У музей — на вянчанне

№ 3 (1077) 19.01.2013 - 25.01.2013 г

У экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту знаходзяцца тры царквы і адна капліца. Усе — XVIII стагоддзя. Зараз супрацоўнікі ўстановы працуюць над тым, каб вярнуць гэтым аб’ектам, што маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і афіцыйна лічацца экспанатамі, іх першасную функцыю.

Экспанаты з шэрагу культавых пабудоў маюць зноў стаць храмамі. Для гэтага аднаўляюцца іх інтэр’еры і сакральнае начынне. Для дадзенага музея гэта справа новая, бо раней тут аднаўлялася ўнутраная прастора толькі гаспадарчых пабудоў і жытла. Пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ ды стварэння экспазіцыі інтэр’ераў цэрквы будуць асвечаны, і святары пачнуць праводзіць тут набажэнствы. Праўда, пытанне гэта не простае: для яго вырашэння трэба выканаць шэраг юрыдычных працэдур. Зараз яно — на стадыі рэалізацыі.

Рэстаўрацыя цэркваў яшчэ ідзе, а ахвотных вянчацца ў музеі ўжо процьма. Дырэктар музея Святлана Лакотка кажа, што гэткі інтэрактыў вымагае перагляду звыклых поглядаў на музейную справу, але, безумоўна, надасць скансену большую прыцягальнасць.

Асвячэнне храмаў пройдзе у адпаведнасці з канонам, і тыя, хто будуць тут вянчацца ці хрысціць дзяцей, могуць быць упэўнены, што ўсё адбываецца ў сапраўднай святыні.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"