Студзеньскімі днямі ў Навагрудскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых чытачоў мінулага года па дзесяці намінацыях. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Алена Ермакова, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Мішарын, начальнік мясцовага аддзела культуры Наталля Жышко.
У намінацыі “Верны сябра бібліятэкі” перамогу атрымала Дар’я Аляксееўна Цырыбка. Цягам 44 гадоў яна з’яўляецца актыўнай чытачкай Любчанскай гарпасялковай бібліятэкі. “Самы актыўны наведвальнік” — вучаніца Кашалеўскай сярэдняй школы Юлія Жыдко. Летась яна наведала Каменскую сельскую бібліятэку аж 79 разоў! “Прыхільнікам галіновай літаратуры” стала Ксенія Малішэўская з Гарадзечанскай сельскай бібліятэкі. За мінулы год дзяўчынка прачытала 98 кніг, кожная трэцяя з іх — галіновая.
Сапраўдным “Аматарам гісторыі” з’яўляецца Людміла Радзюк, якая за тры апошнія гады прачытала 122 гістарычныя кнігі. “Патрыётам беларускай кнігі” названы Павел Мантуш — чытач Пятрэвіцкай сельскай бібліятэкі: яго фармуляр зафіксаваў 30 прачытаных беларускамоўных кніг. У намінацыі “Містэр-дэтэктыў” перамог Валянцін Сільвановіч, чытач Асташынскай сельскай бібліятэкі-клуба, які за мінулы год прачытаў 97 дэтэктываў. “Міс Фэнтазі” стала Юлія Шаўцова, чытачка навагрудскіх Цэнтральнай раённай і Гарадской дзіцячай бібліятэк, вучаніца мясцовай гімназіі…
А суперчытачом стала Святлана Марчынская з Ацмінаўскай СБ. У 2012 годзе яна прачытала 170 кніг і 58 часопісаў. Сярод дзяцей суперчытачом названы Юрый Багель — чытач Навагрудскай гарадской дзіцячай бібліятэкі і вучань Навагрудскай школы № 5. Яго рэкорд — 84 кнігі.
Бібліятэкары горада і раёна бязмежна ўдзячныя спонсарам конкурсу. Сярод іх — навагрудскія хлебазавод (дырэктар — Андрэй Паркалаў), вінзавод (Алег Жэрнак), завод газавай апаратуры (Віктар Турлюк), індывідуальны прадпрымальнік Ігар Ціс…
Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў асобе дырэктара Рамана Матульскага правяла для суперчытачоў і лаўрэатаў намінацый аглядавую экскурсію па НББ з наведаннем Музея кнігі.
Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай ЦРБ
На здымку: прыз уручаецца юнаму суперчытачу Юрыю Багелю.