"Як правесці міжнародны праект без вопыту?"

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

Галіна КАРАТКОВА, начальнік аддзела культуры Браслаўскага райвыканкама (з выступлення):

За 2012 год краіну наведала каля 2 млн. замежнікаў. І немалая іх частка прыпадае на перліну Беларускага Паазер’я — Браслаўшчыну. На тэрыторыі гэтага раёна налічваецца 48 аб’ектаў, што ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

/i/content/pi/cult/412/8444/1-2.jpeg

На Замкавай гары ў райцэнтры ў XI — XVIII стагоддзях знаходзілася абарончая крэпасць. Аб’ект з’яўляецца адным з самых вялікіх па плошчы гарадзішчам Ранняга Сярэднявечча і адносіцца да 3-й катэгорыі каштоўнасці. Аднак сёння ўпадабаная турыстамі Замкавая гара больш нагадвае выспу дзікай прыроды і мае патрэбу ў добраўпарадкаванні, а магчыма, і ў аднаўленні элементаў старажытнай крэпасці.

Дзякуючы Міністэрству культуры, Дзяржаўнай праграме “Замкі Беларусі” на 2012 — 2018 гады мы атрымалі такую магчымасць. На добраўпарадкаванне тэрыторыі гарадзішча ў 2012-м было выдаткавана 135 млн. рублёў. На сённяшні дзень распрацаваны эскізны праект “Паркавы комплекс “Замкавая гара”. Фінансаванне прадугледжана і на бліжэйшыя гады. У 2013  — 300 млн. рублёў.

Браслаўскі раён мае спрыяльныя ўмовы для развіцця турыстычных і экскурсійных маршрутаў. Сёння іх — каля дваццаці. Ёсць вельмі запатрабаваныя напрамкі, але, на жаль, ім пакуль не надаецца адпаведная ўвага. Гэта экскурсіі з анімацыяй, цімбілдынгі, конныя паходы і іншае.

Цэнтрам гісторыка-культурнай спадчыны на Браслаўшчыне з’яўляецца “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў”, у складзе якога — Музей традыцыйнай культуры. Ён знаходзіцца ў будынку былога млына... Мае ўстанова і сваю гасцініцу на 13 месцаў. У 2012 годзе музей наведала 29 944 чалавекі, зароблена 266 млн. рублёў.

У пунктах продажу сувеніраў прадстаўлена больш як 300 тыпаў і ўзораў вырабаў майстроў, творчасць якіх прапагандуе наш рэгіён. Для пашырэння асартыменту сувенірнай прадукцыі, паляпшэння яе якасці штогод ладзіцца конкурс “Браслаўскі сувенір”. Абавязковая ўмова ўдзелу ў ім — наяўнасць лагатыпа, звязанага з геаграфіяй або гісторыяй рэгіёна.

На Браслаўшчыне — 169 аграсядзіб, якія прадастаўляюць турыстычныя паслугі. У большасці выпадкаў гэта — толькі пражыванне і харчаванне. Для сучаснага турыста гэта недастаткова. Яго могуць зацікавіць нацыянальная кухня, местачковыя звычаі, сувенірныя вырабы. Для папулярызацыі народных рамёстваў на аграсядзібах у 2012 годзе супрацоўнікамі музея для гаспадароў ладзіліся майстар-класы па вырабе сувеніраў з ільну, бавоўны, гліны, развучванне беларускіх песень і танцаў.

У раёне наладжана выданне турыстычна-інфармацыйных матэрыялаў, распрацаваны турбрэнд Браслаўшчыны, устаноўлена 325 турыстычна-інфармацыйных шчытоў і ўказальнікаў. Выпушчана больш як 50 відаў друкаванай прадукцыі: гістарычныя, бібліяграфічныя даведнікі, буклеты, паэтычныя зборнікі, турыстычныя карты, гіды... Музейнае аб’яднанне рыхтуе да выдання альбом “Браслаў учора і сёння”.

Браслаўскі рэгіён з’яўляецца перспектыўным для развіцця фестывальнага турызму. Традыцыйнымі сталі Адкрыты чэмпіянат па аўтамабільным ралі “Славянскі кубак”, конкурсы для рыбакоў-аматараў “Шчупакова ўдача”. Каля дзесяці тысяч паломнікаў з розных краін збірае рэлігійнае свята, прысвечанае каранацыі іконы “Божая Маці — валадарка азёр”.

Вабіць турыстаў сваёй самабытнасцю, адсылае да рыцарскіх часоў, знаёміць з рамёствамі і побытам далёкіх стагоддзяў Свята сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”. Летась яго ўдзельнікамі сталі рыцарскія клубы з Прыбалтыкі, Расіі, Украіны.

Самым масавым мерапрыемствам, а таксама “візітоўкай” раёна з’яўляецца Свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”. Гэта адно з найстарэйшых святаў у Рэспубліцы Беларусь (ладзіцца з 1967 года). У 2012 годзе ў ім бралі ўдзел больш як 30 калектываў з 10 краін. У рамках фестывалю летась праходзіла “Харавая асамблея”. Адкрываў мерапрыемства зводны хор з 400 удзельнікаў. Стала добрай традыцыяй праводзіць у рамках згаданага свята Інвестыцыйны форум з удзелам акрэдытаваных у Беларусі дыпламатаў і кіраўнікоў рэгіянальнага звяна з розных краін. Мы ўдзячныя Міністэрству культуры і ўпраўленню культуры Віцебскага аблвыканкама за метадычную і фінансавую падтрымку свята.

Браслаўскім райвыканкамам праводзіцца значная работа па ўмацаванні добрасуседскіх стасункаў, наладжванні сувязей з замежнымі партнёрамі. Заключана 16 дагавораў аб супрацоўніцтве з рэгіёнамі Расіі, Латвіі, Літвы, Украіны, Польшчы, Эстоніі, Арменіі.

Аднак візавы рэжым, недастаткова ўмацаваная матэрыяльная база ўстаноў культуры ствараюць пэўныя цяжкасці ў развіцці трансгранічных зносін.

Удзел у праектах Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства “Латвія — Літва — Беларусь” дазваляе сумеснымі намаганнямі вырашаць праблемы прыгранічных рэгіёнаў і ўмацоўваць культурныя сувязі.

Аддзел культуры райвыканкама бярэ удзел у двух праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Гэта “Паляпшэнне сацыяльна-культурных сувязей паміж Зарасайскім, Даўгаўпілскім і Браслаўскім прыгранічнымі рэгіёнамі шляхам прыцягнення моладзі і стварэння больш актыўнага мясцовага партнёрства” (скарочаная назва — “Радасць у руху”) і “Захаванне і развіццё культурна-гістарычнай спадчыны Рэзекненскага і Браслаўскага раёнаў” (скарочаная назва — “След у гісторыі”).

Агульны бюджэт “Радасці ў руху” складае 158 тыс. еўра. Бюджэт беларускай часткі праекта “След у гісторыі” — 103 613 еўра. У рамках праекта на тэрыторыі Браслаўскага раёна летась працаваў этнамузычны летнік. Для ўдзельнікаў былі зладжаны майстар-класы знакамітых музыкантаў Літвы, Латвіі, Беларусі. Вынікам навучання стаў заключны канцэрт прадстаўнікоў трох народаў, таксама выдадзены буклет “Па старонках этнамузычнага летніка…”, плануецца выпуск 300 дыскаў з запісам канцэрта.

Праект прадугледжвае і супрацоўніцтва ва ўдасканаленні маладзёжнай творчасці. Танцавальны калектыў і эстрадная студыя “Фартуна” Відзаўскага дома культуры ў ліпені 2012 года сталі ўдзельнікамі Маладзёжнага міжнароднага летніка ў г. Зарасаі, дзе былі прадстаўлены майстар-класы ад вядомых літоўскіх і нарвежскіх майстроў па вакале і харэаграфіі. Моладзь засвоіла новы напрамак — “мадэрн-танец”.

Для павышэння прафесійнай кампетэнцыі работнікаў устаноў культуры на тэрыторыях Літвы, Латвіі і Беларусі былі арганізаваны трохдзённыя семінары з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў і ўніверсітэтаў краін-удзельніц. Дзякуючы праекту самадзейныя калектывы Браслаўшчыны прынялі ўдзел у дзясятку мерапрыемстваў прыбалтыйскіх краін.

У рамках праекта “След у гісторыі” ў 2013 годзе плануецца правесці ганчарны і мастацкі пленэры ў Рэзекнэ, пленэр па ткацтве ў Браславе ды іншыя. На сродкі, прадугледжаныя праектамі, закуплены музычныя інструменты, народныя касцюмы для танцавальнага і вакальнага калектываў, камп’ютары ды іншае.

У 2013 годзе плануецца ўмацаваць матэрыяльную базу музейнага аб’яднання. На тэрыторыі Музея традыцыйнай культуры маюць з’явіцца ганчарныя печы, ліхтары, што працуюць на сонечных батарэях, унутраная гукаўзмацняльная сістэма.

Удзел у згаданых праектах паказвае, што трансгранічныя і прыгранічныя сувязі значна пашыраюць магчымасці прафесійнага ўдасканалення самадзейных калектываў, дазваляюць больш эфектыўна вырашаць іх сацыяльныя і культурныя праблемы, у тым ліку — за кошт скарыстання магчымасцей ды інвестыцый Еўрапейскага Саюза.

Аднак у міжнародным супрацоўніцтве рэгіёнаў існуюць пэўныя цяжкасці: недахоп вопыту ў падрыхтоўцы і рэалізацыі міжнародных праектаў, адрозненні нарматыўна-прававой базы Рэспублікі Беларусь і краін Еўрапейскага Саюза. У сферы турызму адчувальны недахоп кваліфікаваных спецыялістаў, слаба развіта інфраструктура рэгіёнаў.

Напрыканцы свайго выступлення хачу падкрэсліць, што багатая культурна-гістарычная спадчына, прыродныя рэсурсы, зручнае геаграфічнае становішча нашай дзяржавы спрыяюць развіццю турызму ўвогуле. Але толькі агульная зацікаўленасць, комплексны падыход і падтрымка ўсіх міністэрстваў і ўстаноў краіны дазволяць вывесці турыстычную галіну на якасна новы ўзровень.

Пытанне пасля выступлення

Пасля выступлення Галіны Каратковай з пытаннем да яе звярнуўся віцэ-прэм’ер Урада Анатоль Тозік:

— Якія праблемы сёння перашкаджаюць, на ваш погляд, развіццю турызму на Браслаўшчыне? Бо, на маю думку, турыстычны патэнцыял раёна — вялікі, а вось выкарыстоўваецца ён вельмі слаба. Між тым, Браслаўшчына магла б зарабляць на турызме вялікія грошы, якія маглі б стаць асноўным рэсурсам росту дабрабыту насельніцтва раёна… Што патрэбна ад Міністэрства культуры Беларусі, ад Урада краіны, для таго, каб у гэтым кірунку справы развіваліся больш дынамічна?

Як адзначыла Галіна Караткова, асноўных праблем на турыстычнай дзялянцы некалькі. Першая з іх — недахоп кваліфікаваных спецыялістаў, якія могуць свабодна валодаць замежнымі мовамі: англійскай, літоўскай, польскай і гэтак далей. А такія людзі цяпер вельмі запатрабаваныя. Акрамя гэтага, на думку Галіны Каратковай, на Браслаўшчыне яшчэ вельмі слаба развіта турыстычная інфраструктура. Таму востра паўстае пытанне інвестыцый — з боку як дзяржавы, так і прыватнага бізнесу.