Моладзь і... муміфікацыя?

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

Пра пакаленне NEXT за пакаленнем NEXT

Апошняя пяцігодка ў беларускім тэатры прайшла пад знакам пошуку маладых драматургаў, рэжысёраў. Толькі лянівы не заклікаў да таго, што трэба даць дарогу новым творчым “парасткам”, бо адно яны здольныя ажывіць ды амаладзіць айчыннае тэатральнае мастацтва, забяспечыць яму шанц на новы творчы росквіт. І варта прызнаць, што клопат гэты не сышоў у пясок: сёння мы можам гаварыць пра такія імёны ў айчыннай рэжысуры, як Кацярына Аверкава, Яўген Карняг, Аляксандр Янушкевіч, Ігар Казакоў, а ў драматургіі — Павел Пражко, Дзмітрый Багаслаўскі...

Назіраючы за прафесійным і творчым станаўленнем гэтых маладых тэатральных творцаў, важна зазначыць адну прынцыпова важную рысу, якая не можа схавацца ад пільнага погляду: пакуль іх калегі старэйшага пакалення штурхаюць адно аднаго ў плечы, здабываючы сабе месца на айчынным тэатральным Алімпе, тэатральная моладзь свядома пашырае геаграфію сваёй творчай самарэалізацыі. Пачалася гэтая тэндэнцыя з драматургаў, чыя актыўнасць у асваенні рускамоўнай тэатральнай прасторы падзяліла айчынных тэатралаў на два лагеры. Адзін з іх называў гэтых драматургаў не іначай як “гастарбайтарамі”, у той час як другі заклікаў падтрымліваць ды заахвочваць гэткую творчую экспансію айчынных аўтараў.

Следам за імі і маладыя рэжысёры праявілі сябе як творцы, запатрабаваныя па-за прасторай беларускага тэатра: толькі ў мінулым годзе Яўген Карняг ажыццявіў паспяховую пастаноўку “Можна, я буду Моцартам?” у Таліне на сцэне Рускага тэатра Эстоніі, Кацярына Аверкава — спектакль “Пясочны чалавек” Э.Гофмана ў нямецкім тэатры “Марабу” ў Боне, Аляксандр Янушкевіч — “Эдыпа” паводле Сафокла ў Курганскім тэатры лялек “Гулівер”... Я ўжо не кажу пра актыўны ўдзел іхніх работ у міжнародных фестывалях, дзе іх творчыя памкненні таксама не застаюцца па-за ўвагай прафесіяналаў.

Тэндэнцыя гэтая не можа не радаваць: навідавоку — працэс паступовага ды, у той жа час, зусім не маруднага “прыняцця” беларускіх творцаў у прастору агульнаеўрапейскага тэатральнага працэсу. Прычым не на ўзроўні сяброў-назіральнікаў, а — як раўнапраўных творцаў і нават ідэолагаў.

Што гэта можа даць беларускаму тэатру? — запытаюцца ў мяне скептыкі. Маўляў, як могуць аказаць гэтыя замежныя работы які-кольвечы уплыў на тое, што ставіцца на айчынных падмостках? Адказ будзе просты і, на першы погляд, нават банальны: прафесійнае самаўдасканаленне і дадатковае папаўненне свайго творчага імпэту — ці ж гэтага мала?..

Але ж звышзадача майго расповеду пра апошнія работы згаданых вышэй маладых творцаў зусім не зводзіцца да таго, каб заклікаць калег парадавацца за іх поспехі, — хутчэй, задумацца пра тое, што... наспеў час ізноў паклапаціцца аб тэатральнай моладзі. Аб тых, хто прыйдзе на змену пакаленню трыццаці-саракагадовых, тых, хто ўжо абраў свой шлях у тэатры. І гэты заклік — не “заўчасны”, як можа падацца на першы погляд. Не сакрэт, што калі працэс пошукаў, спрыяння ды стымулявання больш актыўнага ўкаранення маладых творцаў у бягучы тэатральны працэс пусціць на самацёк, наўрад ці варта спадзявацца, што надалей “усё само складзецца”. А таму, радуючыся за поспехі нашых маладых рэжысёраў і драматургаў, хочацца спытаць: а дзе ж яны, “новыя” маладыя? Ці не зарана мы супакойваемся, лічачы справу “выкананай”?..