“Усё залежыць ад..."

№ 5 (1079) 02.02.2013 - 09.02.2013 г

Рэйтынг ідэй з інтэрнэт-прасторы

Мы працягваем публікацыю асабістых рэйтынгаў — топ-5 — ідэй, адшуканых у Інтэрнэце

Юрый ЗЯЛЕВІЧ, дырэктар Музея-сядзібы “Пружанскі палацык”

Перад тым, як сесці за напісанне гэтага тэксту, я здзівіўся безлічы закладак свайго браўзэра, якія закідваў раз-пораз, калі бачыў больш-менш цікавую інтэрнэт-ідэю на прасторах Сеціва. Улічваў, натуральна, асаблівасці сваіх інтарэсаў, таму выбраў сайты, звязаныя з музейнай справай, мастацтвам і дызайнам, а таксама з рознымі культурніцкімі аб’яднаннямі. Увогуле, даволі зручна выкарыстоўваць для гэтай справы сацыяльныя сеткі, дзе можна знайсці шмат карыснага як для сябе, так і для агульнай справы.

Праглядаючы матэрыялы, я ўмоўна падзяліў іх на некалькі груп і з кожнай выбраў тое, што, на мой погляд, больш адпавядае патрэбам дня.

/i/content/pi/cult/409/8377/2-2.jpeg

1. Інтэрнэт — інструмент для музейнага маркетынгу

Па-першае, гэта абавязковы паўнавартасны МУЗЕЙНЫ сайт. Амаль кожны замежны музей яго мае. А для некаторых музеяў сталая работа на сайце — адзін з асноўных прыярытэтаў. Дагэтуль сярод большай паловы беларускіх музейшчыкаў існавала думка, што сайт — гэта такая візітоўка ў Сеціве, дзе ёсць агульная інфармацыя пра музей: паслугі, кошты, апошнія навіны і... усё . Сёння ж сайт музея разглядаецца як працяг яго самога ў он-лайне: тыя ж экспазіцыі і выстаўкі, толькі ў Інтэрнэце. Калекцыі, навуковая праца, музейна-педагагічныя заняткі — усё гэта можна пабачыць на сайтах замежных музеяў. (У нашага таксама ёсць пляцоўка ў Сеціве, але ў сувязі з некалькімі зменамі канцэпцый сайта, мы яшчэ не выбудавалі яго сцэнарый і дызайн — сайт па-ранейшаму на стадыі стварэння.) Купіць дамен і пляцоўку “захосціць” можа любы музей — гэта каштуе не шмат. Потым — запрасіць знаёмага праграміста, які навучыць працаваць з бясплатнымі CMS (сістэма кіравання сайтам) Joomla!, Drupal, WordPress. Далей — зрабіць дызайн з гатовых бясплатных шаблонаў. Застаецца стварыць сцэнарый свайго сайта і пачаць працу! Галоўнае — зразумець яе алгарытм.

Па-другое, неабходна прэзентаваць музей у сацыяльных сетках. Сёння імі карыстаецца большасць моладзі, таму стварыўшы групу ў “ВКонтакте” альбо “Facebook” вы папулярызуеце свой музей, свой сайт, ахопліваеце большую частку аўдыторыі, якая потым прыйдзе ва ўстанову: на мерапрыемства, на выстаўку.

Акрамя таго, музей мае магчымасць прамога кантакту з кожным наведвальнікам: спачатку — у Сеціве, а потым і на выстаўцы. Тым больш, у сацсетках ужо шмат іншых музеяў, што дае магчымасць абмену досведам. І самае галоўнае ў нашых умовах — гэта бюджэтны варыянт названых сетак, які не патрабуе сур’ёзных выдаткаў.

2. Агульнае супрацоўніцтва

Тут я хацеў бы распавесці пра такі модны кірунак супрацоўніцтва, як краўдфандзінг — гэта значыць, што людзі збіраюць грошы на стварэнне нейкага аб’екта або твора. Акрамя таго, бывае, што ў выніку яны маюць магчымасць займець такі твор альбо яго копію. Такім чынам музыканты збіраюць грошы і выпускаюць новыя рэлізы, пісьменнікі ствараюць новыя кнігі… Для музея гэта магчымасць і надрукаваць, да прыкладу, навуковы зборнік, і сабраць грошы на новую выстаўку. Пакуль, канешне ж, не зразумела, як прыстасавана прававая база краіны да такой працэдуры, але выйсце ёсць, калі гэтым будзе займацца грамадская ініцыятыва.

Другая такая ідэя агульнага супрацоўніцтва палягае ў прасторы новай навукі і мастацтва масавага супрацоўніцтва — вікіномікі. Праз прынцыпы вікіномікі створана вольная інтэрнэт-энцыклапедыя — Вікіпедыя, вольны праграмны пакет Linux. Сэнс такі: да супрацоўніцтва запрашаюцца на альтруістычных пачатках усе зацікаўленыя. Яны і ствараюць новы прадукт. Сёлета наш музей паспрабаваў нешта накшталт гэтага: агульнымі намаганнямі мы збіралі фотаматэрыял для выстаўкі “Пружанскае вяселле” (шлюбныя здымкі пружанцаў да 1970 года). Можна сказаць, што масавай зацікаўленасці гэта не выклікала, але пасля адкрыцця выстаўкі выявілася шмат ахвотных прыняць удзел у наступнай акцыі. Я думаю, што такія “народныя зборы” праводзіў не адзін музей Беларусі. Але можна пайсці далей ды запрасіць людзей на мантаж выстаўкі і г. д. — усё залежыць ад вашай творчасці.

3. Перасоўная выстаўка (музей)

Канешне, шмат для якіх музеяў краіны гэта не навінка. Але размова ідзе пра перасоўную выстаўку разам… з выставачнай залай. У мінулым годзе бачыў на пачатку лета матэрыял пра замежную галерэю, якая стварыла такую лёгкую для мантажу выставачную прастору з падвясным асвятляльным абсталяваннем у выглядзе вялікага белага куба. Такая зала магла б з’явіцца ў любым месцы, дзе ёсць электрычнасць і наведвальнікі. Такім чынам, не чалавек прыходзіць у выставачную залу, а сама зала прыходзіць да чалавека! Галоўнае — добра спраектаваць такі часовы будынак.

4. Музейнае аб’яднанне

На сёння ў Беларусі не існуе музейнай асацыяцыі. А ў ЗША іх — некалькі, ёсць такія суполкі ў Літве, у Польшчы існуюць нават рэгіянальныя асацыяцыі. Лічу, што для Беларусі проста неабходнае стварэнне музейнага аб’яднання. Кансалідацыя музейшчыкаў і павышэнне статуса музеяў у грамадстве — справа надзённая. Гэта адаб’ецца і на сацыяльным статусе музейных работнікаў... Магчыма, з’явяцца і рэгіянальныя аб’яднанні, альбо аб’яднанні па музейным профілі. Ва ўсялякім выпадку, разам лягчэй вырашыць шматлікія праблемы.

5. Міжнародны фестываль музейнага кіно

Многія з калег не пагодзяцца з вылучэннем асобнага жанру  — “Музейнае кіно”. Але чаму? Фільм-прэзентацыя музея, стужка пра імпрэзу ў музеі, фільм пра выстаўку або экспазіцыю — вылучаюцца ўжо нават асобныя намінацыі. Сюды можна дадаць лепшую аматарскую карціну пра музей і г. д. Для пачатку можна паспрабаваць бюджэтны варыянт — інтэрнэт-фестываль. Фестываль такога кшталту, наколькі вядома, у нас не праводзілі. Хіба некалькі гадоў таму спрабавалі нешта рабіць у Чувашыі, але не вядома, чым скончылася рэалізацыя гэтай задумкі...