Беларускасць выхоўваецца з дзяцінства

№ 47 (813) 24.11.2007 - 30.11.2007 г

Дзеці — будучыя заўсёднікі філарманічных канцэртаў. Добра разумеючы гэта, амаль паўстагоддзя таму ў філармоніі было адкрыта канцэртна-лекцыйнае бюро, якое з часам ператварылася ў Філармонію для дзяцей і юнацтва. Зараз яе ўзначальвае музыказнаўца, член Беларускага саюза кампазітараў, нястомная прапагандыстка нацыянальнай класікі Вольга БРЫЛОН.

 /i/content/pi/cult/138/843/Brylon1.jpg
— Нашы артысты, — расказала Вольга Герцаўна, — тыя ж настаўнікі і псіхолагі, толькі “ўрокі” іх больш тэатралізаваныя, захапляльныя. Дый як іначай, калі сярод нашых 30-ці спевакоў, інструменталістаў, чытальнікаў і музыказнаўцаў ёсць і вопытныя майстры, ветэраны сцэны, і творчая моладзь — наскрозь лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў, не намнога старэйшыя за некаторых школьнікаў.
— А як фарміруецца тэматыка канцэртаў?
— Штосьці прапануем мы, а некаторыя тэмы — нават самі школы, у адпаведнасці са сваімі навучальнымі планамі. Нашы сістэматычныя прыезды ў школы з канцэртамі даюць плён: у канцы года дзеці зусім іначай паводзяць сябе падчас канцэртаў, зацікаўлена слухаюць музыку. А пасля кожнага канцэрта просяць прыехаць яшчэ.
— Нядаўна ў вашым рэпертуары з’явіліся яшчэ і музычныя спектаклі, сярод якіх — “Чырвоны Каптурык” і “Дзюймовачка” беларускага кампазітара Уладзіміра Саўчыка. Але ж у вас, Вольга, ёсць і ўласныя “дарослыя” творчыя праекты. Як музыказнаўца вы ў свой час ініцыіравалі і арганізоўвалі творчыя вечарыны памяці беларускіх кампазітараў Юрыя Семянякі, Ігара Паліводы, Яўгена Дзегцярыка, шмат іншых праектаў. Кожны з іх патрабаваў яшчэ і вялікай падрыхтоўчай працы: пошуку нотнага матэрыялу, яго рэдакцыі. Звярталіся вы ў свой час і да беларускіх оперных старонак.
— Зараз я зрабіла новую рэдакцыю клавіра оперы Аляксея Туранкова “Яснае світанне”: з сямі карцін атрымалася чатыры, бо я выключыла надта палітызаваныя сюжэтныя лініі, дапісаўшы некаторыя фрагменты. І атрымалася цудоўная па музыцы опера пра каханне — з любоўным трохкутнікам, з развагамі пра маральнае падзенне чалавека. Урывак з яе ўжо гучаў у Дзяржаўным музеі гісторыі музычнай і тэатральнай культуры, але хацелася б пачуць і ўсё цалкам.... Дарэчы, сёння ўвечарыў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі слухачоў чакае чарговы творчы праект Вольгі Брылон “Нашы любімыя песні”: разам з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя І.Жыновіча будуць спяваць вядомыя беларускія эстрадныя зоркі. 

Надзея БУНЦЭВІЧ