З СЯБРАМІ Ў РАТЭРДАМЕ

№ 48 (814) 01.12.2007 - 07.12.2007 г

1 снежня беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі Юрыем Азаронкам адправілася ў Ратэрдам (Нідэрланды), дзе 8 снежня адбудзецца Міжнародны дзіцячы конкурс песні “Еўрабачанне-2007”. Беларусь на конкурсе прадставіць Аляксей Жыгалковіч.

 /i/content/pi/cult/139/846/Eurofest.jpg
У складзе беларускай дэлегацыі, акрамя Аляксея Жыгалковіча, у Нідэрланды адправяцца сем удзельнікаў танцавальнай групы, бацька Аляксея — А.Жыгалковіч, педагог па вакале В.Вронская, харэограф А.Мяжэнны, урач-фаніятар Ж.Раманава, прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі.
Нагадаем, што на “Еўрабачанні” Аляксей Жыгалковіч прадставіць сваю песню “З сябрамі”, якая прынесла перамогу юнаму артысту на Рэспубліканскім дзіцячым конкурсе “Песня для Еўрабачання”.Упершыню ў гісторыі дзіцячага “Еўрабачання” ўсе канкурсанты будуць выконваць фінальную песню “One world”. Такім чынам, у гэтым годзе прадстаўнікі краін-удзельніц рыхтавалі да “Еўрабачання” адразу дзве песні: конкурсную — на роднай мове і фінальную — на англійскай.
8 снежня адбудзецца Міжнародны дзіцячы конкурс песні “Еўрабачанне-2007”. Традыцыйна прамую трансляцыю конкурсу будуць весці Першы канал і тэлеканал “Беларусь-TV”. Каментатар шоу — Дзяніс Кур’ян. Тэлегледачы краін-удзельніц, у тым ліку і Беларусі, з дапамогай інтэрактыўнага галасавання выберуць пераможцу дзіцячага “Еўрабачання-2007”.
Галасаванне пачнецца разам з выкананнем першай песні і закончыцца пасля другога паўтору ўсіх песень. Па правілах конкурсу, тэлегледачы змогуць галасаваць за ўсіх выканаўцаў, акрамя прадстаўнікоў сваёй краіны. Для тэлефоннага галасавання неабходна тэлефанаваць на нумар 8-810-101-03-ХХ (ХХ — нумар выканаўцы, які спадабаўся, ад 1 да 17). Кошт званка складае 1000 беларускіх рублёў. Для sms-галасавання неабходна адпраўляць sms-паведамленні з нумарам выканаўцы, які спадабаўся, (ад 1 да 17) на нумар 7708.Кошт паведамлення — 1300 беларускіх рублёў.
Вынікі галасавання тэлегледачоў Беларусі аб’явіць васьмікласнік гімназіі-каледжа № 24 Аляксандр Рагачэўскі.8 снежня “хварэем” за нашых, галасуем за лепшых! Прамая трансляцыя на Першым і “Беларусь-ТV” пачнецца ў 21.15.

Паводле матэрыялаў прэс-службы
Белтэлерадыёкампаніі