Наперадзе — ігравыя

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

"Белвідэацэнтр": кінапланы на 2013-ы

З 8 лютага ў краіне пачынаецца тэставае лічбавае вяшчанне тэлеканала “Беларусь 3”. Як абяцаюць яго стваральнікі з Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, на мэце новай структуры — забеспячэнне асвятлення дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ў галіне культурнага жыцця краіны, а яе галоўная задача — шчырая размова на тэмы культуры ў шырокім сэнсе. Сярод перадач доўгачаканага тэлеканала вялікую долю займае дакументалістыка, а ў ёй каля 80% — стужкі і праграмы вытворчасці РУП “Беларускі відэацэнтр”. Упэўнены, што і навінкі ад кінавытворцы, пра якія распавядзём сёння, таксама трапяць у эфір "Беларусь 3".

/i/content/pi/cult/411/8419/2-3.jpeg

Поспех стужак “Белвідэацэнтра” тлумачыцца вельмі проста: іх жанравы і тэматычны спектр вельмі шырокі — ад навукова-папулярных карцін энцыклапедычнага накірунку да аўтарскай дакументалістыкі ды кароткаметражнага ігравога кіно. З вытворчага боку спрацоўвае гнуткая кадравая сістэма, пры якой для кожнага праекта ствараецца адмысловая каманда аднадумцаў, дапамагае задзейнічаць лепшых спецыялістаў сваёй справы.

Напрыклад такі, як новы праект “Гісторыя беларускай кухні”. Гэты чатырохсерыйны фільм разлічаны на самую шырокую аўдыторыю. Праект падзелены на некалькі частак, кожная з якіх прысвечана асобнаму раздзелу гастраноміі: “Бульба”, “Супы і сытныя стравы”, “Напоі. Піва”. Ужо знятыя “Мясныя прысмакі” за аўтарствам сцэнарыста Таццяны Шахавец і рэжысёра Аляксея Раковіча маюць мала агульнага з папулярнымі тэлевізійнымі кулінарнымі шоу. Гэта, хутчэй, мастацкі фільм з цікавым прыгодніцкім сюжэтам, дзеючымі асобамі, відовішчнымі сцэнамі — усім, што адпавядае стандартам і ўзроўню мастацкага кіно.

Тое ж самае можна сказаць і наконт іншай навінкі “Белвідэацэнтра” — карціны Аляксандра Аляксеева пра Іосіфа Лангбарда. Здымачная група наведала Санкт-Пецярбург і адшукала нашчадкаў знакамітага архітэктара, ад якіх атрымала ўнікальную інфармацыю. Хранікальныя кадры і здымкі твораў Лангбарда былі дапоўнены рэдкімі дакументамі з асабістага архіва архітэктара, што захоўваецца ў Музеі гісторыі паўночнай расійскай сталіцы. У карціне ўдала выкарыстана арыгінальная камп’ютарная графіка, якая адразу адрознівае карціну ад звычайных тэлевізійных перадач.

/i/content/pi/cult/411/8419/2-4.jpeg

Сапраўды, аўтары БВЦ шырока выкарыстоўваюць найноўшыя камп’ютарныя тэхналогіі і прыёмы "вялікага" кіно кшталту ігравой рэканструкцыі. Гэта можна сказаць і пра стужку Веры Савінай ды Зоі Катовіч “Марк Шагал. Нерэальная рэальнасць” і пра дылогію Алены Антанішынай і Настассі Мірашнічэнка, прысвечаную Нясвіжу ды яго знакамітым насельнікам. Пра гэтыя стужкі “К” пісала ў папярэдніх нумарах, як і аб дакументальных кінаэксперыментах “Цяпло” Віктара Аслюка і “Дзень трубача” Мікіты Пінігіна і Сяргея Макарава, што прадстаўляюць у прадукцыі БВЦ аўтарскі напрамак. Зрэшты, трэба нагадаць і пра ўжо знакамітыя “Туфлікі” — кароткаметражны міжнародны праект, у поспеху якога вельмі вялікая доля спецыялістаў “Беларускага відэацэнтра”. Сёлета арганізацыя прыме ўдзел у стварэнні наступнай часткі праекта, якая будзе называцца “Брут” і разам з “Туфлікамі” складзе кінаальманах аб ахвярах Халакосту і Другой сусветнай вайны. “Беларускі відэацэнтр” мае добры вопыт у галіне кінакааперацыі і ўпэўнена пачувае сябе сярод канкурэнтаў”, — кажа кіраўнік БВЦ, прадзюсар Юрый Ігруша.

Дарэчы, гэты праект аб’яўлены адным з пераможцаў Другога Адкрытага рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў, вынікі якога былі падведзены днямі. Яшчэ адну ігравую карціну — “Рускі” па апавяданні Максіма Гарэцкага — будзе здымаць на БВЦ адзін з самых плённых нашых кінематаграфістаў Віктар Аслюк. Дзяржава вырашыла падтрымаць дакументальныя стужкі "Беларускага відэацэнтра" пра Міхала Клеафаса Агінскага, Аляксандра Мядзведзя, гістарычныя падзеі Беларусі.

Крыху статыстыкі

Са спектрам стужак БВЦ за мінулы год змаглі азнаёміцца не толькі гледачы айчынных тэлеканалаў або наведвальнікі ўстаноў сферы культуры, якім фільмы паказваюць пад час экскурсій, але і госці ды ўдзельнікі 122 міжнародных кінафестываляў, у тым ліку Канскага. Летась "Беларускі відэацэнтр" вырабіў 13,9 тысячы DVD з фільмамі ўласнай вытворчасці, якія рэалізаваны праз 70 кропак продажу, а 260 стужак былі паказаны ў кінатэатрах. Высокія рэйтынгі работы атрымалі не толькі на трох нацыянальных тэлеканалах, але і ў сістэме інтэрактыўнага лічбавага тэлебачання "Zala". Абаненты сэрвісу “Відэа па запыце”, дзе размешчаны 235 стужак БВЦ, праглядалі іх амаль 14 тысяч разоў.