Экспазіцыя паклікана данесці гледачу асноўную думку мастака: духоўнасць чалавека і яго рэлігійнасць з’яўляюцца галоўнымі шляхамі да міру і гармоніі між людзьмі.
На выстаўцы асабліва шырока прадстаўлены работы майстра, звязаныя з віцебскай тэматыкай, сярод якіх — "Чалавек-певень" (1925 г.), "Над Віцебскам" (1915 — 1920 гг.) і некаторыя іншыя.
У цырымоніі адкрыцця экспазіцыі прыняў удзел Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка. Пад час мерапрыемства адбылася сустрэча Пасла з унучкай Марка Шагала — Мерэ Мейер-Грабер. У размове яна падкрэсліла, што заўжды з вялікім замілаваннем наведвае радзіму дзеда — горад Віцебск. Суразмоўца адзначыла, што Віцебск заўсёды з’яўляўся для Майстра каштоўнасцю, якую ён насіў з сабой, і ў кожнай кропцы свету, дзе б ён ні знаходзіўся, родны горад заўсёды быў для Марка Шагала крыніцай натхнення…
Павел Латушка і Мерэ Мейер-Грабер дамовіліся аб сустрэчы ў Пасольстве Беларусі ў Парыжы ў самы бліжэйшы час.
Кіраўнік дыпмісіі правёў таксама размову з прэзідэнтам Асацыяцыі нацыянальных музеяў Францыі Жанам-Полем Клюзэлем, які ў гутарцы адзначыў, што на выстаўцы асаблівы акцэнт зроблены на творах Марка Шагала віцебскай тэматыкі.
З нагоды адкрыцця экспазіцыі вядучая французская газета "Le Figaro" надрукавала артыкул, дзе асабліва адзначыла значны ўклад Марка Шагала ў сусветную скарбніцу культуры. Французскае выданне падкрэсліла, што Шагал нарадзіўся ў Віцебску на Беларусі. У артыкуле адзначаецца, што ў 1910 годзе ён вучыўся ў Парыжы ў былога знакамітага мастака, ураджэнца Беларусі Льва Бакста.
Выстаўка работ Марка Шагала ў Люксембургскім музеі працуе да 21 ліпеня.
На здымку: Люксембургскі палац у Парыжы.