Шлях даўжынёй у непаразуменне?

№ 5 (1079) 02.02.2013 - 09.02.2013 г

Карэлічы пры Міры: прыбыткі ад фестывалю не перакрываюць выдаткаў, але форум працуе на брэнд

Чаму мае сябры не паехалі ў Нясвіж?

Сярод маіх сяброў ёсць сям’я, вельмі прыхільная да здаровага ладу жыцця і станоўчых эмоцый. Калі ёсць магчымасць, і ў вольныя дні яны імкнуцца выбрацца за межы Мінска туды, дзе ёсць вартыя ўвагі гістарычна-культурныя аб’екты. На выпадак, калі ўпадабаны храм, палац або музей будзе зачынены, заменай яму наведання мае стаць шпацыр па жывапісным наваколлі, наведанне мясцовага кірмашу, абед у прыстойнай кавярні. З кожнай вандроўкі яны прывозяць сувеніры. А каб было з кім падзяліцца ўражаннямі, яны звычайна агітуюць сваіх сяброў далучыцца да іхняй вандроўкі…

На маю думку, гэта — ідэальная кліентура для тураператараў, што пасвяцца ў межах нацыянальнага турыстычнага поля. Бо яны шчыра цікавяцца родным краем; прымаюць як дадзенасць нашу побытавую рэчаіснасць, таму загадзя згодны на “эканом-клас” абслугоўвання; купляюць беларускае, а яшчэ цягнуць з сабою ў вандроўку іншых людзей.

Летась сябры планавалі наведаць Мірскі замак, ды так і не рызыкнулі рушыць да Міра, бо даведаліся праз Інтэрнэт пра амаль поўную адсутнасць у мястэчку турыстычнай інфраструктуры — словам, пра тое, што па-за мурамі замка няма чаго рабіць, няма дзе бавіць час. Няма на што ў Міры перанесці ўвагу, калі ў замак з нейкай прычыны не паспеў трапіць, а такое пры сённяшняй яго шалёнай папулярнасці ў турыстаў цалкам верагодна.

Калі б існавалі наладжаныя транспартныя камунікацыі паміж не такімі ўжо далёкімі ад Міра Навагрудкам, Нясвіжам, Любчай, Лідай, а таксама гарантаваны турыстычны сэрвіс у гэтых мясцінах, мае знаёмцы, не атрымаўшы ад Міра запланаваных эмоцый, проста паехалі б у іншы замак. А можа, проста спыніліся на адпачынак у Карэлічах, каб там быў адпаведны сэрвіс.

З пункта гледзішча Мінтурызму…

Пасля выхаду ў мінулым нумары “К” артыкула пра Мір і Карэлічы я спрабаваў высветліць, ці існуе нейкая сувязь паміж, скажам, Праграмай “Замкі Беларусі”, заказчыкам-каардынатарам якой з’яўляецца Міністэрства культуры, і Планамі па комплексным развіцці турызму, за якія адказвае Міністэрства спорту і турызму. Інакш кажучы, ці “падвярстана” пад “Замкі…” праграма стварэння побач з імі турыстычнай інфраструктуры.

У Міністэрстве спорту і турызму мне адказалі, што непасрэднай сувязі, судакранання згаданай праграмы з Планамі па развіцці турызму няма. Але ў 2008 годзе Міністэрства распрацоўвала і рэкамендавала для зацвярджэння праект стандартнага турыстычнага комплексу, які павінен быць пры аб’екце, што мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а такім чынам можа прывабіць вандроўнікаў. Комплекс — гэта тыпавыя гасцініца, прадпрыемства гандлю, паркінг. Але Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі прапанову адхіліў на той падставе, што ўсе помнікі — розныя, кожны з іх унікальны, і, адпаведна, непаўторным, нетыпавым павінна быць і іх атачэнне слушна. Тым больш, што пры стварэнні турыстычнай інфраструктуры патрэбны інвестыцыі, а інвестар звычайна прыходзіць з уласнай прапановай, з уласным праектам. Так што з кожным турыстычным аб’ектам трэба працаваць індывідуальна.

Зноў да тэмы арганізацыі турыстычнай інфраструктуры на базе аб’ектаў, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, звярнуліся ў 2011 годзе. Тады Міністэрства культуры краіны ўзгадніла з аблвыканкамамі спіс такіх аб’ектаў. Яго зацвердзіў Савет Міністраў і даў адпаведнае даручэнне Міністэрству спорту і турызму. Літаральна днямі згаданае Міністэрства інфармавала Міністэрства культуры пра тое, што зроблена для выканання даручэння. Па Гродзенскай вобласці, да якой належаць Мір і Карэлічы, у гэтым дакуменце згадваюцца Мірскі замак, Стары замак у Гродне, замак у Навагрудку, палац Агінскіх у Залессі, замак у Геранёнах. Адносна Міра ў дакуменце сказана, што “на працягу 2012 года мерапрыемствы, скіраваныя на стварэнне турыстычнай інфраструктуры, не праводзіліся”. Пра палац Агінскіх  — што толькі плануецца стварэнне на аб’екце, сярод іншага, гасцінічных нумароў. У астатніх выпадках пра турыстычную інфраструктуру не гаворыцца нічога.

Зробім выснову: пра маштабны праект стварэння турыстычнай інфраструктуры, якая ахоплівала б перспектыўны ў сэнсе турызму рэгіён, дзе сканцэнтраваны найбольш вядомыя беларускія замкі, гаворкі няма.

Што кажуць транспартнікі

А што да транспартных камунікацый, наяўнасць якіх магла б звязаць замкі ў “Залатое кольца Беларусі”? У прэс-цэнтры Міністэрства транспарту і камунікацый краіны карэспандэнту “К” паведамілі, што арганізацыя турызму  — гэта не іх справа. Адзіны, хто займаецца тым пытаннем у сістэме Міністэрства, гэта падпарадкаваная Беларускай чыгунцы фірма “Дортур”. Але ўвогуле такая дзейнасць для Мінтрансу не характэрная. Транспартныя прадпрыемствы Міністэрства аказваюць паслугі турфірмам на падставе дамоў. Калі хтосьці гатовы плаціць транспартнікам паводле ўстаноўленых тарыфаў, яны, безумоўна, адгукнуцца.

Што бачна з Гродна, Карэліч і Міра

Як праецыруецца сітуацыя з Гродна? Начальнік абласнога ўпраўлення культуры Аляксандр Вярсоцкі зазначыў, што якасць работы Карэліцкага раённага аддзела культуры і яго кіраўніка ў цэлым задавальняе. Ды ўсё ж хацелася б, каб кантакты са структурай “Замкавы комплекс “Мір” былі больш шчыльнымі ды плённымі. І ў перспектыве так яно і будзе, бо да гэтага падвядзе сама логіка жыцця. Супрацоўнікі музейнага комплексу ў Міры і супрацоўнікі раённага аддзела культуры ў Карэлічах робяць агульную справу і аб’ектыўна зацікаўлены ў супрацоўніцтве. Аляксандр Людвікавіч мяркуе, што ў многіх пачынаннях не апошнюю ролю адыгрывае ўласная ініцыятыва. Калі работнікі культуры зацікаўлены ў пашырэнні сваёй аўдыторыі, дык яны здолеюць і сродкі знайсці, і кантакты патрэбныя наладзіць.

А з Карэліч сітуацыя бачыцца наступным чынам. Начальнік аддзела культуры Нэлі Маісеенка згадвае, што гадоў пяць таму ішла гаворка пра стварэнне турыстычнай інфраструктуры ў наваколлі Мірскага замка. Яна павінна была ахапіць і Карэлічы. Але тая хваля сама сабою ўляглася. На полі бізнесу, заснаваным на турыстычных паслугах, тут сёння шчыруюць хіба што прыватныя камерсанты. Але дзейнічаюць яны без асаблівай ініцыятывы ды не ў тых маштабах, якія патрэбны раёну. Замак у Міры, паводле яе слоў, — гэта “дзяржава ў дзяржаве”. Ніякіх агульных праграм з яго супрацоўнікамі ў Карэліцкага райаддзела культуры няма. Яны арыентаваны на Мінск, на замежжа… Хіба што паклічуць карэліччан, калі трэба арганізаваць сустрэчу важных гасцей ды хлеб-соль ім уручыць. Адзінае, што матэрыяльна мае бюджэт раёна ад Мірскага замка, гэта зямельны падатак, бо стаіць замак на Карэліцкай зямлі. Нэлі Маісеенка лічыць, што было б някепска, калі б тры міністэрствы — спорту і турызму, культуры, фінансаў — распрацавалі канкрэтную праграму, дзе была б дакладна распісана роля ды адказнасць кожнага з іх, а таксама і раённых улад Гродзеншчыны, у справе будаўніцтва інфраструктуры для развіцця культурнага турызму. Тады не будзе непаразуменняў. У тым ліку паміж Карэлічамі і Мірам.

Намеснік дырэктара па навуцы музея “Замкавага комплексу “Мір” Андрэй Янушкевіч згодны з тым, што статус яго — асаблівы. Стаіць музей на Карэліцкай зямлі, але падпарадкоўваецца непасрэдна рэспубліканскім уладам, Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь. Але ж гэта, на ягоную думку, ніяк не перашкаджае стасункам Міра з Карэлічамі і Гроднам. Тым больш, ужо ёсць прыклады супрацоўніцтва, калі Мір і Карэлічы рэальна дапамагаюць адно аднаму.

Хоць Андрэй Мікалаевіч і кажа, што, маўляў, бізнес-план з замахам на цэлы рэгіён — гэта не справа музейшчыкаў, але асабіста яму і ягоным калегам блізкая ідэя стварэння транспартнага калідора турыстычнага прызначэння, які ахопліваў бы прастору ад Нясвіжа да Гродна. Але цэнтральны транспартны вузел ён бачыць не ў Карэлічах, а ў Міры. Апошні вельмі зручна стаіць пры дарозе, якраз пасярэдзіне паміж Нясвіжам і Навагрудкам. Зрэшты, пры стварэнні цэнтральнага звяна гэтага маршруту, які мае стаць часткай турыстычнага “Залатога кольца Беларусі”, трэба ўлічваць і гістарычную значнасць мясціны. У гэтым сэнсе Мір, канешне ж, мае перавагу перад Карэлічамі, якія толькі ў 50-я гады мінулага стагоддзя сталі адміністрацыйным цэнтрам раёна.

“Дарэчы, мы пра нешта такое і самі думаем. Мір  — гэта не выспа, але частка гістарычнай прасторы, якую можна і трэба з’яднаць адмысловым турыстычным маршрутам, трывалай транспартнай камунікацыяй. А гэты маршрут можна дапоўніць аб’ектамі экаі агратурызму”, — кажа Андрэй Янушкевіч.

Падвядзём высновы. Цяпер, калі замак — раскручаны брэнд, раёну хацелася б з гэтага нешта мець: і ў сэнсе іміджа, і ў сэнсе прыбытку. І гэта цалкам лагічна. Каб таго дамагчыся, патрэбны паразуменне і супрацоўніцтва. Найперш.

(Працяг тэмы будзе.)

У двух апошніх нумарах “К” звярталася да тэмы міжраённай кааперацыі для эфектыўнага выкарыстання рэгіянальных брэндаў. Сёння мы працягваем серыю тэматычных публікацый на прыкладзе раёнаў Гродзеншчыны з трансляцыяй меркаванняў прадстаўнікоў Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства транспарту і камунікацый, а таксама адказных асоб з абласной выканаўчай улады.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"