Варта адзначыць, ушанаванне народных герояў пачалося адразу пасля паўстання. Сведчаннем гэтаму — драўляная капліца Памяці каля дома Францішка Багушэвіча, а таксама жывапіс Міхала Андрыёлі, Альфрэда Ромеля.
Нашы сучаснікі таксама далучыліся да ўшанавання памяці змагароў. У прыватнасці, над вобразам Каліноўскага працавалі народныя мастакі З. Азгур, Л. Шчамялёў, А. Кашкурэвіч, многія іншыя творцы. Шэраг работ гэтых майстроў і прадстаўлены ў рамках выстаўкі ў фае Інстытута культуры. Як адзначылі яе стваральнікі, у мастацкі праект уключаны лепшыя творы за апошнія дзесяцігоддзі, прысвечаныя гэтай тэматыцы.
Супрацоўнік Інстытута культуры Беларусі, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс зазначыў: большасць тых, хто пачынаў новую беларускую літаратуру, былі паслядоўнікамі Каліноўскага. Гэта і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, і Францішак Багушэвіч, і Арцём Вярыга-Дарэўскі, і Альгерд Абуховіч.
Яшчэ адным сімвалічным аспектам выстаўкі стаў удзел у адкрыцці праекта гурта “Тутэйшая шляхта”. Менавіта гэткі статус, па словах А. Мальдзіса, характэрны і для роду К. Каліноўскага, паколькі ў той час назва “Беларусь” яшчэ не была пашырана на нашых землях.
Адметна, што гадавіна будзе адзначацца не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Так, імпрэзы з удзелам вучоных-беларусістаў гэтымі днямі праходзяць у Маскве і Санкт-Пецярбургу, у Вільнюсе і Беластоку.