Крэатыўна пра канцэпцыю

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

12 лютага ў Міністэрстве культуры краіны пад старшынством міністра культуры Барыса Святлова адбылося першае пасяджэнне, прысвечанае выпрацоўцы канцэпцыі XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Абмеркаванне вялося ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

— Гэта было пасяджэнне творчай групы, намаганнямі якой фестываль набывае тое або іншае напаўненне і аблічча, — адзначыла начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Мар’яна Мальчык. — На пасяджэнне былі запрошаны супрацоўнікі Цэнтра культуры "Віцебск" на чале з дырэктарам Дырэкцыі фестывалю Радзівонам Басам, рэжысёры, якія сёлета будуць працаваць над асобнымі фестывальнымі праграмамі.

Так, у абмеркаванні ўдзельнічаў рэжысёр Канцэртнай залы "Расія" Ілья Глазуноў з Масквы, які будзе кіраваць гала-канцэртам урачыстага адкрыцця фестывалю. Зразумела, прысутнічалі на пасяджэнні і нашы творцы: вядомы тэлерэжысёр Юрый Брэус, які стане курыраваць Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў, і рэжысёр Цэнтра культуры "Віцебск" Ірына Коўлена, якая добра зарэкамендавала сябе на некалькіх мінулых фестывалях, ператвараючы дзіцячыя конкурсы ў нязмушаную святочную дзею. На жаль, на пасяджэнні не змог прысутнічаць Генадзь Шагаеў — рэжысёр Канцэртнай залы "Кастрычніцкая", што ў Санкт-Пецярбургу, але ён прадставіў сваю канцэпцыю закрыцця фестывалю, якую мы таксама абмяркоўвалі.

Сабраўшыся разам, мы шукалі магчымыя шляхі далейшага ўдасканалення фестывалю, новыя формы яго правядзення, разважалі пра ўзбагачэнне фестывальнай палітры новымі жанрамі. Каб фестываль плённа развіваўся, трэба, безумоўна, прыцягваць да яго новыя імёны, запрашаць маладых перспектыўных артыстаў. Пра ўсё гэта і ішла размова. Выказваліся прапановы, цікавыя ідэі. Праца ідзе, і ў хуткім часе можна будзе казаць пра першыя вынікі…

Н.Б.