Дзень выратавальніка — свята прафесіяналаў, якія прысвяцілі сябе высакароднай місіі: абараняць і ратаваць людзей. Створанае 19 студзеня 1999 года Міністэрства па надзвычайных сітуацыях упэўнена вырашае пастаўленыя задачы.
Работнікі МНС, працягваючы шматвекавую справу пажарнікаў ды іншых супрацоўнікаў аварыйна-выратавальных служб, абапіраюцца на досвед калег-папярэднікаў, шануюць традыцыі мужнасці ў проціборстве чалавека і разбуральнай стыхіі.
Беларускія выратавальнікі-пажарныя заўсёды былі з краінай, з народам: жылі і развіваліся, сталелі ў навучанні, рушылі ў бой, перамагалі.
Галоўныя ўзнагароды для выратавальніка — пераадоленне сябе і перамога над небяспекай, а найважнейшая — жыццё выратаванага чалавека. За дзесяцігоддзе работнікамі МНС Беларусі праведзена больш за 250 тысяч аперацый, выратавана звыш 50 тысяч чалавек. Прыярытэт для Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — далейшае павышэнне эфектыўнасці абароны грамадзян і эканомікі краіны ад бедстваў.
Сёння звыш 48 працэнтаў надзвычайных сітуацый ліквідуюцца цягам пятнаццаці хвілін з моманту прыбыцця першага падраздзялення. У выніку знізіліся агульныя эканамічныя страты.
Сёння экстраны нумар “101” вядомы кожнаму, у любой складанай сітуацыі грамадзяне звяртаюцца да тых, хто заўсёды на пасту. І сапраўды, дапамога прыходзіць неадкладна: некалькі хвілін чакання — і ўжо чуваць сірэны пажарных аварыйна-выратавальных аўтамабіляў…
Варатавальнікі робяць усё, каб на роднай зямлі не было тэхнагенных бедстваў і згубных наступстваў стыхій, а чалавеку, які трапіў у надзвычайную сітуацыю, яны заўсёды паспявалі працягнуць руку дапамогі.
Беларускія выратавальнікі кругласутачна нясуць сваю службу, неабходную грамадству. Але няхай іхняя дапамога не спатрэбіцца, і 2013 год стане для нас этапам спакойнага жыцця — без надзвычайных здарэнняў ды катаклізмаў! Жадаем усім выратавальнікам моцнага здароўя і паспяховай службы!
Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска