Аляксандр ЛУКАШЭНКА: "Корань маёй палітыкі — гэта сумленнасць, шчырасць у забеспячэнні спакойнага жыцця людзей"

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

За час прэс-канферэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі прадстаўнікамі айчынных і замежных сродкаў масавай інфармацыі былі атрыманы адказы больш як на 60 пытанняў, датычных як перспектыў развіцця нашай дзяржавы ў 2013 годзе, так і больш далёкіх праектаў.

"Сустракаючыся з вамі сам-насам, я стараюся шчыра адказваць на пытанні. Корань маёй палітыкі — гэта сумленнасць, шчырасць у забеспячэнні спакойнага жыцця людзей", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных.

Паводле слоў беларускага Лідара, падтрымліваць мір і спакой у краіне — не значыць не бачыць дрэннае. Трэба крытыкаваць, і канструктыўная, карэктная крытыка ёсць у прэсе.

Сярод пытанняў, датычных палітыкі і эканомікі, міжнародных адносін ды жыцця рэгіёнаў, былі агучаны некаторыя тэмы, прысвечаныя развіццю культуры.

Адно з пытанняў ад прэсы датычылася бачання Кіраўніком дзяржавы стратэгіі развіцця Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Прэзідэнт Беларусі лічыць неабходным прыўнесці навізну ў форум.

Адказваючы на пытанне наконт свайго бачання будучага фестывалю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і жыхары Віцебска нямала зрабілі для песеннага форуму. "Эпіцэнтр фестывалю — гэта вялікі Амфітэатр. Хацелася б, і гэта маё цвёрдае перакананне, каб мы ўбачылі там нешта новае".

"Мы бачым, — сказаў, у прыватнасці, Прэзідэнт, — як дубліруюцца артысты з заезджанымі пад фанаграму музычнымі кампазіцыямі. Я, напрыклад, гэта ўспрымаю ўжо крытычна. А дзе навізна?" Пры гэтым ён адзначыў, што "Славянскі базар…" — гэта сумесны праект Беларусі, Расіі і Украіны.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў гэтых краінах дастаткова новых імён выканаўцаў, якія павінны выступаць на фестывалі. "У гэтым годзе нам трэба паспрабаваць узварушыць "Славянскі базар…" для таго, каб людзі, якія любяць яго, а ў нас іх шмат і ва Украіне, і ў Расіі, маглі сказаць, што ёсць нейкі рух. Трэба не даць застыць "Славянскаму базару…". Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Што да медыя-прасторы, то Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што стварэнне грамадска-палітычнага холдынга на базе газеты "Советская Белоруссия" ў першую чаргу скіравана на павышэнне эфектыўнасці дзяржаўных СМІ, а не на эканомію бюджэтных сродкаў. Нагадаем, згодна з распараджэннем "Аб некаторых пытаннях рэарганізацыі асобных рэдакцый сродкаў масавай інфармацыі" ад 10 студзеня 2013 года, падпісаным Прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам і кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэем Кабяковым, з "Советской Белоруссией" будуць аб’яднаны чатыры рэспубліканскія газеты. Плануецца правесці рэарганізацыю рэдакцый газет "Рэспубліка", "Белорусская нива", "Знамя юности", "Народная газета".

Адказваючы на пытанне аб магчымасці раздзяржаўлення сродкаў масавай інфармацыі, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што дзяржаўная прэса ёсць у любой краіне. З ідэалагічнай сферы дзяржава не выйдзе, хоць Прэзідэнт не супраць таго, каб газеты самастойна, без бюджэтнай падтрымкі, зараблялі сродкі.

Прагучала таксама інфармацыя адносна горада, які прыме "Дажынкі-2013". "Я прывык слухаць людзей на месцах. Ведаю, што гамяльчане былі б не супраць прыняць гэтае свята. Але падняліся іншыя гарады. У прыватнасці, сёння паступіла прапанова правесці "Дажынкі" ў Жлобіне. Я не супраць, аднак канчатковай прапановы мне на подпіс не паступала. Я разгледжу гэтае пытанне", — адзначыў Прэзідэнт.

"Усе думаюць: калі "Дажынкі", то абавязкова штосьці дадуць. Вядома, дадуць, вядома, заахвоцім, вядома, пасля "Дажынак" там будзе проста іншы горад. Пры гэтым усе павінны разумець, што шалёных грошай не будзе. Мы будзем рабіць толькі тое, што трэба для людзей", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на пытанне пра імідж краіны ў кантэксце правядзення Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014-м Прэзідэнт сказаў наступнае: "Мы гатовы прыняць Чэмпіянат свету 2014 года. Учора Прэм’ер-міністр (ён узначальвае аргкамітэт) дакладваў мне: там, здаецца, вылучылі адзінаццаць напрамкаў пры падрыхтоўцы да чэмпіянату. Больш-менш паспяхова пытанні вырашаюцца. Але да гэтага пытання я вярнуся дзесьці ў верасні гэтага года. Там будзе ўжо больш сур’ёзны аналіз і кантроль на ўзроўні Прэзідэнта". Акрамя таго, беларускі Лідар дадаў: "Скажу вам адкрыта, што я вельмі ў гэтыя праблемы не паглыбляўся — я кантраляваў асноўнае. Нам трэба, акрамя "Мінск-Арэны", мець яшчэ адну пляцоўку для правядзення гульняў — гэта "Чыжоўка". Мы яе своечасова пабудуем, я ў гэтым перакананы абсалютна".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для Чэмпіянату ў Мінску неабходна павялічыць колькасць гасцініц: "Адразу столькі гасцініц не пабудуем, але пабудуем шмат. Прыстасуем і санаторыі, таму што запыты — вялікія". Ён звярнуў увагу на тое, што будуць кантралявацца цэны: "Мы не хочам, каб нас крытыкавалі, як палякаў і ўкраінцаў пасля Чэмпіянату свету па футболе, што там завоблачныя былі цэны. Усё павінна быць прыстойна, таму што людзі прыедуць, і ад іміджа нічога не застанецца. Яны павязуць настрой: "Хапугі беларусы, і садралі з нас тут тры шкуры".

Прэзідэнт таксама адзначыў: "Чэмпіянат свету — гэта нядрэнна. Гэта ўзварушвае грамадства, прынамсі, сталіцу. Гэта ўзнімае людзей. Тонус павышаецца спартыўны, і гэтак далей. Няхай мы яго не выйграем (а хутчэй за ўсё, не выйграем і нават прызавое месца, можа, не зоймем), але ўсё ж такі карысць будзе вельмі вялікая. Лічу, што гэта, як мінімум, не на страту будзе".