28 снежня 2012 года пайшла з жыцця знаная піяністка, вядомы музычны і грамадскі дзеяч, прэзідэнт Французскай Асацыяцыі імя Станіслава Манюшкі Клара МАНЮШКА.

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

З’яўляючыся прапраўнучкай вядомага польскага кампазітара, заснавальніка польскай оперы, ураджэнца в. Убель Мінскага раёна Станіслава Манюшкі, Клара Манюшка абрала мэтай свайго прафесійнага жыцця папулярызацыю славянскай музыкі ва ўсім свеце. Яе намаганнямі створана Французская Асацыяцыя імя Станіслава Манюшкі, заснаваны Міжнародны конкурс славянскай музыкі імя Станіслава Манюшкі, які штогод праводзіцца ў розных гарадах Еўропы і дае магчымасць выявіць свой талент музыкантам розных узростаў. У снежні 2011 года конкурс праходзіў у Мінску. Беларускія музыканты, удзельнікі конкурсу, шырокае кола аматараў музычнага мастацтва мелі магчымасць азнаёміцца з плёнам дзейнасці гэтага светлага, натхнёнага, узнёслага і мэтанакіраванага чалавека, выдатнага арганізатара, высокага прафесіянала. Міністэрства культуры смуткуе з прычыны смерці Клары Манюшка і выказвае спачуванне яе родным і блізкім. Найлепшай памяццю пра выдатнага музыканта і чалавека стане працяг распачатай ёю высакароднай справы па прапагандзе беларуска-польскай музычнай спадчыны.