М.Кірэеў. “Зялёны бант”. |
Прыцягальнасць работ М.Кірэева — у іх балансаванні паміж дакладнасцю формы, сюжэта і абстрагаванасцю раскрыцця гэтай формы, што, здаецца, можа быць больш канкрэтным, чым партрэт. Аўтар не можа тут абысціся без некалькіх сеансаў пазіравання сваіх герояў, асабліва жанчын.
Ён схоплівае сутнасць чалавека, але не перадае гэта класічным спосабам, а ідзе ад эмацыянальнага ўражання. Жанчына, разважае мастак, гэта імгненне прыгажосці, і гэтае імгненне трэба ўхапіць і пакінуць на палатне.
У сваіх фармальных, абстрагаваных кампазіцыях Кірэеў таксама ідзе ад натуры. “Абстракцыя не адрываецца ад рэальнасці, абстрагаваная форма — тое “адзенне”, у якое “апранаецца” рэальнасць, — гаворыць Мікалай Уладзіміравіч. — І самая вялікая праблема для мяне тут — знайсці вострую і сучасную форму. Перажытыя гады дадалі мне багажу вопыту і сталых звычак. Але самае кансерватыўнае ў чалавеку — мысленне, якое і трымае за крылы. Хацелася б, каб хапіла сіл не спыніцца ў межах ужо знойдзенага ў творчасці, перасіліць міжвольнае жаданне супакоіцца”.
Здаецца, М.Кірэеву гэта не пагражае, пакуль не знікне яго несупыннае жаданне шукаць самога сябе, зачароўвацца жыццём. Рэдка пачуеш ад мастака, што яго задавальняе скончаная работа. Часцей яго цягне адразу перарабіць палатно. Але схопленыя першым моцным уражаннем настрой і колер не заўжды можна давесці да ладу рацыянальным тэхнічным падыходам. Нездарма Мікалай так баіцца такога рацыяналізму і імкнецца да інтуітыўнага жывапісу. А для гэтага яму трэба ўвесь час быць у стане творчага натхнення. Каб злавіць тое творчае, цэльнае, трэба прыкладаць вялікія намаганні. Бо самае галоўнае для мастака — пакінуць на зямлі свае сляды — свае карціны.
Наталля ЖОГЛА