Што паказаў “Прагляд…”?

№ 5 (1079) 02.02.2013 - 09.02.2013 г

"Свята росту" ў акадэмічнай прасторы

10 студзеня ў галерэі “Акадэмія” Белaрускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адкрылася выстаўка творчых работ выкладчыкаў кафедры малюнка, жывапісу, скульптуры факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Кафедра • Прагляд • 2001 — 2013”.

Кафедра, створаная ў 2000 г., захоўвае лепшыя традыцыі класічнай школы мастацкай адукацыі і спалучае іх з сучаснымі метадамі навучання. Яе аснову склалі выкладчыкі мастацкага факультэта БДАМ. Загадчыкам кафедры з моманту стварэння з’яўляўся мастак-графік К.Шаранговіч. З 2011-га яе ўзначальвае лаўрэат конкурсаў на лепшае выданне міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўню І.Гардзіёнак.

/i/content/pi/cult/409/8370/1-3.jpeg

Экспазіцыя “Прагляду…” прадстаўляе сінтэз класічнай школы і эксперыменту. Побач з творамі станковага жывапісу, графікі, скульптуры выстаўлены работы, выкананыя ў тэхніцы лічбавай графікі, лічбавага калажа, аўтарскі роспіс па кераміцы, інсталяцыя ды іншыя. Лепшыя традыцыі акадэмічнага жывапісу гучаць у работах сталых майстроў: “Партрэт сына Піліпа” С.Лагуновіча-Чарэпкі, “Вечар” П.Свентахоўскага, “Каўказ” С.Шафрановіча, сонечная “Андалузія” В.Барабанцава, шматфігурная кампазіцыя “Мірнае лета” М.Меранкова.

Вылучаюцца самабытнасцю супрэматычнае “Кафэ на вуліцы” з серыі “Шакаладная правінцыя” У.Бірыцкага, пастановачныя кампазіцыі А.Меранкова, метафарычныя “Паралелі бясконцасці” Г.Отчыка. У дэкаратыўным “залатым” творы “Восеньскі свет” І.Кліменкі, нацюрмортах Г.Конанавай можна назіраць пераўтвораную традыцыю і сучасныя тэндэнцыі.

/i/content/pi/cult/409/8370/1-4.jpeg

Мастакі-графікі дэманструюць непаўторныя аўтарскія падыходы. Так, адметны “віртуозны аскетызм” К.Шаранговіча ў серыі ілюстрацый “Беларускія народныя казкі”. І.Гардзіёнак прадстаўляе трыпціх “Шлях на Грунвальд”, дзе спалучэнне тэхнікі ляўкаса з металам уражвае высокай тэхнічнасцю выканання. Нацыянальны каларыт у творах Ю.Алісевіча атрымлівае ўнікальную выяву ў тэхніцы падглазурнага роспісу. У.Сытчанка засяроджвае ўвагу на асобах кафедры, ствараючы сродкамі лічбавага калажа групавыя партрэты. Творы “Ілжэсведка”, “Прыйдзе час” падкрэсліваюць умоўна-знакавую мэтанакіраванасць творчасці У. Лавецкага. Захапляе высокамастацкай вобразнасцю работа з серыі “Найвышэйшая песня Саламонава” У.Лукашыка. Вылучаецца неардынарная рытміка кампазіцыі “Арсенал” Д.Мароз. Гранітныя торсы, створаныя У.Піпіным, вызначаны аўтэнтычнасцю, “першароднасцю”. Па-наватарску кажа сваё слова ў шкляной светлавой кампазіцыі “Акцябраты” скульптар, майстар алегарычнай інсталяцыі П.Вайніцкі.

“Прагляд…” у Акадэміі мастацтваў — своеасаблівае “свята росту”. Таму прагляд работ выкладчыкаў ужо сам па сабе — арт-падзея. Адметнасць такога ключавога моманту задаецца своеасаблівасцю выкладчыцкага складу кафедры — спецыялістаў з розных сфер выяўленчага мастацтва. Гэта дае магчымасць казаць пра сям’ю мастацтваў, сям’ю майстроў, сям’ю сяброў. Можна канстатаваць, што творчасць выкладчыкаў кафедры задае высокую планку пераемнасці…

Ганна КОНАНАВА