Па Міры ў "несезон"

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

Эканоміка культуры: тэрыторыя кааперацыі намаганняў Ізноў пра ўзаемастасункі Карэліч і Міра: як аб'яднаць намаганні з карысцю для абодвух бакоў

У двух апошніх нумарах “К” звярталася да тэмы міжраённай кааперацыі для эфектыўнага выкарыстання рэгіянальных брэндаў. Сёння мы працягваем серыю тэматычных публікацый на прыкладзе раёнаў Гродзеншчыны з трансляцыяй меркаванняў прадстаўнікоў Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства транспарту і камунікацый, а таксама адказных асоб з абласной выканаўчай улады.

Завяршыць цыкл публікацый пра эканамічныя ды культурныя стасункі Міра і Карэліч мы планавалі сустрэчай з дырэктарам музея "Замкавы комплекс "Мір" Вольгай Папко. Яна, як кажуць, магла падсумаваць згаданае ў мінулых трох артыкулах, а таксама праявіць праз прызму ўласнага бачання тыя "болевыя кропкі", што замінаюць пэўным працэсам развіцця турыстычнай "інфраструктуры". У наступных жа матэрыялах — перайсці да сітуацыі з іншымі брэндамі краіны, да іх дзелавых кантактаў на "роднай тэрыторыі". Такім чынам, гаворка з Вольгай Мікалаеўнай была асноўнай мэтай маёй апошняй камандзіроўкі ў славутае мястэчка. Выезд спланаваў такім чынам, каб мець час на шпацыр па мірскіх вуліцах. Першае ўражанне ад гарадскога пасёлка: не сезон! У тым сэнсе, што мястэчка зноў жыве ў сваім звычайным рытме, непадобным на летні гармідар, калі турыстаў тут, часам здаецца, больш, чым мясцовых жыхароў. Згадаю самую свежую статыстыку: з моманту адкрыцця ў замку музея яго наведала 500 тысяч чалавек, а насельніцтва Міра — дзве з паловай. На плошчы, летам шматлюднай, дзе спыняюцца транзітныя аўтобусы і сканцэнтравана (тут альбо зусім побач) уся, так бы мовіць, інфраструктура (будынак мясцовай улады, царква і касцёл, крамы, гасцініца, кавярні ды іншае), сустрэнеш хіба што рэдкіх мінакоў. На выпадак, калі ў Міры давядзецца заначаваць, пацікавіўся ў гасцініцы, ці ёсць нумары. Ёсць. Ажно пяць — на выбар. Паабедаць не атрымалася: у адной кавярні — спецабслугоўванне, другая аказалася зачыненая, хоць паводле раскладу мусіла працаваць, а на наведанне трэцяй у мяне ўжо не засталося часу. У Міры — не сезон. Або — мёртвы сезон?..

Мірскі замак — не "дзяржава ў дзяржаве"

Вольга Мікалаеўна знаёмая з папярэднімі публікацыямі па тэме. Яна рашуча не згодная з выказанай у адным з артыкулаў тэзай "Мірскі замак — дзяржава ў дзяржаве". Згаданая тэза грунтуецца на той акалічнасці, што музейны комплекс падпарадкаваны непасрэдна Мінску: паколькі Мірскі замак эканамічна ад Карэліч і ўласна Міра не залежыць, дык дырэкцыя музея не імкнецца супрацоўнічаць з мясцовым райаддзелам культуры і ўвогуле не надта дбае пра інтарэсы раёна.

Вольга Папко мяркуе, што сітуацыю трэба бачыць шырэй. Замкавы комплекс з прычыны яго значнасці і каштоўнасці падпарадкаваны не канкрэтнаму адміністрацыйнаму ўтварэнню, а належыць дзяржаве, на імідж ды прэстыж якой музей і працуе. Разам з тым, Карэліччына ў дадзеным выпадку не пакрыўджана, бо на ўсіх рэкламных відэа, плакатах, абвестках, улётках, датычных замка, пазначаецца яго адрас: "Мір, Карэліцкі раён". Такім чынам ствараецца імідж канкрэтнага краю, прапагандуецца ягоная культура.

Акрамя таго, з Мірскага замка Карэліччыне ёсць і эканамічная карысць. У турыстычны сезон крамы Міра маюць стабільна высокі прыбытак, запоўнены гасцініцы ў мястэчку ды райцэнтры. Музейны комплекс фінансава ўдзельнічае ў фестывалях, якія ладзяцца ў замку і побач. Да таго ж, музей аплачвае электраэнергію, калі фестывальныя канцэрты праходзяць на яго тэрыторыі. Ад вялікай колькасці людзей, што збіраюцца на згаданыя канцэрты, застаецца смецце, прыбраць якое на абшары ў 25 гектараў таксама каштуе грошай. Вольга Мікалаеўна прыгадвае: летась старшыня Карэліцкага райвыканкама на пасяджэнні, дзе ішла гаворка пра фестываль, які толькі скончыўся, падкрэсліў, што чысціня аператыўна была наведзена толькі на тэрыторыі замкавага комплексу.

"Карыстаючыся аўтарытэтам замка, — кажа Вольга Папко, — я калі-нікалі звяртаю ўвагу камунальных службаў Міра на неабходнасць падтрымліваць парадак на вуліцах, каб перад турыстамі не сорамна было. І, ведаеце, дзейнічае такі пасыл". Па яе словах, дырэкцыя музея не бярэ грошай за экскурсіі гасцявых дэлегацый райвыканкама. Аднак выступленні мясцовых самадзейных артыстаў "з-пад крыла" аддзела культуры, калі імпрэза замоўлена замкам, аплачвае.

"Музей павінен займацца сваёй справай"

Пытаюся у Вольгі Мікалаеўны, як яна ставіцца да ідэі стварэння турыстычнага "Залатога кольца Беларусі", сегмент якога ахопліваў бы прастору ад Нясвіжа да Гродна з цэнтрам у Міры.

"Музей павінен займацца сваёй справай, — адказвае яна. — Лагічна, каб згаданую вамі ідэю распрацоўвалі эканамісты. Нам бы хоць сваё запланаванае зрабіць. А ў бліжэйшых планах маем адрадзіць прыгажосць паркаў Мірскага замка. Першы на чарзе — так званы Італьянскі сад. Ён, паводле нашых намераў, павінен быць такім, як пры Мікалаі Радзівіле "Сіротку". Потым зоймемся Пейзажным, або Англійскім, паркам, які ўзнік пры Святаполк-Мірскім. Паркі нададуць замкаваму комплексу яшчэ большую прывабнасць. І, што істотна, наведвальнікам музея будзе дзе бавіць час, будзе дзеля чаго заставацца ў Міры пасля заканчэння экскурсіі па замку. Сёння тая экскурсія доўжыцца паўтары гадзіны. Яшчэ гадзіны дзве турыст шпацыруе па ваколіцах, потым снедае і з’язджае. Такім чынам, у Міры ён праводзіць палову дня. А калі адродзяцца паркі з іх дзівосамі, ён можа затрымацца на дзень, а мо і на два — з адпаведным для нас эканамічным эфектам".

Цікаўлюся, а ці будуць да паркавай эпапеі прыцягнуты кадры раёна, Карэліч і Міра, у прыватнасці.

"Праект распрацоўвае сталічная ўстанова "Мінскпраект", а рэалізацыяй яго зоймуцца спецыялісты "Белрэстаўрацыі". Гаворка ж ідзе не пра звычайнае азеляненне, а пра аднаўленне гістарычнага ландшафту. Тут патрэбен не проста чалавек з рыдлёўкай, а дасведчаная асоба. Праўда, праект зараз на такой стадыі, што казаць пра дэталі яго рэалізацыі зарана".

Далей Вольга Папко падкрэслівае: маўляў, калі тры гады таму ў музейнай гаспадарцы нават касы не было, дык сёння ў штаце Мірскага замка — інжэнер па садова-паркавым абуладкаванні, у падпрадкаванні якога — рабочыя "зялёнага будаўніцтва".

І тут размова наша выходзіць на кадравае пытанне…

Ізноў пра кадры…

Паводле слоў Вольгі Папко, у 2011 годзе, калі Мірскі замак атрымаў "незалежнасць" ад Нацыянальнага мастацкага музея, у яго штаце было 67 чалавек. Сёння ў штаце ўстановы "Музей "Замкавы комплекс "Мір" — 130 чалавек, і яшчэ не ўсе вакансіі заняты. Мірскаму замку, напрыклад, патрэбны тры інжынеры-праграмісты для абслугоўвання ўнікальнага абсталявання. Тэхналогія клімат-кантролю "Разумны дом" у Беларусі скарыстоўваецца, акрамя замка, толькі ў двух сталічных гатэлях. Прафесіяналаў высокага класа патрабуюць іншыя сістэмы ды камунікацыі. А дзе гэтых спецыялістаў узяць? Таго, хто мае запатрабаваную спецыяльнасць, цяжка прывабіць жыццём у вёсцы ці пасёлку гарадскога тыпу. А Мір — гэта, фактычна, вялікая вёска. Ды і кватэру тут знайсці немагчыма, у той час як службовага жытла ў замка няма.

Пытаюся, чаму Карэлічы не дапамогуць. Вольга Мікалаеўна згадвае, што ёй, быў час, прапаноўвалі жытло ў Карэлічах, але ездзіць кожны дзень на працу за 25 кіламетраў (адлегласць ад Карэліч да Міра) вельмі нязручна. Зрэшты, неяк абуладкавалася ў Міры.

Сённяшняя праблема кадраў для Міра, на яе думку, была "закладзена" яшчэ ў час рэстаўрацыі замка. Ужо тады трэба было пачынаць рыхтаваць спецыялістаў, якія прыйдуць працаваць у Замкавы комплекс "Мір". Як робіцца зараз, калі будуецца АЭС у Астраўцы: паралельна з будаўнічымі работамі рыхтуюцца кадры атамшчыкаў для працы на станцыі.

Развіваць напрацаванае

Апошняе маё пытанне ў нашай размове — перспектывы развіцця Мірскага комплексу. Дырэктар музея кажа, што стратэгію яна бачыць ва ўдасканаленні сённяшніх здабыткаў, сённяшніх пачынанняў. Усё, што мае дачыненне да Мірскага замка, павінна быць унікальным, непаўторным. Гэта датычыцца сувеніраў, друкаванай і відэапрадукцыі, стылю работы персаналу замка. Дзеля пошуку свайго, непаўторнага, аблічча мірскія музейшчыкі вывучаюць замежны досвед. У прыватнасці, вопыт расійскіх калег з Музейнага комплексу "Царскае Сяло" пад Пецярбургам, з якім падпісана дамова аб супрацоўніцтве.

Вольга Мікалаеўна з гонарам кажа пра прысвечаны Мірскаму замку відэафільм, да стварэння якога далучыліся многія супрацоўнікі музея. Стужка складаецца з трох частак. У адной з іх супрацоўнікі як акцёры іграюць саміх сябе і адначасова людзей, якія былі ў Міры ў мінулыя стагоддзі. Карціна — на шасці мовах: беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, французскай, італьянскай. Рыхтуецца яе дубляж на кітайскую мову.

У музейнай краме дырэктар паказвае мне адмысловую кераміку, зробленую навучэнцамі Мірскага каледжа, элементы сярэднявечнай вопраткі, пашытыя ў мінскім каледжы, які рыхтуе спецыялістаў швейнай вытворчасці, копіі радзівілаўскага хрустальнага посуду, друкаваныя выданні пра Мір на розны густ і розную кішэню. Пры гэтым бядуе, што нават уласных супрацоўнікаў іншым разам бывае цяжка зацікавіць крэатыўнай ідэяй, выйсці за межы звыклага. Скажам, было праблемай угаварыць некаторых апрануцца ў сярэднявечныя строі для ўдзелу ў здымках таго самага рэкламна-асветніцкага відэа пра замак.

На развітанне Вольга Мікалаеўна падцвярджае, што зараз для турыстаў — не сезон. Гэта адчувае і замак, і мястэчка Мір. Таму ў гасцініцы свабодныя нумары і кавярня закрытая стаіць. Але супрацоўнікам музея і ёй асабіста працы ўсё адно хапае. Вось сёння былі тэлефанаванні з Мюнхена, з Пасольства Італіі ў Беларусі… Дарэчы, яшчэ ў кастрычніку музей прыняў столькі ж наведвальнікаў, як і ў ліпені. А сыдзе снег — ізноў пачнуцца гарачыя дні…

…Да аўтобуса заставалася яшчэ гадзіна. Я некалькі разоў абышоў па перыметры галоўную і адзіную плошчу Міра, названую ў гонар падзей 17 верасня 1939 года, зрабіў некалькі здымкаў "негламурнага" фармату. У "несезон" у Міры, як і паўсюль, відовішча сумнае. Падумалася: калі музей "Замкавы комплекс "Мір" разгорнецца настолькі, што захопіць у сваю сферу прылеглыя мясціны, надыдзе час штосьці прапанаваць вандроўнікам і ў халодную пару года. Цікава, а як бавілі час зімою Радзівілы? Ездзілі на санях па наваколлі? Палявалі? А можа, вандравалі па тых самых, актуальных сёння, "залатых кольцах", наведваючы Нясвіж, Навагрудак, Гродна? Уводзіны ў цяпершчыну мінулага — падстава ўбачыць будучыню. Хто не дае, скажам, у нашы дні для зімовых прагулак "з ветрыкам" коней у сані ўпрэгчы? Чаму ўжо не распачаць праект "Залатое кольца": Нясвіж, Мір, Навагрудак"?

Праўда, сіламі адных музейшчыкаў такі праект не зладзіш — тут спатрэбяцца рэсурсы раёна і вобласці. А на добрай справе яшчэ больш плённа паразумеюцца замак і Карэлічы. Урэшце, стварыць умовы для таго, каб турысты затрымаліся ў Міры і, шырэй, на Карэліччыне ды ў суседніх раёнах, падаецца, — справа гонару, прынамсі, для райвыканкама. Памятаеце, у адным з нумароў эканаміст райвыканкама згадала пра інвестпраекты акурат для турыстычнай інфраструктуры, што так і не знайшлі сваіх спонсараў. Чаму так адбылося? Не зацікавіліся бізнесмены? Або іх не зацікаўлівалі? А як бачыцца сітуацыя дэпутату ад Карэліччыны ў Палаце прадстаўнікоў?

Але пра гэта — у наступных нумарах. Не атрымліваецца завяршыць тэму. Будзе працяг…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"