Рэйтынг харавога абруса!

№ 5 (1079) 02.02.2013 - 09.02.2013 г

Эфект нечаканасці — "на гарачае"?

Летась “К” чарговы раз узнімала праблему развіцця харавых спеваў у Беларусі. Не сакрэт, што на пэўным этапе мы пачалі страчваць назапашаныя раней традыцыі, людзі сталі менш спяваць — больш проста слухаць запісы. А калі і спрабуюць да іх далучыцца, дык — скокамі, а не спевамі. Скарачэнне музычных заняткаў у агульнаадукацыйным працэсе, скасаванне былых школ з эстэтычным і харавым ухіламі, большая прага да сольных эстрадных выступленняў — усё гэта таксама не павялічыла зацікаўленасці харавым мастацтвам. Але ўзнятыя праблемы не засталіся незаўважанымі нашымі чытачамі: мы атрымлівалі водгукі, тэлефанаванні з падзякамі за такія публікацыі. Новую хвалю грамадскай увагі да харавых спеваў узняло нядаўняе, на пачатку года, узнагароджанне спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва знанага харавога майстра краіны — загадчыка кафедры харавога і вакальнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, прафесара, заслужанага дзеяча адукацыі Беларусі Альбіны Пякуцька. Таму, вяртаючыся да тэмы, публікуем некаторыя з атрыманых намі рэальных прапаноў наконт таго, як замацаваць адраджэнне цікавасці да сумеснага харавога музіцыравання.

У прыватнасці, Святлана Баёва, кіраўнік хору Мазырскага дзяржаўнага каледжа, заклікае часцей праводзіць харавыя “з’езды”, можа, прымяркоўваць іх да дзяржаўных святаў і фестываляў, каб мелі большы розгалас:

“…Мы жывём у Гомельскай вобласці, на Мазыршчыне. Харавыя калектывы не часта прыязджаюць да нас з канцэртамі, дый мы самі не маем фінансавых магчымасцей гастраляваць так, як хацелася б: вывезці кудысьці немаленькі па колькасці ўдзельнікаў творчы калектыў не так проста. І тое, што знаходзяцца ініцыятыўныя людзі ды дзяржаўныя ўстановы, зацікаўленыя ў пашырэнні харавога руху ў нашай краіне, не можа не радаваць. Мы з цеплынёй і ўдзячнасцю згадваем колішняе харавое свята “Гучаць у песні Шырмавай і Колас, і Купала”, зладжанае ўвосень аддзелам культуры адміністрацыі Першамайскага раёна г. Мінска. Такія мерапрыемствы вельмі карысныя для выхавання дзяцей, пашырэння вучэбнага і канцэртнага рэпертуару, наладжвання кантактаў з іншымі харавымі калектывамі. Нягледзячы на дрэннае надвор’е ды стомленасць дарогай (мы ехалі начным цягніком), ад паездкі ў сталіцу ў нас засталіся самыя яркія і шчаслівыя эмоцыі. Уразіла і агульная колькасць удзельнікаў свята, і зладжанасць яго арганізацыі. Цяжка пераацаніць вопыт спеваў у вялізным харавым калектыве, дзе кожны ўкладае свой голас у агульную скарбонку гучання. Таму вельмі хацелася б, каб падобныя мерапрыемствы працягваліся — у той або іншай форме…”

Калектыўны ліст прыйшоў ад удзельнікаў народнага хору “Нёман” Старасвержанскага цэнтра культуры, што на Стаўбцоўшчыне:

“…Наш хор — адзін з найстарэйшых. Першыя звесткі пра яго з’явіліся амаль сто гадоў таму, у 1916-м. А першыя публічныя выступленні, па словах самога Рыгора Шырмы, адбыліся ў 1927 годзе, на Каляды. Званне “народны” наш калектыў атрымаў у 1978-м і з таго часу годна пацвярджае яго. Летась у ліпені, да прыкладу, мы былі на Рэспубліканскім харавым фестывалі “Спеўнае поле” і атрымалі дыплом II ступені. У верасні, у Дзень горада Мінска, выступалі ў скверы Янкі Купалы, ля Нацыянальнай бібліятэкі. Пазнаёміліся з цудоўнымі харавымі калектывамі з Гродна і Маладзечна. Але ж нам, як і іншым падобным згуртаванням, хацелася б мець больш запрашэнняў на фестывалі ды конкурсы, бо толькі там можна шмат убачыць, пачуць, павучыцца. Ці не прыспеў час пашырыць кола такіх мерапрыемстваў? Іх карысць для папулярызацыі харавых спеваў — несумненная. І праходзіць яны могуць цягам ледзь не ўсяго цёплага сезона…”

Атрымалі мы водгук і ад Ліліі ды Аляксея Мальцэвічаў — кіраўнікоў Узорнага хору “Чароўнасць” Дзіцячай музычнай школы мастацтваў г. Барысава:

“…Мы часта выступаем на прадпрыемствах, у арганізацыях нашага горада. І бачым, з якім захапленнем людзі слухаюць харавыя спевы. Але ў час выступленняў на адкрытым паветры неаднойчы звярталі ўвагу на тое, што многія папросту не ведаюць, як сябе паводзіць, як рэагаваць на тое, што, маўляў, стаяць дзеці і спяваюць. Хтосьці імкнецца нас папросту абмінуць — на ўсялякі выпадак, не разумеючы, што адбываецца. І калі мы ўсё ж запрашалі такіх мінакоў спыніцца, паставіць сваіх дзетак бліжэй, каб ім было добра бачна, дык са здзіўленнем заўважалі, з якой зацікаўленасцю ўсе пачынаюць слухаць. Напрыканцы ж канцэрта некаторыя падыходзяць і запытваюцца, у колькі гадоў і куды прывесці сваіх дзяцей, каб тыя таксама займаліся спевамі.

Хочам падзякаваць аддзелу культуры Барысаўскага райвыканкама, дзе заўсёды з разуменнем ставяцца да ўдзелу нашага хору ў канцэртах і фестывалях, прадастаўляюць транспарт. І калі ўвосень мы выступалі ў Мінску, у парку Чалюскінцаў, нас папросту апанавалі вясельныя пары. Нашы дзеці спявалі, а тыя танчылі пад харавыя спевы. Фатографы потым прызналіся, што ў іх практыцы такога яшчэ не было. Яны ледзь паспявалі рабіць эксклюзіўныя кадры з нязмушанымі, радаснымі тварамі, у жывым руху, а не адно ў застылым пазіраванні, як гэта бывае звычайна. Раптам падумалася: можа, мы яшчэ і новую традыцыю закладаем? Вяселле заўсёды суправаджалася песнямі, але калі шчасця маладым жадаюць дзеці, у гэтым ёсць і нейкі сімвалічны сэнс…

А як былі ўзрушаны бацькі нашых дзяцей! Некаторыя прыязджалі ўсімі сем’ямі, здымалі выступленне на стужку для сямейных архіваў. Многія ледзь не ўпершыню задумаліся, чаму нашы дзеці сёння ведаюць так мала простых песень, якія можна спяваць усім разам — у класе, школе, на адпачынку. Ім нават давялося расказваць, як мы, нашы бацькі і бабулі-дзядулі разам спявалі ля вогнішча, на турыстычных злётах, у піянерскіх лагерах, “на бульбе” ў студэнцкую пару.

Яшчэ больш запамінальным стала сумеснае выступленне ўсіх удзельнікаў харавога свята ля Нацыянальнай бібліятэкі. Усе разам спявалі “Мой родны кут” Ігара Лучанка, і наш хор апынуўся акурат ля слухачоў. А тыя не разгубіліся і пачалі прасіць нас “з’яднацца” з дзецьмі ў агульным харавым парыве. Мы іх, вядома, падтрымалі, да вялікай радасці саміх дзяцей. Трэба было бачыць, з якой увагай новаспечаныя “артысты хору” сачылі за дырыжорам, як услухоўваліся ў спевы суседзяў-”партнёраў”!..

Шкада, што ўсяго гэтага “не заўважыла” тое ж тэлебачанне: пэўна, каб там прайшла адпаведная рэклама (але яна, вядома, каштуе немалых грошай), людзей на такое свята харавой песні сабралася б куды больш…”

Цікавую прапанову, скіраваную на адраджэнне традыцый побытавых сумесных спеваў, даслаў па электроннай пошце Павел Дубадзел:

“…Традыцыі застольных спеваў былі неад’емнай часткай славянскага побыту і прайшлі праз стагоддзі. Цяпер славяне не спяваюць, як у былыя часы, ці спяваюць вельмі рэдка. За святочным сталом чуецца хіба адно: “Давайце вып’ем!”... А між тым, пакуль мы задушэўна спяваем працяглыя песні, кілішкі не ўзнімаем. Але ж карысць ад такіх спеваў — не толькі ў своеасаблівай “барацьбе з п’янствам”.

Здаровы, жыццесцвярджальны змест народных песень і тых, што былі да іх далучаны, закладае маральныя асновы, мацуе духоўнасць тых, хто іх слухае ды спявае. Застольныя спевы звязваюць нас з далёкімі продкамі, не дазваляюць забыцца на свой род і гісторыю. Спевы, калі хочаце, — гэта глыбінная, карэнная ідэалогія любога народа. Яны захоўваюць пераемнасць пакаленняў, умацоўваюць сям’ю: старэйшыя задаюць тон, малодшыя — вучацца, а ўсім разам трэба дасягнуць зладжанасці, скаардынаванасці дзеянняў.

Карацей, доказы на карысць такіх спеваў можна доўжыць. І, што цікава, з імі ўсе згодныя. Дык чаму ж мы не спяваем? Можа, яшчэ і таму, што не ведаем тэкстаў? Раней, калі песні гучалі паўсюль, іх словы запаміналіся аўтаматычна. Сёння ж іх трэба, атрымліваецца, завучваць спецыяльна. Хто ж гэта будзе рабіць? Вось і маем тое, што маем.

Дык, можа, крыху дапамагчы тым, хто не супраць заспяваць? Зборнікі песень тут не падыдуць. Што з таго, што будзе адзін такі асобнік на ўсю кампанію? Ці іх трэба будзе адразу купляць “у камплекце”? Прапаную іншы варыянт: змяшчаць своеасаблівую “шпаргалку” непасрэдна на абрусе. А чаму б і не? Думаю, такія сувеніры будуць карыстацца попытам. Пэўна, ёсць сэнс асвоіць выпуск такіх абрусаў, упрыгожаных словамі нашых песень, на беларускіх тэкстыльных прадпрыемствах — пакуль гэта не зрабілі за нас тыя ж кітайцы, якія, дарэчы, вельмі хутка рэагуюць на спажывецкі попыт у любой сферы…”

Прапанова і сапраўды слушная. Але, думаецца, яе можна было б і ўдасканаліць. Да прыкладу, замест абруса — набор сурвэтак. Тады і песень можна больш ахапіць, і эфект нечаканасці прадугледзець. Прыйшлі госці, як звычайна, паесці ды выпіць, а тут раптам, пасля чарговай стравы, сурвэткі падаюць “на гарачае”! Можа, і сапраўды трэба задумацца, як лепш рэалізаваць гэтую ідэю? Чакаем вашых прапаноў!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"