Магілёўскі кірмаш праектаў

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

Сёння, 26 студзеня, пад час святкавання 75-годдзя Магілёўшчыны, у абласным цэнтры распачалася рэалізацыя праекта "Магілёў — Культурная сталіца Беларусі 2013 года". На ўрачыстую цырымонію з гэтай нагоды запрошаны прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры, Магілёўскага аблвыканкама, дзеячы культуры і мастацтва нашай краіны і замежжа, прадстаўнікі абласцей Беларусі і гарадоў-пабрацімаў Магілёва.

Гораду ўручаны сертыфікат новага сталічнага статуса. Працягам урачыстасцей стала ўшанаванне асоб, што займелі на Магілёўшчыне званне "Чалавек года". Потым адбыўся святочны канцэрт з удзелам лепшых аматарскіх творчых калектываў і эстрадных выканаўцаў — ураджэнцаў Магілёва і вобласці: Іны Афанасьевай, Ірыны Дарафеевай, Іскуі Абалян, Пятра Ялфімава, Алены Ланской, Івана Буслая.

Гадавая сталічная праграма Магілёва — надзвычай насычаная. Тут выступяць Нацыянальны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам А.Анісімава, салісты балета Вялікага тэатра Беларусі і Марыінскага тэатра Санкт-Пецярбурга, артысты Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Гродзенскага абласнога драмтэатра, а таксама — Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры", Акадэмічны ансамбль песні і танца імя А.Аляксандрава з Расіі, Дзяржаўны ансамбль танца "Жок" з Малдовы...

Мяркуецца рэалізацыя шматлікіх творчых праектаў. Пройдуць, да прыкладу, кінавестываль "Тураўская восень", культурна-асветніцкая акцыя "Ноч музеяў", конкурс мультымедыйных прэзентацый "Старадаўні Магілёў". Адкрыецца новая экспазіцыя ў Музеі гісторыі Магілёва.

А праект "З крыніц адвечнай прыгажосці" прадугледжвае наладжванне ўжо другога па ліку міжнароднага форуму "Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства". Маладзёжнай тэматыцы прысвечаны праект "Жыццё, рух, радасць, захапленне". Тэатральныя акцыі запланавана рэалізаваць пад эгідай праекта "Рэальнасць у пражэктарах ілюзій".

У ліку не менш адмысловых мерапрыемстваў — Дні культуры гарадоў-сталіц СНД, конкурс па добраўпарадкаванні абласнога цэнтра, міжнародны пленэр па скульптуры з каменя, пленэры жывапісцаў і фотамастакоў.

Пад час акцыі "Кірмаш праектаў" любы ахвотны зможа самарэалізавацца і ўласнай творчасцю дадаць новую фарбу ў гарадскі культурны партрэт.