Сага пра Тэатр

№ 5 (1079) 02.02.2013 - 09.02.2013 г

Пра тое, як узводзілі знакаміты будынак

(Працяг. Пачатак у "К" № №2, 3 за 2013 г.)

…Выбар месца будаўніцтва тэатра — у цэнтры Мінска на рагу Падгорнай і Петрапаўлаўскай — выклікаў лютыя спрэчкі. Для будынка прадугледжвалася некалькі розных месцаў, у тым ліку і на Саборнай плошчы. У выніку спыніліся на Аляксандраўскім скверы. Праваслаўнае святарства было незадаволена яго блізкім размяшчэннем да архірэйскага падворка. Сапраўды, ад тэатра да царквы — усяго 300 крокаў. І тым не менш, тэатр быў узведзены менавіта тут, каля зялёнага Аляксандраўскага сквера, насуперак усім пратэстам. І зараз выклікае здзіўленне незвычайная прывязка тэатра — вуглавая пастаноўка яго будынка па-за “чырвонай лініяй” вуліцы, “спінай” да Аляксандраўскага сквера.

Тэатр закладаўся ўрачыста. 28 чэрвеня 1888 года члены імператарскай сям’і, якія прыбылі ў Мінск — Вялікі князь Уладзімір Аляксандравіч з жонкай Марыяй Паўлаўнай, — у спецыяльна пабудаваным павільёне слухалі малебен протаіерэя Екацярынінскага сабора Міканора Смоліча. Затым апусцілі некалькі залатых манет на месца закладкі тэатра і паклалі на іх па цагліне. “Так была закладзена аснова <…> Мінскаму гарадскому тэатру”, — чытаем у Памятнай кніжцы Мінскай губерні на 1910 год. Сам Казлоўскі з прычыны хваробы на гэтай цырымоніі не прысутнічаў. У той час не было абавязковага “аўтарскага нагляду” — архітэктар проста прадаваў праект, а будаўніцтва курыравалі іншыя, ужо мясцовыя, архітэктары.

/i/content/pi/cult/409/8379/1-4.jpeg

Афармленне фасада шмат чым нагадвае Люблінскі тэатр. Тут скарыстаны ўвесь упадабаны арсенал Казлоўскага: рустоўка першага паверха, каняліраваныя пілястры, навершы, люкарны, сандрыкі, круглыя нішы, якія часта выкарыстоўваліся архітэктарам для змяшчэння скульптурных груп. У нішах былі бюсты рускіх пісьменнікаў. Рызалітная частка фасада, завершаная лучковым франтонам, высунутая наперад, кампазіцыйна падкрэслівала параднае фае. Дэкор бакавых частак фасада вырашаны больш сціпла: верхняя частка апошніх упрыгожана аркадамі, у цэнтры размяшчаюцца нішы. Службовы першы паверх, дзе знаходзіліся касавыя вестыбюлі, падкрэслены рытмам вялікіх светлых вокнаў з рустоўкай сцяны.

Плафон тэатра быў упрыгожаны роспісам на палатне з партрэтамі Пушкіна, Гогаля, Глінкі і Астроўскага. Цікавы сам выбар асоб, якія, думаецца, павінны былі ўвасабляць, адпаведна, Паэзію, Прозу, Музыку і Драматургію. Партрэты, паводле моды таго часу, былі заключаны ў авалы, апраўленыя ляпнымі рамамі. Тэхнічную частку — гідраўліку сцэны — праектавалі і інжынеры Лібава-Роменскай чыгункі — К.Увядзенскі і В.Мандражы. Інтэр’еры афармляліся пад кіраўніцтвам гарадскога архітэктара В.Мааса, які скончыў пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. З Пецярбурга для роспісу плафона запрасілі і мастакоў Ю.Рэйберга і Р.Веніга, якім дапамагалі мастакі-дэкаратары В.Бітылеў, С.Лебядзінскі, К.Ульрых. На партале сцэны быў размешчаны ляпны герб Мінскай губерні. Глядзельная зала на 550 месцаў магла трансфармавацца ў бальную даўжынёй 24,5 метра. Будаўніцтва доўжылася два гады. 5 чэрвеня 1890-га тэатр урачыста адкрыў свае дзверы для гледачоў…

Інтэр’ер тэатра да рэканструкцыі, нівеляваны спачатку пры савецкім касметычным абнаўленні канца
1940-х архітэктарам Георгіем Заборскім, затым — напрыканцы 1950-х, даваў слабое ўражанне пра першапачатковы план Казлоўскага і Мааса. Аблічча фасадаў мінскага тэатра было канчаткова страчана пры перабудове яго ў 1956 — 1958 гг. архітэктарам Абрамам Духанам. Партрэты рускіх класікаў ужо не падыходзілі для галоўнага нацыянальнага беларускага тэатра (яны зніклі яшчэ ў даваенныя часы). Уся складаная распрацоўка дэкору фасада была прыбрана і спрошчана да мяжы. На жаль, фотаздымкаў інтэр’ераў тэатра пачатку ХХ ст. у мінскіх архівах не захавалася. Але аналіз творчасці Казлоўскага дазваляе казаць пра набор мастацкіх прыёмаў, выкарыстаных ім у яго далейшых тэатральных пабудовах, якія можна ўлічваць пры рэканструкцыі інтэр’ераў тэатра ў стылі гістарызму, як задумана кіраўнікамі рэканструкцыі. Са здымкаў, што захаваліся, іншых яго тэатральных аб’ектаў можна зразумець прынцыпы афармлення інтэр’ераў залы і тэхнікі роспісаў, якія ў Казлоўскага стэрэатыпныя, хоць маштабы, канешне ж, несувымерныя...

(Заканчэнне будзе).

Надзея УСАВА, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь