Выстаўка “Калі хочацца сонца…” — сумесны праект Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава і гомельскага мастака Івана Саладоўніка. Праект — досыць правакацыйны. Яго арганізатары паспрабавалі спалучыць, здавалася б, неспалучальнае: сучасны жывапіс і традыцыйную культуру.
Прапанова музея зладзіць выстаўку была нечаканай, прызнаецца мастак. Яшчэ больш нечаканай, відаць, з’явілася для яго ідэя злучыць у адзіны комплекс карціны ў тэхніцы пуантылізму і традыцыйныя народныя тканіны. Гэткі эксперымент сам Саладоўнік назваў “гармоніяй кантрасту”. А супрацоўнік музея і аўтар ідэі Андрэй Скідан назваў праект выстаўкай-недарэчнасцю, бо першапачаткова баяўся надуманасці ў такім спалучэнні:
— Ну як можа стасавацца народная тканіна і карціна? Гэта разнажанравыя рэчы, якія належаць розным культурным плыням. Гэта розныя феномены быцця. Годныя, але розныя…
Але пазней, падбіраючы тканіны з фондаў музея — па асацыяцых, настроі, каларыстычнай гаме, падабенстве вобразаў, — супрацоўнікі зразумелі, што ідэя вартая. Як і французскія імпрэсіяністы канца XIX стагоддзя па амаль матэматычных прынцыпах падбіралі колеры для сваіх пуантылістычных карцін, так і непісьменныя ткачыхі выраблялі свае тканіны з надзвычайнай матэматычнай выверанасцю.
— З крокаў ніткі, як з цаглінак, складаецца арнамент ручніка, посцілкі, любой тканіны. І мазок мастака — як нота: мы чуем хор фарбаў, які выводзіць перад намі нейкую чароўную мелодыю-думу, — кажа Андрэй Скідан, называючы выстаўку своеасаблівым гімнам сонцу, бо колеры, у якіх працуе Іван Саладоўнік — неверагодна сонечныя ды пазітыўныя.
Нягледзячы на тэматычную шырыню жывапісу Івана Саладоўніка, для выстаўкі быў адабраны, у асноўным, раслінны матыў яго творчасці. І карціны загаварылі з тканінамі сваімі фарбамі і колерамі ў цікавым гарманічным дыялогу…
Валянціна МІРОНАВА, навуковы супрацоўнік Гомельскага філіяла Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярова