Злыя прыгоды Алелькавічаў за мяжой

№ 47 (813) 24.11.2007 - 30.11.2007 г

Кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Настасся СКЕП’ЯН даследуе эпісталярную спадчыну магнатаў Вялікага княства Літоўскага, у прыватнасці, князёў Алелькавічаў. Разбіраючы лісты маладога Юрыя Алелькавіча да маці — Кацярыны, княгіні Слуцкай з Тэньчыньскіх, яна натрапіла на надзвычайны выпадак: Юрый скардзіўся, што ён і яго браты зведалі шмат прыкрасцей ад ахмістра, прызначанага мацярынскай воляй клапаціцца аб іх у замежным падарожжы. “Ліст напісаў я пра маю запазычанасць, азнаямляючы з тым, … што для мяне больш балючы ўчынак м[ай]го пана Стшышкоўскага супраць мяне. Хацеў я быў ужо так пакінуць, а потым паволі без турботы Вашай Княжацкай Міласці яго справы паказаць, ды паколькі ён, адчуваючы сябе вінаватым, хоча пісанінай сваёй узвысіцца, усё на мяне зваліўшы — прычыну запазычанасці і непарадку, мушу і я даць аб сабе справаздачу і давесці невінаватасць маю…”

 /i/content/pi/cult/138/840/Alelkavichy1.jpg

Партрэты князёў Алелькавічаў: Аляксандр

(Алелька) Уладзіміравіч (1411 — 1454 гг.),
Юрый ІІІ (1559 — 1586 гг.), Ян Сямён, Аляксандр.
— Настасся, якім чынам вашу ўвагу прыцягнулі лісты князёў Алелькавічаў?
— Мяне і маіх калег зацікавілі найперш прыватныя канцылярыі, якія трымалі пры сваіх дварах магнаты, іх перапіска. Дасюль даследаваліся фактычна толькі дакументы канцылярый ці двароў Радзівілаў. Але ж не менш цікавыя і каштоўныя для навукі рукапісы засталіся пасля Сапегаў, Хадкевічаў, Гаштольдаў, Алелькавічаў... У ХІХ стагоддзі ў Архіў Радзівілаў з Нясвіжа, які зараз часткова захоўваецца ў Галоўным архіве старадаўніх актаў (АГАД) у Варшаве, паступілі архівы некаторых параднёных з імі дамоў: Кішкаў, Астрожскіх, а таксама Алелькавічаў.
Чаму мы звярнуліся менавіта да лістоў апошніх? Алелькавічы амаль што адзіныя з магнатаў ВКЛ не займалі ніякіх прыдворных пасад, і, здавалася б, ім не было патрэбы трымаць пры сабе канцылярыю, але яна ўсё ж была. Гэтая акалічнасць нас заінтрыгавала.
— Лісты каго з прадстаўнікоў гэтага роду вы даследавалі?
— Юрыя Юр’евіча (Юрыя ІІ), унука праслаўленай Анастасіі Слуцкай, і яго сыноў — апошніх князёў Слуцкіх, трох братоў: Юрыя, Яна Сямёна і Аляксандра. Вядомыя нам дакументы ў АГАД датаваны 1581— 1592 гг.
— Які ж сюжэт удалося прасачыць па гэтай перапісцы?
— У тэстаменце Юрый Юр’евіч усклаў апеку над дзецьмі і распараджэнне зямельнымі ўладаннямі на жонку Кацярыну з Тэньчыньскіх — гэта досыць рэдкі выпадак. Муж абавязаў яе накіраваць сыноў на 2 гады вучыцца за мяжу з верным чалавекам, якому яна даручыла б распараджацца грашыма, прызначанымі на навучанне і падарожжа.
Юныя Алелькавічы павінны былі авалодаць “рыцарскімі навукамі” — ваеннай справай, коннай яздой, ігрой на лютні, юрыспрудэнцыяй, замежнымі мовамі — і завязаць, так бы мовіць, дзелавыя кантакты. Браты пакінулі бацькоўскі дом у 1580 г. Старэйшаму, Юрыю, было ўжо каля 20 гадоў, і яго не задавальняла роля, адведзеная яму маці.
“ Я не вораг сваёй маёмасці, ведаю, што знатнасць без дастатку няма чым падтрымаць, і рад быў бы тут навучыцца, як быць умераным і тым, што з ласкі Божай ад продкаў маіх мне пяройдзе, і тым, што мець буду з ласкі Вашай Княжацкай Міласці, распараджацца.”
— Дзе княжычы вырашылі вучыцца?
— На працягу XVІ ст. вядомы лічаныя выпадкі, калі нашы шляхцічы атрымлівалідыпломы пэўных навучальных устаноў. Звычайна яны падарожнічалі па еўрапейскіх універсітэтах як вольныя слухачы, спыняючыся ў адным месцы не больш чым на паўгода. Зазначым, што такі лад жыцця каштаваў вельмі дорага — не менш за 6 тысяч злотых у год, прытым што магнатэрыя Вялікага княства на той час не карысталася векселямі ці банкаўскімі паслугамі. Значыць, Алелькавічы мусілі везці пры сабе вялізную суму наяўных грошай. У іх аршаку ехалі менш заможныя шляхцічы, якія выконвалі функцыі сакратароў і кур’ераў.
Нашы героі накіраваліся са Слуцка праз Кракаў і Вроцлаў у Нямеччыну. Ва Вроцлаве яны цалкам памянялі ўбранне, замовіўшы заходнееўрапейскія строі для сябе і для світы. Па той бок мяжы браты раз’ехаліся: малодшыя накіраваліся ў нямецкі горад Інгальштадт, дзе пакінулі свае даныя ў матрыкулах каталіцкага універсітэта, а старэйшы, Юрый, перасёкшы нямецкія землі, трапіў у Мілан, адтуль — у Балонню, пабываў у Пізе і Рыме. У Мілане да яго далучыўся Ян Сямён, а праз некаторы час наведаў брата і Аляксандр. У Італіі Ян Сямён прыняў каталіцтва, з Мілана ён асобна з’ехаў у Луку, адкуль адправіў маці шэраг лістоў. Непрадбачаныя затрымкі на шляху былі выкліканы недахопам грошай, якія браты мусілі пазычаць пад высокія працэнты і затым чакаць ганца з дому, каб разлічыцца.
На гэтай глебе паміж давераным слугой маці — ахмістрам (аканомам) Стшышкоўскім і маладымі Алелькавічамі разгарэўся канфлікт. Стшышкоўскі трымаў у сваіх руках усю суму грошай і адмаўляўся выдаваць іх на будзь-якія патрэбы нават старэйшаму Алелькавічу. Не жадаў плаціць за пастой, за пашыў адзення...
— Дык як жа Алелькавічы жылі ў замежжы пры такім нягодным
 /i/content/pi/cult/138/840/Alelkavichy2.jpg

 Кацярына з Тэньчыньскіх, княгіня Слуцкая.

ахмістры?
— Вось гэта яны і апісвалі ў лістах да маці.
“Сямён і я на добры дзесятак просьб, да яго звернутых, [адказу] вымаліць не можам… так ані найменшай рэчы, калі б я дзе хоць найслушней загадаў даць, з лаянкай усё адпраўляючы, аж нават пры княжычы Сямёне, калі разгарачаны прыйшоў, пры ўсіх двойчы да д’ябла мяне пасылаў. Ледзьве я стрымаўся, чалавекам будучы, каб не адплаціць яму за такія словы.”
Алелькавічы цярпелі нястачу ў грошах і ў Нямеччыне, і падчас падарожжа па Італіі. Настолькі, што старэйшы брат быў вымушаны ўпотай ад Стшышкоўскага закласці, а пасля прадаць вялікі залаты ланцуг. Але і тут большасць выручаных грошай, даведаўшыся, адабраў ахмістр.
Юрыю давялося пакінуць сваіх слуг у Мілане і яшчэ вяртацца туды, каб канчаткова разлічыцца з даўгамі. У гэтым горадзе ён зрабіўся прадметам кпінаў, бо ніхто не разумеў: што ж гэта за князь, які спыняецца ў карчме, у “подлым” памяшканні, замест таго, каб здымаць дом ці вілу.
Між тым, яго ахмістр выхваляўся перад чужымі людзьмі, што знаходзіцца з княжычамі не ў якасці слугі, а на правах старэйшага сваяка і апекуна, каб наглядаць “за маладымі і неразумнымі”.
У лісце Алелькавіч таксама скардзіўся, што нічога належнага Стшышкоўскі для іх не рабіў: за сталом напіваўся, а пасля спаў, рахункі вёў недакладна, невядома куды падзеўшы немалую частку грошай. Увечары ён накіроўваўся ў горад, дзе бавіў час у непрыстойных забавах, аб чым Юрый гразіўся паведаміць яго жонцы. Прасіў маці не верыць усякім паклёпам, якія ахмістр мог бы на іх з братам узвесці.
— Цяжка даць веры, што трое юнакоў магнацкага стану не здужалі паставіць на месца нахабнага слугу.
— Яны не смелі парушыць волю маці, якая ўсё трымала ў сваіх руках. Браты Алелькавічы на той час яшчэ не атрымалі ад яе ўласных маёнткаў і таму не маглі самастойна распараджацца грашыма. Толькі вярнуўшыся з падарожжа, яны запатрабавалі ад маці падзелу маёмасці, і ён адбыўся ў 1582 г.
“Я прыроджаны характар мой, нецярплівы да лжывасці, да гневу схільны, з жалем зняволіў і так пераламіў, што ніводная крыўда і ніводная прыкрасць не давялі мяне да таго, каб мог забыць, што не яму, але сабе Ваша Княжацкая Міласць дагаджае, распарадзіўшыся даць мне яго за старшага слугу.”
— І як падзеі развіваліся далей?
— Выйшла наступная інтрыга. Справаздачы дадому павінен быў пісаць таксама ахмістр, а маладыя людзі прыкладалі да яго лістоў свае пасланні. Як можна здагадацца, ніводнай з іх скаргаў Стшышкоўскі не адправіў сваёй пані.
Калі Алелькавічы дазналіся пра тое, Юрый паслаў маці, ужо ў абыход ненавіснага ахмістра, вось гэты самы ліст, на 8-мі старонках, насычаны бурлівымі эмоцыямі, напісаны не ўласнаручна, а, відаць, нейкім добра адукаваным шляхцічам пад дыктоўку.
— Чым жа скончылася махлярства ахмістра?
— Хутчэй за ўсё, у выніку гэтых скаргаў Стшышкоўскі быў-такі адкліканы. Найбольш цяжкая з яго правіннасцей  — ён неаднойчы адмаўляўся плаціць дактарам, хаця ўсе трое Алелькавічаў мелі слабое здароўе. (Верагодна, яны пакутавалі ад нейкай спадчыннай хваробы, і таму рана пайшлі з жыцця: Юрый  — у 1586-м г., Аляксандр  — у 1591-м, Ян Сямён — у 1592-м.)
Няхай Ваша Княжацкая Міласць даведаецца, што калі я цяжка захварэў, дзякуючы пільнасці доктара, які паходзіць з аднаго знатнага шляхецкага дому, за некалькі дзён выздаравеў, прасіў яго [Стшышкоўскага] і нагадваў больш за дзесяць разоў, каб гэтага доктара за працу ўзнагародзіў, бо той, у высакародных [людзей] бываючы, мог мяне зняславіць. Нічога на просьбы мае і напаміны не зрабіў. Сустракаўся я з доктарам на вуліцах, з сорамам гледзячы на яго. А пан Стшышкоўскі, пакінуўшы пры сабе маіх грошай амаль трыста крон, дзесяці доктару шкадаваў.”
— Колькі часу прабыў Стшышкоўскі з Алелькавічамі?
— Каля года. У студзені 1581 г. Юрый піша да маці наступны ліст з Балонні, паведамляючы, што нарэшце атрымаў грошы. Частку з іх ён пакінуў слугам у Падуі, а сам збіраўся ехаць у Рым, паколькі падчас посту там можна шмат чаго пабачыць. Прасіў прыслаць яшчэ 6300 злотых для выплаты пазык і працэнтаў па іх і прадстаўляў рэестр усіх сваіх даўгоў. Можна меркаваць, што на гэты час Стшышкоўскі ўжо ад’ехаў па загадзе пані, бо далей яго прозвішча ў лістах не сустракаецца. Што асабліва цікава — нягледзячы на скаргі сыноў і доказы фінансавых злоўжыванняў, гэты слуга не страціў сваю пасаду: у лістах, напісаных праз 2-3 гады, мы зноў сустрэлі яго прозвішча ў якасці даверанай асобы пані Кацярыны Тэньчыньскай і Крыштафа Радзівіла Перуна.
— Пані Кацярына прыслала сынам кагосьці яму на змену?
— З Алелькавічамі паехаў яшчэ адзін шляхціч — Бака, потым ён стане наваградскім суддзёй. Магчыма, функцыі ахмістра перайшлі да яго, бо ў далейшым ён складаў грашовыя рэестры. Ва ўсялякім разе, нараканняў з боку маладых людзей ужо не было, змяніўся і сам тон наступных лістоў.
— Ці будзе эпісталярый Алелькавічаў недзе надрукаваны?
— Паспрабуем зрабіць сумесны з польскімі навукоўцамі праект, каб уключыць у даследаванне не толькі тыя лісты, якія захоўваюцца ў АГАД, але і з Бібліятэкі Рачыньскіх у Познані (перапіску Алелькавічаў са сваякамі па маці — Тэньчыньскімі), і іншыя, якія знаходзяцца ў Польшчы.
Гэта будзе стварэнне друкаваных архіўных копій, апрацаваных так, каб гэтыя лісты сталі даступнымі шырокаму колу чытачоў. Пакуль ідзе праца над электронным варыянтам выдання.

Гутарыла Святлана ІШЧАНКА