Тэатр: трукі трэнду

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

Як у Магілёве шукаюць публіку

Каб развівацца, неабходна рухацца і ніколі не супакойвацца, спыняючыся на дасягнутым. Думка гэтая, здаецца, павінна даўно перайсці ў катэгорыю прафесійных аксіём. Ды на практыцы нярэдка сутыкаешся з сітуацыяй, калі аднойчы знойдзены ўдалы баланс, мадэль, прынцып хочацца закансерваваць. Сёння — пра вопыт адваротнага кшталту.

Арганізатары Міжнароднага маладзёжнага форуму “М.@rt.кантакт”, які вось ужо ў восьмы раз пройдзе ў Магілёве, не схільныя спыняцца на дасягнутым яшчэ і таму, што маладзёжны фармат фестывалю проста-такі абавязвае не толькі жыва адгукацца на актуальныя тэатральныя тэндэнцыі, але і заставацца ў трэндзе, уласнымі сіламі ствараючы “падзеі” ды “з’явы”. 21 студзеня ўжо распачаўся продаж білетаў на спектаклі сакавіцкага форуму. За што ж магіляўчане і госці сёлетняй Культурнай сталіцы Беларусі і СНД спяшаюцца выкласці свае грошы? Чым “М.@rt.кантакт” працягвае прывабліваць і шараговых гледачоў, і прафесіяналаў ад тэатра?

“Сакрэт” першы — імкненне да разнастайнасці пры фарміраванні афішы форуму. Яна мае на ўвазе не только разнажанравую палітру тых творчых эксперыментаў ды пастановак, што прапаноўваюцца гледачам, але і пастаяннае абнаўленне калектываў-удзельнікаў. Здавалася б, запрашэнне да паўторнага ўдзелу тэатраў, якія ў мінулыя гады выклікалі шырокі глядацкі інтарэс, магло б стаць своеасаблівым “гарантам” камерцыйнай акупнасці фестывальных спектакляў, аднак арганізатары на чале з дырэктарам тэатра Андрэем Новікавым робяць стаўку на навінкі — прадчуванне сустрэчы з тым, чаго яшчэ не ведаеш.

І гэта цалкам справядліва як у дачыненні да замежных калектываў, так і ў адносінах да беларускіх пастановак, што будуць прадстаўлены гледачам: поруч з “Блазнам Балакіравым, або Прыдворнай камедыяй” Р.Горына, заяўленай гаспадарамі фестывалю, айчынная тэатральная моладзь будзе “прадэманстравана” ў спектаклях “Над прорваю ў жыце” Дж.Сэлінджара Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы і “Шоўк” А.Барыко Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.

Другім прынцыповым наватарствам сёлетняга форуму акажацца больш актыўнае, у параўнанні з папярэднімі гадамі, “хаджэнне ў народ”. Іншымі словамі, інтэрвенцыя тэатральных мерапрыемстваў у маладзёжны асяродак. Адной з такіх акцый мае стаць запрашэнне ў праграму вулічнага спектакля: знаны не толькі ў Еўропе, але і ў Беларусі тэатр “Biuro Podrozy” пакажа на плошчы ля Ратушы спектакль “Пахаванне Кармэн”. Думаецца, ён не толькі адкрые для магілёўскіх тэатралаў яшчэ адну форму бытавання сучаснага тэатра, але і пэўным чынам зацікавіць, “зачэпіць” мінакоў — тых, для каго тэатральнае мастацтва пакуль што “далёкае” і невядомае.

“Трукам” ад арганізатараў стане выхад работы фестывальных лабараторый, якія штогод выклікалі вялікі інтарэс ды бурныя дыскусіі сярод прафесіяналаў, у больш шырокае кола “спажыўцоў” — студэнцкі асяродак магілёўскіх ВНУ, не абазначаных культурна-мастацкай профільнасцю. Акурат тут адбудуцца чыткі ў рамках “Майстэрні маладой рэжысуры”, якія ажыццявяць беларуска Кацярына Аверкава, а таксама Глеб Чарапанаў з Расіі і Шаміль Дыйканбаеў з Кыргызстана.

Адзінае, што па-ранейшаму застаецца стабільным, — дастаткова дэмакратычная цэнавая палітыка “М.@rt.кантакту”: самыя дарагія білеты на спектаклі не перавысяць кошту ў 100 тысяч, а многія фестывальныя мерапрыемствы, такія, як вулічны спектакль або чыткі, будуць бясплатнымі.