Дадатковая вартасць: Таўэр заменім сваім?

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

Карэлічы пры Міры: прыбыткі ад фестывалю не перакрываюць выдаткаў, але форум працуе на брэнд Эканоміка культуры: тэрыторыя кааперацыі намаганняў

Мая любімая грашовая купюра — 50 000 Br: яе колер нагадвае мне паэтычную назву нашай краіны — "Сінявокая", а выява Мірскага замка выклікае гонар за гістарычную спадчыну Беларусі. Але іншым разам думаецца: Мірскі замак на грошах — гэта цудоўна, але наколькі эканамічна рэнтабельныя нашы нацыянальныя брэнды — і Мір у прыватнасці? Памятаю, у савецкі час з Тракайскага замка, які, у адрозненне ад Мірскага, фактычна ўяўляе з сябе муляж-наватвор, немалую карысць мела, у тым ліку і ў матэрыяльным эквіваленце, уся Літва. А ці мае прыбытак з Міра хоць бы родны яму райцэнтр Карэлічы?

Адсюль да ўсяго блізка

Мэтай маёй камандзіроўкі на Карэліччыну было найперш высветліць, што раён мае ад наяўнасці на сваёй тэрыторыі нацыянальнага брэнда — аб’екта Сусветнай спадчыны UNESCO.

Ад Карэлічаў аўтобусныя маршруты скіраваны ў адзін бок на Гродна  — праз Навагрудак і Ліду, у другі — на Нясвіж праз Мір. Ад Навагрудка ёсць адгалінаванне на Любчу, ад Міра  — на Стоўбцы, ад Нясвіжа — на Слуцк. Калі б на гэтую схему ды накласці адпаведную інфраструктуру ў выглядзе вялікіх і малых гатэляў, крамаў з элементамі нацыянальнай экзотыкі, аграсядзіб, забаўляльных комплексаў, дык атрымалася б шыкоўнае турыстычнае кольца, прамінуць якое — проста немагчыма. Што, можа, надзвычай важнае ў дадзенай сітуацыі — Карэлічы знаходзяцца ў самым цэнтры гэтай прасторы. Зручнае месца: адсюль да ўсяго блізка. Але ці лічаць яго зручным для развіцця мясцовыя жыхары?

Тэндэнцыя супраць тэндэнцыі

Пра культурны чыннік мне распавядае начальнік аддзела культуры Карэліцкага райвыканкама Нэлі Маісеенка. Яна — мясцовая. Кажа, што ад пачатку працы на пасадзе сутыкнулася з праблемай хранічнага характару: сённяшніх работнікаў у блізкай перспектыве няма кім замяніць. Прытым што ўмовы для маладых спецыялістаў, па словах Нэлі Аляксандраўны, — нібыта, спрыяльныя: ніхто з маладых спецыялістаў сферы на Карэліччыне не жыве на прыватнай кватэры, бо забяспечваюцца жыллём.

Зрэшты, сітуацыя ў культурнай сферы пэўным чынам праецыруе агульны стан спраў у раёне. Так, начальнік аддзела разумее, што культурная сфера наўпрост звязана з эканамічнай. У Карэлічах за апошнія дзесяць гадоў насельніцтва зменшылася з 10 тысяч да 6,5. Так што крыўдаваць на работнікаў культуры, якія не затрымліваюцца ў Карэлічах, не мае сэнсу: іх "міграцыя" — гэта проста адбітак агульнай тэндэнцыі.

На думку Нэлі Аляксандраўны, Карэлічы шчыльна прывязаны да Міра. І не толькі ў культурным сэнсе, але і эканамічна. А значыць, развіццё інфраструктуры вакол замка можа стаць чыннікам эканамічнага ўздыму Карэлічаў.

Пакуль што, аднак, і ў Міры праблем хапае. Калі сюды прыязджае чарговая экскурсія ў чалавек сорак, дык іх няма дзе пасяліць і няма як накарміць. Некалькі экскурсій адначасова — для мястэчка ўжо праблема. У Міры — усяго тры кавярні і рэстаран замка. Але прыватнікі, якія бачаць перспектыву, укладаюць грошы ў інфраструктуру. Нядаўна мінскі камерсант прыдбаў з такой мэтай былую дзіцячую бібліятэку і яшчэ збіраецца прыкупіць зямлю да яе. Мірскіх праблем агулам гэта не вырашае, ды ўсё ж тэндэнцыя — пазітыўная. Прынамсі, так хочацца думаць…

Тры фестывалі. Усе — брэндавыя

Намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Руслан Абрамчык — таксама мясцовы чалавек. Акрамя іншых службовых абавязкаў, Руслан Юр’евіч непасрэдна адказвае за маштабныя культурныя мерапрыемствы. Зразумела, нікога не здзіўлю, калі скажу, што для ўсіх больш-менш важных карэліцкіх імпрэз базай і сцэнічнай пляцоўкай з’яўляецца Мір.

На працягу года тут праходзяць тры фэсты. Найперш, фестываль "Мірскі замак", які ладзіць аркестр Міхаіла Фінберга. Фэст мае дзесяцігадовую гісторыю, адпаведна — сталыя традыцыі ды распрацаваную канцэпцыю. Сімфанічныя канцэрты традыцыйна адбываюцца ў мірскім касцёле, а эстрадныя  — у Карэліцкім доме культуры. Па словах Руслана Юр’евіча, на гэты фэст хапае сродкаў райбюджэту.

Другая імпрэза — "Вечары ў Мірскім замку". Яна ладзіцца разам з тэлеканалам "АНТ". Канцэрты цягам трох дзён наведвае блізу 30 тысяч гледачоў. Акрамя канцэртаў, праходзяць выстаўкі і кірмашы. Пабачыць "Вечары ў Мірскім замку" прыязджаюць госці не толькі з блізкіх паселішчаў Гродзеншчыны, але і з Мінска, Віцебска, Брэста, Баранавічаў… Большую частку сродкаў на арганізацыю фестывалю выдаткоўвае тэлебачанне, свой унёсак робіць Міністэрства культуры. Але арганізацыйныя клопаты выпадаюць на карэліччан. Скажам, неабходна размясціць сто чалавек тэхнічнага персаналу, які забяспечвае правядзенне канцэртаў. Пад гэта акрамя гасцініцы даводзіцца задзейнічаць інтэрнаты навучальных устаноў. А яшчэ — забяспечыць неабходныя меры бяспекі для наведвальнікаў.

Шмат і руціннай працы. Вось патрэбна трыццаць цэментных блокаў для пабудовы сцэны. У Навагрудку трэба пазычыць крэслы для партэра. У штабе мерапрыемства адных толькі кіраўнікоў прадпрыемстваў — некалькі дзясяткаў. Усе супрацоўнікі дамоў культуры так ці інакш задзейнічаны ў гэтым фестывалі. Такім чынам, хоць асноўныя сродкі — ад АНТ, асвойваюцца яны праз высілкі карэліччан. Прыбытак ад фестывалю не перакрывае выдаткаў раённага бюджэту на гэтую справу. Увогуле, вельмі цяжка падлічыць, колькі той фестываль каштуе раёну. Але ў дадзеным выпадку, як мяркуе Руслан Юр’евіч, прыбытак — не мэта. "Гэты фестываль працуе на нашу будучыню, бо спрыяе пазітыўнаму іміджу Карэліччыны", — кажа ён.

Трэці фестываль мае на мэце рэканструкцыю сярэднявечнай культуры і называецца "Спадчына стагоддзяў". У Міры ён ладзіўся двойчы. Згаданы фэст пачынаўся на самадзейным узроўні, калі "рыцары" ставілі свае намёты ля сцен Мірскага замка і ладзілі нейкія тэатралізаваныя дзеі. А два гады таму гэтае мерапрыемства набыло новы арганізацыйны ўзровень. Кіраўнік аднаго з мінскіх рыцарскіх клубаў Іван Краўцэвіч выйшаў на Карэліцкі райвыканкам з просьбай дапамагчы правесці ля "намоленых" сцен замка той форум. Прычым адразу з прыцэлам на міжнародны ўзровень, ды каб замацаваць фэст за Мірам як найбуйнейшы такога кшталту ў нашай краіне. Паразуменне было знойдзена: фэст адбыўся ў 2011 годзе, хоць удзел райвыканкама абмежаваўся аргпадтрымкай. Сабраў ён амаль 500 удзельнікаў, не лічачы гасцей.

Давялося сутыкнуцца з юрыдычнымі праблемамі. Справа ў тым, што згаданае рыцарскае аб’яднанне не мела статуса юрыдычнай асобы, і прадстаўляць яго інтарэсы на падставе адпаведнай дамовы мусіла адна турыстычная фірма. А таксама мелі месца праблемы кантролю за рухам вялікай колькасці гледачоў, якія прыехалі на фэст. Наступным годам арганізатарам было прасцей: па-першае, ужо меўся досвед, а па-другое — рыцарскі клуб стаў юрыдычнай асобай. Гэтым разам фэст сабраў 800 рыцараў, а да арганізацыі спрычынілася ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама.

Сёння, у час падрыхтоўкі да ІІІ Міжнароднага фестывалю гістарычнай рэканструкцыі эпохі Сярэднявечча "Спадчына стагоддзяў", Карэліцкі райвыканкам гатовы сам зрабіць фінансавы ўнёсак у яго правядзенне, бо з’явілася адпаведная графа ў раённым бюджэце.

Сёлета фестываль "Спадчына стагоддзяў" афіцыйна ўключаны ва Усходнееўрапейскае кола рыцарскіх фэстаў. У гэтым коле — Расія, Украіна, Польшча, Чэхія… А цяпер — і Беларусь. У ім для кожнага фестывалю — жорсткія каляндарныя рамкі.

У коле прыцягнення

Так, сёння ў Міры рэалізуюцца праекты, у якія паступова ўцягваюцца і блізкія Карэлічы, і Гродна, і жыхары сталіцы. Праўда, рэй тут вядуць мінчане, а мясцовыя жыхары — на другасных ролях… А між тым, менавіта мірскія фэсты забяспечваюць сезонную занятасць, а ў перспектыве могуць стаць гарантам прафесійнай запатрабаванасці культработнікаў Карэліччыны. Глядзіш, і цякучка кадраў спыніцца…

Па словах начальніка аддзела культуры, пакуль Карэліччына прыбытку ад гэтых фэстаў фактычна не мае. Найлепшы на сёння вынік, рэкордная, так бы мовіць, лічба — 30 мільёнаў на рахунак райаддзела за тры дні "Вечароў у Мірскім замку". З іншага боку, мясцовае кіраўніцтва разглядае выдаткі на правядзенне фэстаў як укладанне ў рэкламу, у раскрутку брэндаў, а значыць — у будучыню. Заробленыя ж тут грошы лічацца прыбыткам ад пазабюджэта і скарыстоўваюцца на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры.

На згаданых фестывалях задзейнічаны гаспадарчая група, інжынерна-тэхнічны персанал і адміністрацыйны апарат райаддзела. Творчыя кадры абавязкова прысутнічаюць на фестывальных імпрэзах, бо для іх гэта — прафесійная вучоба. Некаторыя самадзейныя калектывы Карэліччыны выступаюць на фестывалі "Мірскі замак", у прыватнасці — дзіцячыя ансамблі. Зразумела, на другасных пляцоўках. Але ёсць спадзяванне, што роля мясцовага чынніка ў мірскім фестывальным коле будзе ўзрастаць.

Гэтыя фестывалі — справа дзяржаўная. Роля прыватных прадпрымальнікаў тут — нязначная: яны, хіба што, з’яўляюцца са сваімі таварамі ды паслугамі на кірмашы. Як прыватныя асобы прыязджаюць у Мір і народныя майстры. Ад заробленых прыватнікамі грошай адлічэнні ў мясцовы бюджэт не ідуць. Таму, зразумела, карэліцкім уладам зручней супрацоўнічаць з арганізацыямі мясцовай cпажывецкай кааперацыі…

Так сітуацыю акрэслілі мне ў аддзеле культуры. Колькі штрыхоў дадала начальнік эканамічнага аддзела райвыканкама Наталля Кныш. Яна зазначае, што нейкай адчувальнай выгоды ад мірскіх фестываляў раёну, яго эканоміцы насамрэч няма. А клопатаў і выдаткаў — шмат. Хіба што нейкія грошы зарабляюцца праз платныя паслугі: гасцініцы, кавярняў. І яшчэ мае прыбытак гандаль — як мясцовы, так і выязны, мінскі, які разгортваецца тут пад час фэстаў.

Наталля Кныш пацвярджае маю тэзу пра недахоп месцаў прытулку для турыстаў, для гасцей фэстаў у Міры, пра тое, што нават падсілкавацца — праблема. Напрыклад, для тых, хто хацеў сустрэць Новы год у Міры (сёння гэта, у асноўным, расіяне), гасцінічныя нумары для пражывання знаходзяць і ў Карэлічах, і ў Баранавічах. Зараз у гарадскім пасёлку адведзены тры пляцоўкі пад будаўніцтва гасцініцы, забаўляльнага комплексу і гасцявых дамкоў. Але інвестара пакуль няма… "Шукаем", — кажа Наталля Аляксандраўна.

Яна лічыць, што раён мог бы зарабляць на фестывалях, калі білеты на канцэрты зрабілі б платнымі. Іншая справа — ці пойдуць у такім разе людзі на тыя канцэрты, калі дзеля гэтага давядзецца раскашэльвацца самім. На яе думку, напачатку, калі музычныя праекты ў Міры толькі разгортваліся, праграмы канцэртаў былі больш цікавыя, і эстрадныя зоркі на іх "зіхцелі" ярчэй. А зараз прыязджаюць збольшага невядомыя маладыя выканаўцы… "Так што трэба добра падумаць, перш чым рабіць канцэрты платнымі", — рэзюмуе Наталля Кныш. І я разумею, што перспектывы зарабляння Карэлічамі на культуры падаюцца эканамісту вельмі цьмянымі. Прынамсі, цяпер.

Погляд звонку

А якой бачыцца эканамічна-культурная сітуацыя вакол Міра стрыжнявой постаці фестывалю "Мірскі замак" Міхаілу Фінбергу? Маэстра патлумачыў, што яго справа — творчая. Аднак ён вельмі ўдзячны мясцовым спецыялістам у Міры і Карэлічах, якія робяць усё магчымае для таго, каб фестывальныя канцэрты прайшлі на высокім узроўні: "Яны — сапраўдныя прафесіяналы". Добрымі словамі згадаў спадар Фінберг і раённае кіраўніцтва за яго ўважлівае стаўленне да культуры ўвогуле і музычнай — у прыватнасці.

Кіраўнік камунікацыйнага агенцтва Андрэй Эзерын, (менавіта яно стала піяр-партнёрам Замкавага комплексу "Мір") лічыць, што гарадскому пасёлку з малымі чалавечымі і матэрыяльнымі ресурсамі на дадзеным этапе ягонай гісторыі проста наканавана быць базай для рэалізацыі ініцыяваных звонку амбіцыйных праектаў. І канал "АНТ", і аркестр Фінберга, і "рыцары" — гэта мінчане. Але, прызнацца, цяжка ўявіць, што ў Міры сёння можа ўзнікнуць, скажам, рыцарскі клуб, здольны ўразіць сталіцу. Тое ж датычыцца і іншых праяў культурнага жыцця. Такі музейны комплекс, як Мірскі, кажа Эзерын, можа існаваць праз дапамогу спонсараў альбо зарабляючы грошы самастойна: "У дадзены момант манетызацыя брэнда, інакш кажучы — ягоная самаакупнасць, залежыць ад таго, наколькі ён можа зацікавіць менеджараў ды спонсараў культурных праектаў". А ці прычакаем "манетызацыі" ад узаемадзеяння Міра, Мірскага замка і Карэлічаў?

Пра нешта падобнае кажа менеджар-культуролаг Святлана Папсуй. Брэнд, на ейную думку, становіцца паўнавартасным, калі набывае дадатковую каштоўнасць (як тавар — дадатковую вартасць). Гэта калі нешта "шырока вядомае ў вузкіх колах" становіцца проста шырока вядомым, без іранічнага ўдакладнення: "А Беларусы сёння па-ранейшаму больш ведаюць пра лонданскі Таўэр, чым пра свае Мір і Нясвіж. Каб Міру стаць сапраўдным брэндам, патрэбны намаганні ў нацыянальным маштабе. А значыць, і буйныя культурныя акцыі на яго тэрыторыі".

Для выпрацоўкі стратэгіі на перспектыву існуюць, як мне падаецца, два шляхі. Адзін: чакаць са сталіцы лёсавызначальнага рашэння і грошай на яго рэалізацыю. Другі: распрацаваць уласны прывабны бізнес-план па турызме. Так, мірскія фэсты маюць і надалей развівацца. Менавіта ў блізкіх да Міра Карэлічах найзручней ствараць сістэму абслугі турыстаў і гасцей мірскіх фэстаў. А калі аб’яднацца ў плане намаганняў з Навагрудкам, Іўем, Дзятлавам? Вось тут прыдасца і ўдалае месца прывязкі Карэлічаў для стварэння турыстычнага маршруту пад такія аб’екты, як Мір, Нясвіж, Любча, Гродна, — у адным, але не аднадзённым туры… Апошняе, у сваю чаргу, будзе спрыяць культурна-эканамічнай кааперацыі некалькіх сумежных раёнаў.

Скажаце, утопія? А ці многія напачатку верылі ў адраджэнне Мірскага замка?..

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Карэліцкі раён — Мінск

Працяг тэмы ў разрэзе кааперацыі міжраённых намаганняў — у наступных нумарах.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"