Тыдзень у каментарыях з сацыяльных сетак

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

У сацыяльных сетках артыкулы папярэдніх нумароў “К” працягваюць абмяркоўвацца, падзяляцца і “абрастаць” новымі “лайкамі”. Прапануем вам колькі каментарыяў з нашага акаунта facebook.com/kimpress.by

На матэрыял “Атавізм, прабуксоўка ці ўсё ж такі “клікабельнасць”?” у “К” № 5

Iryna: “Цікава і змястоўна… Чым глыбей у тэме, тым больш пытанняў...”

Chan: “Галоўнае — пакуль ёсць пра што казаць…”

Iryna: “Што да аўтэнтычных гуртоў і дзіцячых калектываў-спадарожнікаў — усё трымаецца на асобе. Калі ёсць чалавек, якому гэта патрэбна (для сябе, а не для заробку, бо зарабіць на гэтым цяжка), тады ёсць калектыў, ёсць дзейнасць.

Пра спевы вясковых бабуль пад фанаграму. Калі яны спяваюць так званыя беларускія народныя песні (пад фанаграму, пад гармонік) — гэта часцей за ўсё гучыць звычайна, увагу не прыцягвае. Калі ж выконваюць “свае” песні (мясцовы традыцыйны фальклор) — і выкананне ў цэлым, і гук становяцца нашмат больш цікавымі. Быў выпадак, калі на адным з восеньскіх кірмашоў у Гомелі з сябрамі папрасілі пару жанчын са Светлагорскага раёна праспяваць нешта сваё. Як яны заспявалі, людзі пачалі каля іх спыняцца, прыслухоўвацца, цікавіцца. Гэтыя жанчыны — у складзе ансамбля народнай песні, які раней быў фальклорным, аднак змяніў свой кірунак (старэйшыя ўдзельніцы пайшлі з жыцця, запатрабаванасць аўтэнтыкі — меншая, чым “беларускіх народных песень”).

Да музейных рэчаў. Па сельскіх установах культуры амаль усюды ёсць “куткі традыцыйнай культуры”. Калі бачу іх, так і ўзнікае ўражанне, што традыцыю захоўваюць, “заганяючы ў кут”. А яна ж можа жыць, яна можа трансфармавацца, яна ж жывая!

Пра сакральнасць фальклору. Ёсць фальклор інтымны (сакральны, не для публікі) і публічны (напрыклад, бяседныя песні, побытавыя танцы). У мысленні бабуль ёсць паняцці, адпаведныя сучасным “сакральнасць”, “медытацыя”, толькі называюцца яны іншымі словамі, калі ўвогуле называюцца. Бо гэта сфера, у якую “чужы” не дапускаецца.

Пра перайманне. Шчыльна займаючыся фальклорам (выпускніца кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ, кіраўнік маладзёжнага фальклорнага калектыву, метадыст па этнаграфіі і фальклоры), гадоў праз пяць (калі ў актыўнай памяці колькасць песень пераваліла за 100 — 150 і калі стала іх выконваць сезонна) стала крыху разумець асаблівасці традыцыйнага мыслення, памяці. Працэс узгадвання і выканання песень стаў набліжацца, ва ўсялякім выпадку, знешне, да такога, як у жанчын, з якімі сустракаешся ў экспедыцыях.

Уявіць камбайнера, які спявае жніўныя песні, сапраўды немагчыма: зусім іншая сітуацыя. Менавіта таму зараз з традыцыйнага абрадавага фальклору самыя жывыя жанры — калядкі са шчадроўкамі і вясельныя песні, што не страчваюць сваёй актуальнасці”.

На матэрыял “Замена лямпачкі як мастацкі кірунак” у “К” № 5

Oleg: “У прынцыпе, і той варыянт, ранейшы, нагадаў добрае, якаснае “мыла”...”

На матэрыял “Дысананс ад песняў” у “К” № 3

Iryna: “На маю думку, у такіх праектах маглі б актыўней карыстацца беларускай мовай, тым больш, што, паводле Палажэння (якое на рускай мове), мэта “Песень...” — “…развитие и популяризация белорусского песенного творчества, самодеятельных коллективов, эстетическое и духовное воспитание молодого поколения, совершенствование национальной культуры”, патрабаванне ж — прадстаўляць песні на беларускай мове…"

На матэрыял “Падзяліцца брэндам: рацыянальна або ўтапічна?” у “К” № 3

Воля: “Як мінімум дзіўна... Навагрудскі замак куды цікавейшы за Мірскі, які не вытрымаў аніводнай аблогі. Мірскі замак — кшталту Сілічаў. Няхай яго Мінск і раскручвае!..”