не менш сімвалічны для беларускага спорту і залаты медаль нашага параалімпійца Ігара Бокія, які стаў на спаборніцтвах у 2012-м у Лондане пяціразовым чэмпіёнам Параалімпіяды.

Ужо ў панядзелак у адной з залаў Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці можна будзе ўбачыць і Кубак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які штогод ўручаецца пераможцу Адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па хакеі, а таксама парадны мужчынскі касцюм спартсменаў беларускай дэлегацыі на Алімпійскіх гульнях 2010 года ў канадскім Ванкуверы.

Варта адзначыць, што Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, які адкрыўся летась, 22 чэрвеня, за паўгода наведала каля дзвюх тысяч чалавек. Сёння экспазіцыя музея налічвае каля 800 прадметаў і спалучае ў сабе новыя метады падачы музейных прадметаў і самыя сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі XXI стагоддзя.