Аварыйны РДК для мецэнатаў — не прынада

№ 36 (1058) 08.09.2012 - 14.09.2012 г

Кіраўнік раёна просіць "К" дапамагчы... / Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

Рубрыка “Культура і інвестар” трывала “жыве” на старонках “К” не першы месяц. Можна ўжо і пэўныя высновы зрабіць. Адна з іх — досыць несуцяшальная: рэгіянальныя аддзелы культуры Беларусі пакуль не спяшаюцца “пасябраваць” з бізнес-структурамі.

Так, у некаторых раёнах яны маюць добрую і напрацаваную базу кантактаў з той або іншай дзяржаўнай ці прыватнай арганізацыяй, даволі часта ў райцэнтрах ствараюцца апякунскія саветы, якія вырашаюць надзённыя фінансавыя пытанні сферы. Зрэдку пад канкрэтныя бізнес-ідэі культработнікаў знаходзяцца грошы зацікаўленых айчынных ды замежных інвестараў…

Але асноўная карціна вока не радуе, бо ў раёнах яшчэ слаба разумеюць важнасць дзяржаўна-прыватнага партнёрства і працуюць, часцей за ўсё, толькі на асабістых кантактах з кіраўнікамі прадпрыемстваў ці прыватнікамі, якія далей за выдаткоўванне не надта вялікіх сум на надзённыя патрэбы ўстаноў культуры папросту не выходзяць.

Менавіта такую сітуацыю заспеў у Чавускім раёне Магілёўскай вобласці: адшукаць прыклады супрацоўніцтва з інвестарамі было складана. Але ж, думаецца, не варта ўсю віну ўскладваць тут толькі на супрацоўнікаў сферы рэгіянальнай культуры. Бо пры той матэрыяльна-тэхнічнай базе ўстаноў галіны, што маецца на сёння ў Чавусах, казаць пра паспяховую працу з інвестарам проста не выпадае.

/i/content/pi/cult/413/8455/10-1.jpeg

Праблема коштам у мільярды

Адно з самых балючых пытанняў сферы  — капітальны рамонт і рэканструкцыя раённага Дома культуры. Менавіта на гэтую праблему пад час інтэрв’ю звярнуў увагу старшыня Чавускага райвыканкама Анатоль Мацюлін. І папрасіў нашу газету паспрыяць у яе вырашэнні.

Сапраўды, з вопыту мінулых паездак у рэгіёны вядома, што галоўная ўстанова культуры горада зазвычай з’яўляецца і асноўным, так бы мовіць, генератарам тых мецэнацка-спонсарскіх праектаў-ідэй, якія паспяхова ажыццяўляюцца спачатку ў райцэнтры, а пасля бяруцца на ўзбраенне культработнікамі сельскіх клубаў і бібліятэк.

Дык вось, рухавіком і флагманам гэтага працэсу Чавускі РДК не можа быць апрыёры. Справа ў тым, што галоўны “агмень” культуры на сённяшні дзень папросту не эксплуатуецца. А калі ўзяць пад увагу, што ў райцэнтры больш няма вялікай актавай залы для правядзення буйных масавых мерапрыемстваў, дык становіцца зразумела: капітальны рамонт установы — галоўны галаўны боль кіраўніцтва райвыканкама.

Нейкія зрухі ў вырашэнні гэтага пытання на сёння ёсць. Як распавёў начальнік аддзела культуры Чавускага райвыканкама Дзмітрый Ткачонак, ужо цалкам падрыхтавана і аплачана праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт установы. Дапамог у гэтым абласны бюджэт: ПКД абышлася ў немаленькую суму ў сто дваццаць мільёнаў рублёў. Але ж сам капрамонт, па словах кіраўніка сферы культуры, пацягне ўжо на мільярды, і не на адзін-два, а ажно на дзясятак. Такія грошы ў раённым і абласным бюджэтах у сённяшніх няпростых эканамічных умовах, натуральна, знайсці вельмі цяжка. І ці будуць яны знойдзены — пытанне досыць складанае.

Вось таму і даводзіцца супрацоўнікам Дома культуры пастаянна выязджаць з канцэртамі ў бліжэйшыя і аддаленыя паселішчы Магілёўскай вобласці, не кажучы ўжо пра свой раён. А для правядзення масавых мерапрыемстваў выкарыстоўваюцца актавыя залы ў бліжэйшых да Чавусаў сельскіх дамах культуры. Якая ўжо тут праца з інвестарамі ці мецэнатамі? Выжыць бы і выканаць план платных паслуг…

Прычым слова “выжыць” я скарыстаў у літаральным значэнні. У адным з кабінетаў РДК на сённяшні дзень абвалілася столь, і цяпер уваход туды забаронены... Ды непакоіць іншае: у суседніх двух кабінетах — супрацоўнікі раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы. Перасяліць іх у іншыя памяшканні ці ў які-небудзь іншы будынак, па словах начальніка аддзела культуры, няма магчымасці. Але як у такіх умовах ствараць? Як у такіх умовах думаць пра новыя формы работы ці працу з інвестарамі? Пытанні, на мой погляд, — досыць рытарычныя…

Цішыня ды спакой

З названай праблемы — аварыйнага стану РДК — вынікае і іншая: у райцэнтры папросту бракуе цікавых масавых мерапрыемстваў, як не хапае і месцаў для адпачынку ні для моладзі, ні для старэйшага пакалення. Не працуе Дом культуры, і, натуральна, у ім не ладзяцца вечары адпачынку, канцэрты, ранішнікі, святы… І гэта прытым, што летняя танцавальная пляцоўка, якая знаходзіцца каля РДК, таксама сёлета не функцыянавала...

Гэтую праблему баўлення вольнага часу адчуў асабіста і напоўніцу. Пасля журналісцкіх клопатаў вырашыў прайсціся па райцэнтры. На гадзінніку — 17.30. Здаецца, самы час для працы кафэ, крам, гандлёвых кропак, правядзення цікавых агульнагарадскіх мерапрыемстваў… Але на вуліцах — цішыня ды спакой. Ды і шматлікія ўстановы ў гэты час ужо закрыліся. Так, маё жаданне патэлефанаваць на стацыянарны тэлефон у Мінск не было задаволена: аддзяленне мясцовай пошты скончыла працу а пятай гадзіне вечара. Спроба пасядзець у Інтэрнэце на пункце “Белтэлекама” таксама была няўдалай: установа працавала толькі да 18.00…

Абыход цэнтра Чавусаў у любога турыста (і ў мяне ў тым ліку) не заняў бы нават і гадзіны: колькі гаспадарчых ды прадуктовых крам, адно кафэ — вось, зрэшты, і ўсе адметнасці. Нават у цэнтральным парку, што знаходзіцца якраз насупраць будынка райвыканкама, было пуставата... Пра дзіцячыя атракцыёны, якія маглі б размясціцца тут або ў якім іншым месцы райцэнтра, ніхто пакуль так і не парупіўся…

Увогуле, кожны падарожны можа без асаблівых турбот заўважыць, што людзей пасля 6-й вечара ў цэнтры Чавусаў зусім небагата. І гэта цалкам зразумела: куды ж тут можна пайсці? Вось і мне давялося, стаміўшыся ад нецікавага хаджэння па горадзе, занурыцца ў гасцініцу і глядзець тэлевізар…

Зрэшты, я да таго, што культурны патэнцыял Чавусаў, што знаходзяцца прыкладна за 35 кіламетраў ад Магілёва, павінен выкарыстоўвацца больш належным чынам. Іншае пытанне — ці можна гэта зрабіць без вырашэння праблемы РДК. Вось таму сёння жыхарам райцэнтра толькі і застаецца, што выязджаць у блізкі Магілёў ды бавіць час там, балазе ў абласным цэнтры культурных мерапрыемстваў і цікавых акцый — дастаткова. Дарэчы, жыхары Чавусаў так і робяць, як я даведаўся з некалькіх апытанняў, узятых у гэты дзень на амаль пустых гарадскіх вуліцах...

/i/content/pi/cult/413/8455/10-3.jpeg

Музейнае ноу-хау

Але ж вярнуся да тэмы дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва. Натуральна, прыклады паспяховага ўзаемадзеяння паміж прыватнымі і дзяржаўнымі арганізацыямі з аднаго боку і культработнікамі з другога ў Чавускім раёне ёсць. І найбольш ярка яны прадстаўлены, па словах Дзмітрыя Ткачонка, у мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі. Па словах жа дырэктара ўстановы Ніны Казаковай, на спонсарскія сродкі ўдалося зрабіць рамонт у адной з экспазіцыйных залаў — “Дасягненні і гонар Чавускага раёна”. Цяпер тут можна ўбачыць спартыўную экіпіроўку алімпійскага чэмпіёна Ванкувера і мясцовага ўраджэнца Сяргея Новікава, падарункі ад гарадоў-пабрацімаў, узнагароды, якія раён атрымаў цягам усяго пасляваеннага перыяду, ды многае іншае.

Але ж, на мой погляд, дадзены выпадак наўрад ці можна назваць спонсарствам у поўным сэнсе гэтага слова. Хутчэй за ўсё, тут удалося выкарыстаць так званы адміністрацыйны рэсурс. Справа ў тым, што, ведаючы пра гаротны матэрыяльна-тэхнічны стан музея, кіраўнік раёна Анатоль Мацюлін пайшоў насустрач пажаданням мясцовых музейшчыкаў і выклікаў да сябе прадпрымальнікаў раёна. На просьбу старшыні райвыканкама аказаць пасільную дапамогу ўстанове культуры прыватнікі, натуральна, адгукнуліся. Але сцвярджаць, што такі спосаб здабывання “спонсарскіх” сродкаў — надта ўдалы ды мае перспектывы, было б не зусім пераканаўча.

У музеі гэта выдатна разумеюць. Таму і імкнецца кіраўніцтва ўстановы задзейнічаць і іншыя спосабы, каб прыцягнуць мецэнатаў да ўзаемадзеяння. Адзін з такіх спосабаў спрацаваў, на мой погляд, вельмі ўдала: музейшчыкі зацікавілі сваім праектам мясцовую ветэранскую арганізацыю, і яна выдаткавала больш за 30 мільёнаў рублёў на набыццё агучвальнай сістэмы для пяці экспазіцыйных залаў установы культуры.

Цяпер пры ўваходзе ў залу, прысвечанай, прыкладам, падзеям Вялікай Айчыннай вайны, наведвальнікі могуць паслухаць голас Левітана, які зачытвае зводку “ад Савецкага Інфармбюро”, або прамову Сталіна, што прагучала на пачатку вайны. А ў залах прыроды чуюцца галасы разнастайных птушак, віск дзіка ці рык быка… Усё гэта стварае адпаведны антураж пры правядзенні экскурсій, і, па словах Ніны Казаковай, музейнае ноу-хау прышлося даспадобы ўсім наведвальнікам.

Досыць плённа супрацоўнічаюць у музеі і з іншымі арганізацыямі, напрыклад, з Брэсцкай мытняй. Менавіта дзякуючы брэсцкім пагранічнікам музейныя калекцыі папоўніліся так званым канфіскатам — шматлікімі экспанатамі даваеннай і ваеннай пары, сярод якіх — узнагароды, старадаўнія манеты, прадметы побыту і многае іншае. Усё гэта было перададзена мясцовым музейшчыкам на бязвыплатнай аснове.

Прычым уся гэтая паспяховая праца з мецэнатамі праводзіцца нягледзячы на тыя неспрыяльныя ўмовы, у якіх цяпер знаходзіцца ўстанова культуры. А ўмовы такія: сёння музей рамантуецца, і пачаліся гэтыя работы з даху, бо ягоны гаротны стан даўно выклікаў неспакой у кіраўніцтва аддзела культуры. Ды і сам будынак 1902 года “нараджэння”, у якім і знаходзіцца ўстанова культуры, патрабуе неадкладнай увагі. А ўжо пасля рамонту даху, як заўважыў Дзмітрый Ткачонак, будзе праведзена замена электрычнасці, сістэм ацяплення ды каналізацыі, а таксама дзвярэй і вокнаў. Усе гэтыя работы ладзяцца згодна з Дзяржпраграмай “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады, паводле якой пад гэтыя мэты прадугледжаны 1 мільярд 600 мільёнаў рублёў.

А пакуль наведвальнікаў сустракаюць вёдры з вадой, разгорнутыя на падлозе анучы і дыванкі, а на столі — плямы ад дажджу… Як запэўніў Дзмітрый Ткачонак, рамонт даху плануецца завяршыць да восеньскага сезону дажджоў. Тым больш, грошы пад гэтыя мэты ўжо выдаткаваны…

/i/content/pi/cult/413/8455/10-2.jpeg

Гітара ад мецэната

Ёсць у раёне, вядома ж, і іншыя выпадкі паспяховай працы ў сферы дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Напрыклад, мясцовы аўтаклуб нядаўна “разжыўся” электрагітарай. Падарунак ад спонсара-прыватніка плануе выкарыстоўваць пад час сваіх выступленняў эстрадны калектыў, створаны пры названай установе культуры.

Яшчэ адзін прыватнік спансіраваў выезд навучэнкі раённай ДШМ на ІІІ Міжнародны конкурс-фестываль юных выканаўцаў народнай песні “Анежская хваля”, што адбыўся летась у Расіі. З гэтага мерапрыемства Вікторыя Марозава прывезла дыплом ІІ ступені, так што, як бачна, мецэнацкія сродкі былі выдаткаваны на паездку не дарэмна.

А, напрыклад, у аграгарадку “Асінаўка” даўно і вельмі плённа супрацоўнічаюць з кіраўніцтвам мясцовага СВК. Як распавяла дырэктар клуба народнай творчасці Жанна Ішчанка, яе работнікі ладзяць для сяльчан канцэрты і разнастайныя мерапрыемствы проста ў полі, пад час жніва, запрашаюць іх на свае канцэртныя праграмы, праводзяць цікавыя акцыі ды імпрэзы. І, зразумела, такая актыўнасць клубнікаў не праходзіць дарма: кіраўніцтва СВК “Асінаўка” не так даўно падарыла ўстанове культуры новы тэлевізар, а таксама пастаянна выкупляе білеты на канцэрты абласной філармоніі, што ладзяцца тут прыкладна раз на два-тры месяцы. Так што ўзаемадзеянне культработнікаў з кіраўніцтвам прадпрыемства — сапраўды ўзаемакарыснае і цалкам задавальняе абодва бакі.

Плённа працуе з мецэнатамі і Чавуская раённая бібліятэка. Так, мясцовай ЦБС, дзе востра стаіць пытанне аб папаўненні ды абнаўленні фондаў, прыватныя ды дзяржаўныя арганізацыі і прадпрыемствы, а таксама мясцовыя жыхары пастаянна дораць новыя кнігі. Маюць плён і сустрэчы з мясцовымі аўтарамі — беларускімі паэтамі ды празаікамі, — што ладзяцца ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы. Так, пасля вечара з пісьменнікамі — мясцовымі ўраджэнцамі Соф’яй Шах і Ізяславам Катляровым у кожнай бібліятэцы раёна з’явілася па некалькі новых кніг гэтых аўтараў.

Натуральна, у раёне маюцца і іншыя прыклады дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцва. Усе яны сведчаць пра тое, што паступова праца з мецэнатамі ды інвестарамі робіцца для мясцовых клубнікаў і бібліятэкараў усё больш важнай і надзённай.

Але ж несумненна і тое, што спонсарская дзейнасць у сферы культуры Чавускага раёна пакуль не зрабілася сістэмнай і пастаяннай. Адсутнічае ў рэгіёне і свой апякунскі савет, няма ўзаемадзеяння са шматлікімі айчыннымі ды замежнымі дабрачыннымі фондамі, бракуе цікавых праектаў, якімі можна прывабіць патэнцыйных мецэнатаў, як, напрыклад, у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, дзе сёння ствараюцца музеі Напалеона Орды і Фёдара Дастаеўскага. Да таго ж, на мой погляд, культработнікі Чавускага раёна пакуль напоўніцу не ўсвядомілі важнасць узаемакарысных стасункаў са шматлікімі раённымі арганізацыямі або прадпрымальнікамі. Прыкладам, мастацкі кіраўнік Петухоўскага цэнтра фальклору Ганна Сенькавец на пытанне пра спонсарства і мецэнацтва толькі развяла рукамі: маўляў, усё ў нас добра, і грошы аддзел культуры выдаткоўвае, дык навошта нам тое спонсарства?..

З іншага боку, без добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры раёна казаць пра недапрацоўкі мясцовых культработнікаў у сферы спонсарска-мецэнацкай дзейнасці, мяркую, не зусім справядліва. Бо, як вядома, спонсарства прадугледжвае адказную ці сустрэчную паслугу, якую тыя ж супрацоўнікі РДК, да прыкладу, цяпер прадаставіць папросту не маюць магчымасці…

Галерэя спонсараў ад “К”

Усмешка — найлепшы капітал

/i/content/pi/cult/413/8455/10-4.jpeg

СВК “Серп і молат”, цэнтр якога знаходзіцца ў аграгарадку “Лёўкаўшчына”, — адно з найбольш буйных у раёне. І ні для каго не сакрэт, што кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Жданко даўно і вельмі плённа супрацоўнічае з мясцовымі культработнікамі. Яны ж, натуральна, ад гэтага ўзаемадзеяння не адмаўляюцца: заўсёды ідуць насустрач усім ягоным прапановам.

Як распавялі мне мясцовыя культработнікі, Уладзімір Жданко бясплатна выдзяляе ім транспарт для выездаў па раёне, набывае падарункі і прызы пад час разнастайных святаў — карацей кажучы, дапамагае ўсім, чым можа. Прычым не толькі клубнікам ці бібліятэкарам. Не так даўно ў Лёўкаўшчыне з’явілася спартыўная трэнажорная зала, створаная не без дапамогі кіраўніцтва СВК.

А днямі да Уладзіміра Жданко звярнулася з просьбай дырэктар Гарбавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Наталля Карпенка. Кіраўнік установы, у якой навучаюцца таксама і дзеці з Лёўкаўшчыны, прасіла паспрыяць у набыцці вельмі неабходнага музычнага цэнтра. І просьба гэтая была задаволена без доўгіх ваганняў, нягледзячы на тое, што апаратура каштавала тры з паловай мільёны рублёў.

— Ведаеце, дзеці — справа святая, — зазначыў карэспандэнту “К” Уладзімір Жданко, якога ледзь удалося заспець на яго рабочым месцы (лета і восень, вядома ж, — “гарачая” пара для земляробаў), — і таму я заўсёды іду насустрач такім прапановам. Дапамаглі з рамонтам у мясцовым дзіцячым садку, выдаткавалі ім грошы на крэслы, дапамаглі ўстанавіць альтанку… Усё гэта я не лічу дарэмна патрачанымі фінансавымі сродкамі, бо бачу і зваротную сувязь: тыя ж культработнікі зладзілі для нас не адзін дзясятак канцэртаў у полі, а навучэнцы Гарбавіцкай дзіцячай школы мастацтваў прыязджалі са сваімі выступленнямі да нашых сяльчан. Вы б толькі ведалі, колькі сабралася народу паглядзець на мерапрыемства, колькі радасці было! Такі настрой акупляе ўсе затраты! Прычым, паверце, — у шмат разоў…

Каментарый з нагоды

Згодна з праграмай

— На сённяшні дзень, як вядома, пры непасрэднай фінансавай падтрымцы ўпраўлення культуры аблвыканкама зроблена праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт Чавускага РДК. Магу запэўніць, што мы працуем над вырашэннем праблемнай сітуацыі з галоўнай установай культуры райцэнтра. Так, згодна з абласной інвестыцыйнай праграмай, а таксама з Дзяржпраграмай “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады, у наступным, 2013-м, на пачатак рамонтных работ у названай установе культуры будуць выдаткаваны неабходныя грашовыя сродкі.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Чавускі раён — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"