Асцярожна: галалёд!

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

Капрызная нябесная канцылярыя не спяшаецца радаваць: то сыпле снегам, то “плача” дажджом, то зноў падмарозіць. А, як вядома, пры адмоўнай тэмпературы вада застывае ў выглядзе ледзяной скарынкі на любой паверхні: на ходніках, дарогах, дратах, карнізах дамоў і гэтак далей. Для пешаходаў адразу ўзнікае праблема: як прайсці па дарозе і не паслізнуцца на ледзяной паверхні.

Штогод толькі ў Мінску пад час галалёду траўміруецца больш за пяць тысяч чалавек. Да гэтых лічбаў можна смела дадаць вялікую колькасць людзей, якія атрымліваюць нязначныя пашкоджанні пры падзеннях і не звяртаюцца па дапамогу ў медыцынскія ўстановы. Тыповымі траўмамі пры падзенні з’яўляюцца ўдары, вывіхі, пераломы, сатрасенне мозгу. А сумны вынік заключаецца ў неабходнасці працяглага лячэння, а часам чалавек становіцца інвалідам.

Пазбегнуць падобных непрыемнасцяў цалкам магчыма. Перш за ўсё, уважліва глядзіце сабе пад ногі, старайцеся абыходзіць небяспечныя месцы і будзьце вельмі асцярожнымі. Калі ледзяную “лужыну” немагчыма абысці, то трэба перасоўвацца па небяспечным участку, імітуючы рух пры хадзьбе на лыжах: невялікім слізготным крокам. Рухацца трэба на злёгку сагнутых нагах: гэта надасць большую ўстойлівасць. Не спяшайцеся, а тым больш — не бяжыце. Старайцеся абыходзіць месцы з нахіленай паверхняй. Не займайце рукі далікатнай або цяжкай ношай. Асаблівую асцярожнасць належыць праяўляць пры хадзе па слізкай паверхні ноччу, пад час снегападу, дажджу, у ветранае надвор’е.

На жаль, пазбегнуць падзенняў атрымліваецца не заўсёды, таму, як гэта ні дзіўна гучыць, вучыцеся падаць. Калі вы паслізнуліся — прысядзьце, каб знізіць вышыню падзення, згрупіруйцеся, бо ў момант падзення трэба сціснуцца, напружыць мускулы, а, крануўшыся зямлі, абавязкова перакаціцца.

Пасля падзення не спяшайцеся падняцца, спачатку агледзьце сябе, ці няма траўмаў, папрасіце падарожных дапамагчы вам. Калі побач не аказалася людзей, павярніцеся на жывот, устаньце на карачкі, прысядзьце і толькі потым выпрастайцеся. Каб не ўпасці паўторна, паспрабуйце за што-небудзь трымацца: за дрэва, агароджу. Пасля прыняцця вертыкальнага становішча некалькі хвілін пастойце, пераканайцеся, што ў вас няма сур’ёзных траўмаў, агледзьце месца падзення, асцярожна прадоўжыце рух.

Вялікую небяспеку для людзей галалёд уяўляе пры перамяшчэнні па лесвіцах: пры ўваходзе ў метро, у грамадскі транспарт і гэтак далей. У гэтай сітуацыі неабходна трымацца за поручні. У выпадку падзення трэба спыніць рух, упіраючыся рукамі ці нагамі ў прыступкі альбо хапаючы рукамі стойкі парэнчаў.

Таксама сур’ёзную небяспеку ўяўляе пераход праезнай часткі дарогі пад час галалёду. Варта памятаць, што спыніць транспарт на слізкай дарозе надзвычай складана. Улічваючы гэта, неабходна выключыць выпадкі пераходу дарогі перад транспартам, які набліжаецца вельмі хутка.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання

Савецкага РАНС г. Мінска