“Мы ажаніліся ў Касцюшкі”

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

Напэўна, ні адно надвор’е так, як снежная сонечная зіма, не падыходзіць для наведвання такіх знакавых помнікаў, як Мемарыяльны музей Тадэвуша Касцюшкі і Палац Пуслоўскіх у Косаве. Яны сустракалі нас першымі ў нашым падарожжы, як і іх куратары: намеснік старшыні Івацэвіцкага раёна Аляксандр Вялікаселец ды дырэктар музейнай установы Ірына Анціпенка.

Сёння сядзібны дом, у якім нарадзіўся нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША і Ганаровы грамадзянін Францыі Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка, уяўляе з сябе музейны комплекс з васьмі пакояў. Два з іх — адміністратыўныя, адзін — гістарычны, і мемарыяльная частка: сені, кухня, пакой маці, рабочы кабінет бацькі Касцюшкі і гасціная.

Ірына Станіславаўна правяла для нас невялічкую экскурсію, прадэманстраваўшы цікавыя экспанаты музея, і распавяла пра сучаснае жыццё гэтага невялічкага дамка.

/i/content/pi/cult/410/8396/5-2.jpeg

— Калі музей адкрыўся ў 2004 годзе, а ён пабудаваны на тым самым фундаменце старажытнай сядзібы XVIII стагоддзя, — кажа яна, — працаваў толькі адзін пакой — гасціная. І шмат экспанатаў мы атрымалі ў дар ад людзей — жыхароў нашага краю, раёна, наведвальнікаў...

Бачна, што гэтая традыцыя працуе ў музеі і сёння. Прадметы мэблі ды посуд — ад землякоў, калекцыя здымкаў першага косаўскага фатографа — ад яго спадчынніцы з Лодзі, партрэт Тадэвуша Касцюшкі — ад мастака і калекцыянера з Баранавічаў, побач жа — стогадовая карціна з выявай героя ад дарыльшчыка з польскай вёсачкі, жывапіснае палатно ад губернатара Брэсцкай вобласці Канстанціна Сумара, падарункі ад амерыканскіх кадэтаў, 18-хвілінны фільм пра славутага дзеяча, створаны пры фінансавай падтрымцы UNESCO...

/i/content/pi/cult/410/8396/5-1.jpeg

— Сёння ў нас ужо ёсць стужкі і на беларускай, і на польскай мовах, — адзначае дырэктар. — А вось асаблівую папулярнасць музей набыў, калі з 2009 года мы ўвялі новую паслугу, што дазваляе парам зарэгістраваць свой шлюб у нашай сядзібе. І на сёння ў нас ужо больш чым паўсотні сем’яў...

На будучыню музейная ўстанова плануе адкрыць выстаўку фатаграфій тых пар, што злучылі свае жыцці ў сядзібе.

— Каб праз дваццаць гадоў яны вярнуліся да нас і ўбачылі сябе — такіх прыгожых і маладых… — прапаноўвае дырэктар будучы варыянт сустрэчы.

Ды яшчэ цырымонія шлюбу мае ўдасканаліцца: сакратару Косаўскага гарвыканкама, які рэгіструе маладых, збіраюцца набыць нацыянальны строй.

— Вядома, самы запамінальны варыянт, — кажа Ірына Анціпенка, — калі малады “Касцюшка” вітае будучую сям’ю…

/i/content/pi/cult/410/8396/5-3.jpeg

І можна пагадзіцца, што такое вяселле сапраўды не забудзецца!..

Сёння нават у ваколіцах Косаўскага замка і Музея Тадэвуша Касцюшкі віруе жыццё. Ужо неаднойчы мясцовы энтузіяст з Івацэвічаў Віталь Грыгорчык ладзіў фестываль электроннай музыкі ў фармаце “open air” ля славутых аб’ектаў.

— Наша моладзь — у захапленні! — дзеліцца Аляксандр Вялікаселец. — “Супер!” — як яны кажуць. Апошнім разам да тысячы людзей прыйшло!..

Ініцыятыву падтрымліваюць і мясцовыя ўлады, бо мерапрыемства праходзіць з улікам усіх неабходных патрабаванняў, не перашкаджаючы работам па рэстаўрацыі Палаца Пуслоўскіх.

На дадзены момант, зазначае ўжо галоўны спецыяліст упраўлення культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Брэсцкага аблвыканкама Вячаслаў Гарбузаў, скончана першая чарга рэстаўрацыі Палаца і распачата другая. Зроблены дах, вокны, заліта падлога…

Летась на фінансаванне рэстаўрацыі рэспубліка і вобласць выдаткавалі 5,5 мільярда рублёў. У бягучым годзе плануецца асвоіць усе 7.

— Гэта будзе гасцінічна-турыстычны комплекс, — вымалёўвае перспектывы Косаўскага замка Вячаслаў Гарбузаў. — Ён прадаставіць шэраг магчымасцей для наведвальнікаў: ад правядзення семінараў і сустрэч у адпаведным бізнес-цэнтры да наведвання рэстарана…

Дарэчы, наконт той самай інфраструктуры… Ля музея ўжо зараз працуе кафэ “У Тадэвуша” — значыць, турысту ў гэтых найпрыгажэйшых мясцінах ёсць дзе падсілкавацца. Прынамсі, у меню кафэ была заўважана і фірмовая страва — сырныя рулеты, рэцэпт якіх, як кажуць, быў знойдзены пад час раскопак старадаўняй сядзібы. Мяркуем, нават калі гэта не так, тая смаката ад гэтага не згубіла ў смаку!

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"