Трэба нагадаць, што Еўрапейскія дні спадчыны з’яўляюцца шырокамаштабнай культурнай акцыяй, што праводзіцца дзяржавамі, якія ратыфікавалі Еўрапейскую культурную канвенцыю. Як вядома, Беларусь знаходзіцца ў іх шэрагу. Кожны год краіны — удзельніцы Канвенцыі прапануюць уласныя тэмы гэтага міжнароднага праекта. Так, сёлета Еўрапейскія дні спадчыны ў нашай рэспубліцы прысвечаны тэме “Культурная спадчына і турызм”.
Сярод мерапрыемстваў, што адбыліся ў рамках гэтай агульнаеўрапейскай традыцыі, адзначым “круглы стол” “Гісторыка-культурныя каштоўнасці як аб’екты культурнага турызму”, што прайшоў у Музеі гісторыі горада Мінска, і адкрыццё на яго плошчах фотавыстаўкі “Спадчына і турызм”.
За “круглым сталом”, арганізаваным Міністэрствам культуры краіны сумесна з Інстытутам культуры Беларусі і Музеем гісторыі горада Мінска, выказваліся думкі экспертаў, а таксама разгарнулася дыскусія, прысвечаная праблемам узаемадачыненняў культурнай спадчыны і турызму. У прыватнасці, выступленні прысвячаліся ўключэнню аб’ектаў культурнай спадчыны ў турыстычныя маршруты, развіццю культурнага турызму ў краінах Усходняй Еўропы, актуалізацыі заходнееўрапейскіх каштоўнасцей у культуры Беларусі, захаванню і развіццю аб’ектаў Сусветнай спадчыны.
У межах прадстаўнічага “круглага стала” свае меркаванні адносна праблем развіцця праектаў, разлічаных на пашырэнне турыстычнай інфраструктуры краіны, выказалі прадстаўнікі міністэрстваў культуры, спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO, Дэпартамента культурнай спадчыны Літвы, Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Тым часам, Міжурадавы камітэт па абароне нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў лістападзе бягучага года разгледзіць заяўку Беларусі аб уключэнні ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO традыцый шапавальства, якія захаваліся ў Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці.
Атрымала падтрымку ідэя захавання абраду і на мясцовым узроўні. У прыватнасці, у Дрыбінскім гісторыка-этнаграфічным музеі створана адмысловая майстэрня, дзе вырабу валёнак навучаюць з дзяцінства.
Як адзначыла начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч, эксперты ўжо азнаёміліся з заяўкай нашай краіны па ўключэнні ў Спіс UNESCO традыцыі ручной вытворчасці валёнак і выказалі шэраг заўваг. Пасля дапрацоўкі дасье наша заяўка будзе разгледжана на сёмай сесіі Міжурадавага камітэта па абароне нематэрыяльнай культурнай спадчыны, што пройдзе ў Грэнадзе.
На сённяшні дзень рэпрэзентатыўны Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ўключае 232 аб’екты 70 краін, адзін з якіх — калядны абрад “Цары” — прадстаўляе і Беларусь.