Як дайсці да гармоніі і далічыць да 19-ці

№ 47 (813) 24.11.2007 - 30.11.2007 г

Баюць, яшчэ ў 1935 годзе ў Маскве прымалася пастанова: кожная саюзная рэспубліка, каб лічыць сябе культурнай, павінна мець такія выканальніцкія калектывы, як сімфанічны аркестр, аркестр народных інструментаў, харавую капэлу і джазавы (ці папросту духавы) аркестр. А стварэннем у сумна вядомым 1937-ым Беларускай дзяржаўнай філармоніі мелася на ўвазе не толькі арганізоўваць канцэртную дзейнасць, але і, адпаведна, трымаць яе пад кантролем — у адпаведнасці з “рэкамендаванымі” да выканання творамі і так званымі “чорнымі” рэпертуарнымі спісамі (куды, між іншым, у той час трапіў нават раманс П.Чайкоўскага “Снова, как прежде, один”, бо савецкі чалавек, вядома, павінен быў знаходзіцца ў калектыве — і без усялякіх там “як раней”).

 /i/content/pi/cult/138/837/Kalektyuna1.jpg

Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы на чале з Людмілай Яфімавай.

Неабходны мінімум з чатырох філарманічных калектываў быў дасягнуты ў Мінску ў 1940 годзе, акурат да Першай дэкады беларускага мастацтва ў Маскве, дзе і адбылася творчая справаздача. Прычым хор пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы (цяперашняя харавая капэла, што носіць яго імя) і джаз-бэнд Юрыя Бяльзацкага (Дзярж-джаз БССР, ці, як яго называлі, аркестр Эдзі Рознера, што праіснаваў да 1947-га) спецыяльнай камісіяй былі ўдала далучаны да нашай філармоніі з Заходняй Беларусі.
Калі б за ўвесь час свайго існавання філармонія толькі і рабіла б, як “кантраляваць” і “не пушчаць”, дык наўрад ці святкавала б цяперашні юбілей. Наадварот, яна ўсё пашырала ды пашырала — менавіта творчую лінію, дбала пра ўсе жанры, становячыся ў іх галоўным “мастацкім саветам”. У філармоніі папраўдзе “ёсць усё”: і буйныя акадэмічныя аркестрава-харавыя калектывы, і мабільныя ансамблевыя (сярод самых маладых — ансамбль салістаў пад кіраўніцтвам Ігара Іванова), і фальклорныя, і авангардысцкія, і эстрадныя. У сталічнай філармоніі — 19 калектываў . Па ўсёй жа рэспубліцы, калі ўлічваць творчыя калектывы абласных філармоній, ажно 53! А яшчэ яна заўсёды выконвала функцыю гэткай “музычнай свахі”, злучаючы лёсы артыстаў і публікі, — спачатку на адзін канцэрт, потым — на другі, а там, глядзіш, і ў “назаўсёднікі”.
Таму ў часы развалу СССР яна сама і не развалілася, як некаторыя ёй прадказвалі, бо мела запас менавіта творчай трываласці. Пазней, мабыць, гэта назавуць творчым подзвігам: калі было, здавалася б, не да сімфоній, бо падлічвалася кожная капейка, яна не страціла ні калектывы, ні буйныя фестывалі. Хіба змяніла тактыку: замест гастрольнай (калі нашы артысты выступалі па ўсім былым Саюзе дый на нашы фестывалі ехалі адусюль —
 /i/content/pi/cult/138/837/Kalektyuna2.jpg
Ансамбль “Класік-Авангард” на чале
з Уладзімірам Байдавым.
найперш, з Масквы) перайшла да “свойскай”, прывучаючы свайго гледача “купляць сваё, беларускае”. Ды яшчэ і пашырыла шэраг тых “сваіх”! Бо акурат на мяжы стагоддзяў, на гэткім “пераломе” (ва ўсіх сэнсах гэтага слова) у ёй з’явіліся камерны хор, ансамбль “Камерата”, Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч”, ансамбль салістаў “Класік-Авангард”, Мінскі струнны квартэт… А перажыўшы рамонт будынка, філармонія гасцінна сустрэла сваіх гаспадароў і гасцей яшчэ больш маладой і прыгожай.
Да юбілею кожны калектыў падрыхтаваў творчыя падарункі, зрабіўшы сезон яшчэ больш адметным, багатым на сюрпрызы. А паказаць сапраўды ёсць што! Бо ў філармоніі прэм’ера — ледзь не штовечар, праграмы практычна ніколі не паўтараюцца. І кожны калектыў — бы вялізная ці больш сціплая (па памерах, а не па бляску!) перліна.
Дый у многіх і свае ўласныя юбілеі, нават яшчэ больш “магутныя” па колькасці гадоў.
Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам знакамітага Аляксандра Анісімава святкуе ажно 80-годдзе. А ўтварыўся ён у далёкія 1920-я з навучальнага, можна сказаць, калектыву, бо аснову яго склаў аркестр Мінскага музычнага тэхнікума (цяпер — музычнага вучылішча), першы выпуск гэтай навучальнай установы. Сёння калектыў
 /i/content/pi/cult/138/837/Kalektyuna3.jpg
Ансамбль народнай музыкі “Свята”.
вядзе вялікую папулярызатарскую працу. Распачаўшы летась цыкл “Уваскрэсенне класікі”, стаў запрашаць на нядзельныя дзённыя канцэрты самыя сацыяльна неабароненыя пласты насельніцтва, пачынаючы з пенсіянераў, якім так не хапае “класіка-тэрапіі”. Другі цыкл — “Шэдэўры сімфанічнай музыкі” — разлічаны на запрашэнне штораз новых дырыжораў, сярод якіх ёсць і знаныя замежныя, і свае беларускія (у тым ліку — студэнцкая моладзь кшталту Юрыя Галяса). А ў цыкле “Музыка — маладым” і ўвогуле акцэнт зроблены на маладых дырыжорах (Яўген Хахлоў, Алег Лясун, Яўген Сцепанцоў), маладых салістах (Арцём Шышкоў, Аляксандр Музыкантаў, Віталь Стахіевіч) і... маладых беларускіх кампазітарах. Калі і быў у аркестра некаторы “перабудоўчы” перыяд з недастаткова значнай доляй айчыннай музыкі, дык ён даўно ўжо скончыўся.
А колькі новых твораў (у тым ліку ХХ стагоддзя і беларускіх) рыхтуе Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларусі імя Р.Шырмы, якой кіруе народная артыстка краіны Людміла Яфімава!
На памяці не толькі апошнія канцэрты, але і колішнія выступленні калектыву на адной сцэне з Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі на чале з народным артыстам рэспублікі, прафесарам Міхаілам Фінбергам.
Старэйшы за філармонію і Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча. Напрыканцы сезона гэты калектыў чакае яшчэ адзін юбілей — мастацкага кіраўніка, народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца. Прыйшоўшы ў
 /i/content/pi/cult/138/837/Kalektyuna6.jpg
Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча
на чале з Міхаілам Казінцом.
калектыў у сярэдзіне 1970-х, ён заклаў традыцыю: ніводнай праграмы — без беларускай прэм’еры!
Бо той жа пасляваенны перыяд у творчасці калектыву будаваўся, да прыкладу, на пералажэннях класікі, сёння ж у рэпертуары аркестра ўсё больш эстрадных і нават джазавых мелодый.
“Калектыў-шасцідзесятнік” — гэта, безумоўна, Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі, які быў створаны кампазітарам (а тады яшчэ студэнтам) Алегам Янчанкам са сваіх паплечнікаўаднагодкаў. “Шасцідзесятнік” ён не толькі паводле даты нараджэння, але і з-за сваёй пастаяннай цікавасці да ўсялякага “андэграунда” — выканання то найноўшых эксперыментальных твораў, то старадаўніх духоўных (асабліва ў 1960-я, калі барацьба з “опіумам для народа” яшчэ больш узмацнілася). Сёлетняе 40-годдзе аркестра супала з 30-годдзем творчай дзейнасці цяперашняга кіраўніка Пятра Вандзілоўскага. Свой юбілей ён, між іншым, адзначыў першым у Мінску поўным выкананнем араторыі Гендэля “Месія” працягласцю каля 4-х гадзін. І нанова адкрыў для нас талент сучасніка І.С. Баха.А колькі найноўшай (і забытай старой) музыкі перайграў ансамбль салістаў “Класік-Авангард” на чале з Уладзімірам Байдавым! Што ні канцэрт, асабліва ў супрацоўніцтве з “Беларускай капэлай”, — то навуковае адкрыццё паводле сваёй канцэпцыі! 22 лістапада, да прыкладу, калектыў прадоўжыў ХVІ фестываль “Адраджэнне беларускай капэлы” канцэртам “Напалеон у Парыжы”, паказаўшы французскае атачэнне нашага Напалеона Орды і некаторыя, раней не вядомыя, яго творы.
Сярод апошніх творчых заваёў Дзяржаўнага камернага хору Беларусі пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай — не толькі нядаўняе выкананне дзвюх кантат Тэлемана, але і ўдзел у Харавым пленуме Беларускага саюза кампазітараў. У выкананні хору прагучала праграма, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння паэтаў-Песняроў.
Не менш цікавага падрыхтавалі і астатнія! Прыходзьце на канцэрты — самі ўсё пачуеце.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Ігара КУЗНЯЦОВА