Рэпрэзентацыя пасля рэстаўрацыі

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

Днямі Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь узначаліў колішні дырэктар Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, экс-начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алег РЫЖКОЎ. Літаральна пасля прадстаўлення калектыву і агляду фондаў Алег Гар’евіч, эксклюзіўна для нашага выдання, пагадзіўся расказаць пра сваё бачанне развіцця музея — адной з “візітовак” нашай краіны.

— Першая думка, што прамільгнула пасля знаёмства з музеем, — яго трэба неадкладна ратаваць. Я не перабольшваю. У першую чаргу, маю на ўвазе фонды, якія знаходзяцца ў вельмі кепскім стане. Яны раскіданы па ўсім горадзе: сёння музейныя прадметы знаходзяцца ў пяці месцах, у некаторых з якіх няма адпаведных умоў. Тым больш, у Нацыянальным гістарычным музеі сабраны найбольш знакавыя прадметы, якія ўсебакова характарызуюць нашу спадчыну, найбольш яркія артэфакты культуры мінулых эпох.

— Было непрыемна ў свой час даведацца, што ўнікальныя каштоўнасці Нацыянальнага гістарычнага захоўваюцца літаральна ў прыбіральні….

— Так, на жаль, даводзіцца канстатаваць, што частка музейных прадметаў зараз захоўваецца ў прыбіральні былой паліклінікі. Таксама асобная частка знаходзіцца на самым верхнім — трынаццатым — паверсе, дзе пастаянна пячэ сонца, ці наадварот, у падвалах, дзе высокая вільготнасць. Усе гэтыя рэчы — у каробках, заматаных скотчам. Пра якую дэманстрацыю ці рэстаўрацыю прадметаў можна казаць, калі няма ўмоў захоўвання? Гэта вельмі сур’ёзная сітуацыя, якая патрабуе неадкладнага вырашэння. Акрамя таго, мы зараз не можам годна прэзентаваць фонды шырокай грамадскасці, бо 90 працэнтаў з агульнай колькасці музейных прадметаў патрабуюць рэстаўрацыі. Чым больш мы будзем адкладваць ці закрываць вочы на праблему, тым больш згубім унікальных артэфактаў, якія дайшлі да нас з глыбокай даўніны…

— Не адкрыю сакрэт, калі скажу, што пад час вашага кіравання Гомельскі палацава-паркавы ансамбль стаў адным з самых папулярных музейных аб’ектаў у маштабе ўсёй краіны. Наколькі рэальна дасягнуць такіх поспехаў з Нацыянальным гістарычным музеем?

— Безумоўна, хацелася б зрабіць гэта ўсё цягам года. Але ў падобнай сітуацыі больш мэтазгодным будзе правядзенне якаснай рэстаўрацыі памяшканняў установы. Выкарыстоўваючы толькі наяўныя плошчы, немагчыма выклікаць у наведвальнікаў той набор эмоцый, якія ён павінен атрымаць ад музея такога рангу. Любы чалавек — ці то маленькае дзіця, ці то госць нашай краіны — павінен захапіцца нашай гісторыяй!..

У мяне ёсць бачанне таго, як развіваць музей, у тым ліку, каб ён захоўваў свае функцыі ва ўмовах рэстаўрацыі. У будучым мы павінны працаваць у двух кірунках. Па першае, тут, у сталіцы, рэпрэзентаваць гісторыю і культуру Беларусі. Завітваючы ў наш музей, кожны мусіць адчуваць, найперш, гонар за сваю краіну. На гэта павінна працаваць усё: пачынаючы ад памяшканняў і заканчваючы інтэрактыўнымі элементамі экспазіцыі. Другі важны кірунак: годна прадставіць нашу спадчыну за мяжой. Мяркую, што пад час рэстаўрацыі музея патрэбна зрабіць некалькі паўнавартасных перасоўных выставак — з добрым абсталяваннем, падачай, арыгінальнымі прадметамі, а не планшэтамі, якімі ўжо нікога не здзівіць. І паказаць нашы брэнды ў блізкім і далёкім замежжы — на пляцоўках нашых партнёраў.

— Вы кажаце пра неабходнасць рэстаўрацыі саміх прадметаў. А ці хапае ў музеі спецыялістаў?

— Кадравы патэнцыял у музеі, перакананы, — вельмі добры. Нашы супрацоўнікі могуць ствараць любыя праекты — ад навуковых да выставачных. А ўласна з рэстаўратарамі я паспеў пазнаёміцца ў першы ж дзень працы. Вельмі ўзрадавала тое, што ў нас ёсць высокапрафесійныя спецыялісты па аднаўленні прадметаў з дрэва, паперы, іншых матэрыялаў. Адно што — маецца пэўны недахоп рэстаўратараў жывапісу. Да сярэдзіны бягучага года рэстаўратары могуць працаваць у сценах былой паліклінікі, у будынку, што належыць Міністэрству аховы здароўя…

— У свой час было праведзена грамадскае абмеркаванне канцэпцыі Нацыянальнага гістарычнага музея. А як ацэньваеце яе вы?

— Сёння мы можам арыентавацца толькі на наяўныя плошчы. Па маіх падліках, калі нашы памяшканні вызваліць Музей прыроды і экалогіі краіны і “Белвідэацэнтр”, то пасля прыстасавання навакольных гаражоў ды пляцоўкі побач з музеем можна будзе паказаць каля 10 працэнтаў фондаў, што вельмі добра для нацыянальнага музея нават па еўрапейскіх мерках. Акрамя таго, тая канцэпцыя патрабуе дапрацоўкі і па іншых аспектах. Да прыкладу, сёння для кожнага музея важна тое, як візуальна падаецца матэрыял, як ён уздзейнічае на чалавека. Я прытрымліваюся думкі, што кожны музей павінен мець сваё адметнае аблічча. Мы не павінны капіраваць, скажам, Нацыянальны мастацкі, альбо выставачныя галерэі, а мусім працаваць са сваімі профільнымі партнёрамі ў замежжы, у нечым арыентавацца на іх.

— На якія аспекты ў жыцці Нацыянальнага гістарычнага музея вы плануеце звярнуць асноўную ўвагу?

— У сваёй музейнай дзейнасці я заўсёды быў праціўнікам, каб па разнарадцы музей наведвалі групы школьнікаў, якія сёння складаюць асноўны кантынгент наведвальнікаў нашай установы. Перакананы, што гэта можа прывесці да адваротнага эфекту. Таму будзем імкнуцца, каб, найперш, візіты разавых наведвальнікаў сталі найбольш масавымі. Для гэтага трэба стварыць не толькі шыкоўную экспазіцыю, але і годную інфраструктуру. У кожнага госця музея павінна быць магчымасць завітаць у добрую сувенірную краму, адмысловую кавярню, якая б прапаноўвала традыцыйную беларускую кухню, арыентуючыся на розныя перыяды яе развіцця. Упэўнены, калі створым такую структуру, то будуць і чэргі ў музей. Гэта абсалютна рэальна, асабліва калі ўсе нашы задумы будуць падтрыманы як дзяржавай, так і спонсарамі, у тым ліку тымі, якія зараз уваходзяць у апякунскі савет музея...

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"