Білет да... ваўкалака, дэкор — "дым" і смала

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Нефармат альбо нестандартны падыход да напаўнення раённага музея?

Не адзін дзясятак маркетолагаў ва ўсім свеце ламае галаву над праблемай, як, а дакладней — праз якія дзівосы прывабіць “разбэшчанага” рознымі цікавосткамі турыста на аб’екты культуры. І зусім не выпадкова сёння самымі папулярнымі музеямі побач з сусветнымі лідарамі кшталту Луўра становяцца і адносна маленькія па памерах, але незвычайныя па сваіх калекцыях. Да прыкладу, у нашых заходніх суседзяў — палякаў — надзвычай запатрабаваны музей, прысвечаны аднаму з сімвалаў і нашай краіны — буслам. У музеі працуе адмысловая выстаўка, дзе можна ўбачыць, што сучасныя буслы выкарыстоўваюць для будаўніцтва сваіх жытлаў не толькі такія традыцыйныя матэрыялы, як галінкі дрэў, але і нават бытавое смецце. Папулярнасцю карыстаецца і Музей малака ў Латвіі. Там можна не толькі пазнаёміцца з тэхнікай вырабу смятаны ды масла, але і самому падаіць карову, а пасля ад атрыманага малака аддзяліць вяршкі.

Якія ж незвычайныя музеі дзейнічаюць у нашай краіне? І ці выкарыстоўваецца ў іх замежны вопыт?

Як аказалася, той жа Музей малака існуе і ў нас цягам некалькіх гадоў на базе Слуцкага прафесійна-тэхнічнага каледжа перапрацоўчай прамысловасці. Праўда, як аказалася пасля тэлефанавання ў каледж, экспазіцыя музея займае толькі адзін невялікі пакой і з’яўляецца, хутчэй, наглядным дапаможнікам для навучэнцаў, чым прывабным аб’ектам для турыстаў, якія наведваюць слаўны сваімі традыцыямі горад. І ўсё ж шкада, што такі аб’ект не аказаўся пад юрысдыкцыяй мясцовага аддзела культуры.

Заслаўскі ваўкалак

Урэшце, а што прапаноўваюць для айчынных ды замежных вандроўнікаў самі ўстановы культуры? Сярод мноства традыцыйных музеяў, якія плённа працуюць у справе асветы шырокай грамадскасці, усё ж хочацца вылучыць некалькі найбольш адметных, найперш, сваімі прыцягальнымі назвамі. Да прыкладу, Музей міфалогіі і лесу, што з’яўляецца падраздзяленнем Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”.

Установа, якая адкрыла свае дзверы для наведвальнікаў у 2005 годзе, арыентавана, у першую чаргу, на дзіцячую аўдыторыю і мае на мэце прадэманстраваць, што з першабытных часоў лес стаў домам для чалавека і дазволіў яму выжыць у даволі суровых абставінах.

Экспазіцыя музея паказвае, наколькі непралазнымі былі старадаўнія гушчары, якой багатай і разнастайнай была іх флора і фаўна, наколькі крыважэрна паводзілі сябе драпежнікі. Першая яе частка — зона рэальнага лесу, дзе прадстаўлены чучалы зайца-русака, рабчыка, янотападобнага сабакі, куніцы, вавёркі, сойкі, дразда-рабінніка і дразда пеўчага, сініцы, ластаўкі. Другая — асяроддзе міфалагічнага, вобразнымі дамінантамі якога, як адзначаюць у музеі, з’яўляюцца скульптуры ваўкалака, ляснога дзядка, лесавіка, вадзяніка і дамавіка. Важна, што ўсе персанажы размешчаны ў характэрным для іх асяродку. Да таго ж, у музеі выкарыстаны тэатральны прыём каляровай падсветкі і гукавога суправаджэння экскурсій. Паводле задумы, Музей міфалогіі і лесу прызначаны стварыць атмасферу абагаўлення прыроды і данесці да гледача ўнікальнасць нашай старажытнай спадчыны.

Бераставіцкая вавёрка

Яшчэ аднаму прадстаўніку айчыннай фаўны — вавёрцы — прысвечаны не так даўно створаны музей у Вялікай Бераставіцы. У 1754 годзе горад атрымаў Магдэбургскае права, а разам з ім — і зацверджаны герб з выявай вавёркі ў цэнтры.

Усяго некалькі месяцаў таму, 3 верасня 2012 года, была афіцыйна зарэгістравана як юрыдычная асоба Дзяржаўная ўстанова культуры “Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы”, і, што немалаважна, адразу займела сваю старонку ў папулярнай сацыяльнай сетцы.

Як адзначыў начальнік мясцовага аддзела культуры Віталь Ляховіч, музею перададзены старадаўні будынак былой пажарнай станцыі, які летась быў адрэканструяваны. Па словах суразмоўцы, ужо набраны штат музея, завяршаецца распрацоўка мастацкага рашэння будучай экспазіцыі, і ўжо напрыканцы бягучага года плануецца сустрэць першых гасцей гэтай адметнай установы.

Не павінна ўзнікнуць праблем і з унікальнымі экспанатамі. За некалькі гадоў мясцовыя краязнаўцы сабралі больш за 1 500 каштоўных артэфактаў. Да слова, экспазіцыі з прадметамі, прысвечанымі вавёрцы, — толькі частка музея ў Вялікай Бераставіцы.

Дарэчы, падобны музей існуе ў Расійскай Федэрацыі. Сярод экспанатаў — цацкі, ювелірныя вырабы, паштовыя маркі і грашовыя знакі з выявай вавёркі, у тым ліку беларускія папяровыя 50 капеек, што былі ў абароце на пачатку 90-х, там таксама прадстаўлены. Каб адрознівацца ад расійскіх калег, музейшчыкі з Вялікай Бераставіцы плануюць не толькі ўразіць колькасцю ды вартасцю прадстаўленых экспанатаў, але і плануюць у сваім музеі пабудаваць вальеры ды завесці сапраўдных вавёрак.

Смалявіцкая смала

А вось пра тое, што і як выраблялі са смалы нашы продкі, можна будзе неўзабаве даведацца ў Смалявіцкім раённым музеі смалы і рамёстваў.

Упершыню Смалявічы прыгадваюцца ў пісьмовых крыніцах каля 1448 года. Відавочна, назва горада пайшла ад смалы: асноўным промыслам мясцовых жыхароў было яе здабыванне з драўніны. Да таго ж, насельніцтва гэтага мястэчка спрадвеку займалася такімі промысламі, як бандарства, выраб дзёгцю, смалы, шкіпінару. Нават на сучасным гербе населенага пункта адлюстравана бочка са смалой. Вядома, у музеі наўрад ці будуць варыць само рэчыва, але затое там плануецца прадставіць шматлікія лесахімічныя і дрэваапрацоўчыя промыслы. У адпаведнасці з канцэпцыяй, тэма смалы пройдзе праз усе яго залы. Пад музей перададзены будынак, дзе да вайны размяшчалася паліклініка, а для яго экспазіцыі ўжо сабрана амаль чатыры тысячы экспанатаў. Асаблівую каштоўнасць уяўляе рог старажытнай жывёліны — тура, знойдзены адным з мясцовых жыхароў. Акрамя таго, некалькі тысяч гадоў налічвае яшчэ адзін экспанат — старажытны гарпун. З больш позніх артэфактаў вылучаюцца пасведчанні аб нараджэнні жыхароў Смалявічаў XIX стагоддзя, старадаўнія манеты.

Полацкі “Сусвет…”

Экспазіцыя Дзіцячага музея, які ўваходзіць у склад Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, размяшчаецца ў памяшканні помніка архітэктуры канца XIX — пачатку XX стст. Ідэя стварэння такой установы належыла Тамары Джумантаевай, дырэктару Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, а адкрыццё філіяла адбылося 28 мая 2004 года. Сёння ў экспазіцыі прадстаўлены 760 прадметаў, якія складаюць 8 калекцый.

Дзве экспазіцыйныя залы музея даюць наведвальнікам магчымасць пазнаёміцца з самымі рознымі прадметамі, даведацца гісторыю іх вынаходства і ўдасканалення. Так, у першай зале прадстаўлены гадзіннікі, вагі, званы. У другой — гукаўзнаўляльныя апараты, фотаапараты, самавары, філатэлія і філакартыя. Тут таксама размяшчаецца спецыяльная вітрына для зменных дзіцячых калекцый, тэма якіх — “Сусвет маіх захапленняў”. У Камп’ютарнай зале можна пазнаёміцца з усімі часовымі выстаўкамі, што ладзяцца ў Дзіцячым музеі, засвоіць азы работы на камп’ютары, пагуляць у гульні, якія развіваюць лагічнае мысленне, памяць, увагу, уяўленне. Цікава, што ў школах Полацка праходзяць конкурсы за права выставіць у музеі свае калекцыі марак, цацак, значкоў.

Валожынскі метал

З адмысловых музеяў, якія павінны ў бліжэйшай перспектыве з’явіцца ў нашай краіне, можна адзначыць і валожынскі праект. У гэтым горадзе ў хуткім часе распачне працу музей, дзе госці змогуць пазнаёміцца з гісторыяй нараджэння ды развіцця металургічнай вытворчасці ў рэгіёне. Як аказалася, яшчэ ў перыяд жалезнага веку на гэтай тэрыторыі здабывалі руду. А ў 1870 годзе ў вёсцы Вішнева быў заснаваны вялікі металургічны завод, дзе выраблялі дэталі для млыноў, у тым ліку водных, агароджы, зброю ды іншыя побытавыя прадметы. Каб узнавіць адпаведную атмасферу, музей плануецца размясціць у падвальным памяшканні, сцены і столь якога “ўпрыгожаць” “дым” і “сажа”.

Мінскія валуны

Сярод рознага кшталту айчынных музеяў хочацца ў які раз згадаць і Музей камянёў, што больш за дваццаць гадоў абсалютна бясплатна прымае гасцей на ўскрайку беларускай сталіцы і, да слова, не мае аналагаў на ўсёй постсавецкай прасторы.

З валуноў, якіх у музеі больш за дзве тысячы, выкладзена карта Беларусі. На ёй паказаны населеныя пункты, а таксама рэчкі ды азёры. Менавіта тут можна ўбачыць знакамітыя Барысавы камяні, на якіх высечаны шасціканцовыя крыжы і надпісы, “Крыж Стэфана Баторыя”, каля якога, паводле падання, абедаў кароль Рэчы Паспалітай у час аднаго з паходаў. У музей таксама быў прывезены валун з назвай “Дзед”, які да канца XIX стагоддзя знаходзіўся ў цэнтры Мінска на старажытным язычніцкім капішчы…

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"