Партнёрства і віртуалізацыя

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Чарговым прыкладам плённага міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры стаў праект па стварэнні ў Гродне віртуальнага музея нашага славутага класіка — Максіма Багдановіча. Цягам бліжэйшых двух гадоў праект мае ажыццявіцца на базе гродзенскага Дома-музея пісьменніка пры рэалізацыі Праекта трансгранічнага супрацоўніцтва Літвы — Латвіі — Беларусі "Віртуальнае мінулае — залог поспеху будучыні музеяў".

Як адзначылі ў музеі, для ажыццяўлення праекта, які стартаваў колькі дзён таму, беларускаму боку быў выдзелены грант у памеры 90 тысяч еўра. Партнёрамі гродзенскага музея сталі Латгальскі культурна-гістарычны музей і Кедайняйскі краязнаўчы музей.

Інтэрактыўны музей у Гродне прадаставіць магчымасць пазнаёміцца з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча праз Інтэрнэт. Асноўным спосабам падачы інфармацыі ў віртуальнай прасторы стане апісанне музейных прадметаў. Як вядома, у экспазіцыі музея прадстаўлена партрэтная галерэя вядомых людзей, матэрыялы, прысвечаныя літаратурна-грамадскаму руху канца ХІХ — пачатку ХХ стст., гродзенскаму перыяду жыцця сям’і Багдановічаў. Сярод каштоўных экспанатаў, якія можна будзе ўбачыць у віртуальнай прасторы, варта адзначыць асабістыя рэчы паэта, дакументы, лісты ды іншыя рэчы сям’і, прадметы побыту канца ХIХ — пачатку ХХ стст.

Таксама можна будзе здзейсніць віртуальную прагулку і па музеях-партнёрах. У перспектыве колькасць музеяў, да калекцый якіх будзе магчымы віртуальны доступ з сайта гродзенскага музея, плануецца павялічваць.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"